Што рабіць, калі вы падавіліся

Источник материала:  
10.08.2010 10:32 — Новости Здоровья
Выпадкі бываюць розныя... Узяць хоць бы сітуацыю, калі чалавек падавіўся і не можа ні ўдыхнуць, ні выдыхнуць. Што рабіць? Галоўнае пры гэтым не разгубіцца, не ўпасці ў паніку і не ўпусціць каштоўныя хвіліны, якія, магчыма, могуць каштаваць пацярпеламу здароўя, а часам і жыцця. Бо вядома ж: без доступу ў арганізм паветра ў клетках мозга праз тры хвіліны пачынаюцца неабарачальныя змены, а яшчэ праз хвіліну надыходзіць смерць.

Раптоўнае ўдушша, або асфіксія (ад грэч. asphyxіa, літаральна — адсутнасць пульсу) узнікае, калі дыхальныя шляхі перакрытыя дробнымі прадметамі, якія выпадкова трапілі туды. Пры гэтым развіваецца кіслароднае галаданне, а ў крыві і тканках назапашваецца лішак вуглекіслаты. У выніку, калі не прыняць экстранных мераў, чалавек страчвае прытомнасць пры пульсе, які імкліва слабее.

Звычайна, калі чалавек падавіўся, навакольныя — з-за элементарнай недасведчанасці, але ў шчырым імкненні дапамагчы — пляскаюць пацярпелага па спіне. Насамрэч гэта смяротна небяспечна: такія дзеянні толькі прасоваюць чужароднае цела далей у трахею.

Калі праз дзве—тры хвіліны прыступ не праходзіць (асабліва ў дзіцяці), трэба тэрмінова выклікаць "хуткую". А да яе прыезду адзіны выратавальны сродак — знакаміты прыём Хаймліха, названы так у гонар яго вынаходніка, прэзідэнта інстытута ў Цынцынаці, доктара медыцыны Генры Хаймліха.

Маючы ў запасе тры хвіліны і ні секунды не марудзячы, з яго дапамогай можна выратаваць чалавека ад удушша.

Зразумела, спачатку трэба навучыцца адрозніваць усе прыкметы гэтага неадкладнага стану, асвоіць прыём на сабе, затым на членах сям'і, каб у патрэбную хвіліну быць напагатове. Улічыце, што асфіксія патрабуе імгненных і беспамылковых дзеянняў!

Прыём Хаймліха
Станьце за спінай пацярпелага (калі ён яшчэ на нагах і не страціў прытомнасці), абхапіце яго рукамі. Сцісніце адну руку ў кулак і тым бокам, дзе вялікі палец, пакладзіце на жывот пацярпелага ніжэй грудной клеткі, але вышэй пупка. Далонь другой рукі кладзецца па-над кулаком, хуткім штуршком уверх кулак уціскаецца ў жывот. Рукі пры гэтым варта рэзка сагнуць у локцях (але грудную клетку з бакоў не сціскайце).

Пры неабходнасці прыём паўтарыце некалькі разоў, пакуль дыхальныя шляхі не вызваляцца (на гэта паказваюць моцны кашаль, узнаўленне дыхання і нармальнага колеру твару, выштурхоўванне вонкі іншароднага цела).

У выпадку асфіксіі ў жанчыны на познім тэрміне цяжарнасці, кулаком варта націскаць вышэй — не на жывот, а на сярэдзіну грудзіны, захоўваючы асцярожнасць.

Каб павялічыць час жыцця кары галаўнога мозга пры парушэнні жыццядзейнасці, у першыя ж імгненні пасля страты прытомнасці, абкладзіце галаву пацярпелага чым-небудзь халодным (бутэлькамі з халоднай вадой, лёдам з халадзільніка, пакетам з замарожанай гароднінай і г.д.).

Можа здарыцца так, што пры асфіксіі каля дарослага нікога, акрамя дзіцяці, няма. Навучаны загадзя прыёму Хаймліха, ён таксама можа аказаць дапамогу. Калі чалавек ляжыць на спіне, маленькі выратавальнік павінен сесці на яго вярхом і выкарыстаць уласную вагу, каб надаць штуршку неабходную сілу. Галава пацярпелага не павінна быць павернутая ў бок: у такім выпадку выдаліць з дыхальнага канала чужароднае цела складана. Патрэніруйцеся гэтаму прыёму з малым (у гульнявой форме).

Прымяніць метад Хаймліха можна і ў дачыненні да сябе, калі нікога няма паблізу. Для гэтага трэба пакласці рукі на жывот так, быццам дапамогу аказвае хтосьці іншы (кулак размешчаны ніжэй грудной клеткі і вышэй пупка), і зрабіць хуткі штуршок унутр і ўверх. Пры неабходнасці — паўтарыце некалькі разоў. Можна скарыстацца і краем стала, і спінкай крэсла, і парэнчамі: патрэбным месцам жывата націснуць на апору.

Асобна варта сказаць пра аказанне дапамогі дзецям. Апісаны прыём цалкам прыдатны для падлеткаў — з той агаворкай, што трэба сувымераць фізічныя намаганні з ростам і вагой дзіцяці, гэта значыць, некалькі зменшыць іх.

Пры аказанні дапамогі малым дзецям, якія знаходзяцца ў прытомнасці, сядзьце на крэсла або апусціцеся на адно калена. Дзіця пакладзіце грудзямі на другое калена галавой уніз. Затым, падтрымліваючы яго грудзі адной рукой, другой некалькі разоў рэзка ўдарце па спіне паміж лапаткамі. Памятайце, што ўдары павінны быць не вельмі моцнымі, але і не слабымі. Паўтарайце, пакуль чужароднае цела не вызваліць дыхальныя шляхі.

Яшчэ малое дзіця (калі дазваляе яго вага) можна перавярнуць уніз галавой, трымаючы яго за ногі, і пастукаць па спіне.

Варта быць надзвычай асцярожнымі пры выцягванні пальцам іншароднага прадмету з рота. Рабіць гэта можна толькі ў тым выпадку, калі прадмет дакладна бачны і вы ўпэўненыя, што ненаўмысна не запхняце яго яшчэ далей.

І апошняе. Нават калі іншародны прадмет удалося выцягнуць і чалавек дыхае нармальна, яго неабходна тэрмінова даставіць у бліжэйшую лячэбную ўстанову.

Усё-такі нездарма кажуць, што лепшае лячэнне — гэта прафілактыка. Некаторыя правілы паводзінаў за сталом, якім нас вучылі бацькі, — выдатны сродак супраць удушша. Напрыклад, не размаўляць з поўным ротам, старанна перажоўваць ежу, не класці ў рот вялікія кавалкі. Адным словам, важна засвоіць залатое правіла: як ем — і глух і нем.



←Вымыць серную пробку можа толькі ўрач

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика