Вымыць серную пробку можа толькі ўрач

Источник материала:  
10.08.2010 09:34 — Новости Здоровья
Не спрабуйце самастойна выдаляць серную пробку з дапамогай запалкі або ватнай палачкі — гэта можа прывесці да траўмы барабаннай перапонкі!

Калі ў вас непрыемныя адчуванні ў вушах, знізіўся слых, варта звярнуцца да доктара. Магчыма, прычына гэтых сімптомаў — серная пробка, якая ўтварылася ў вушным праходзе.

Сернымі пробкамі называюць вялікую колькасць сакрэту серных залозаў разам з адмерлымі клеткамі скуры, халестэрынам, пылам. Утварэнне серы ў вонкавым слыхавым праходзе — натуральны працэс, які азначае, што арганізм правільна выконвае свае функцыі. Сера выпрацоўваецца ў перапончата-храстковым аддзеле і засцерагае скуру вушнога праходу ад пашкоджанняў і запаленняў. Кансістэнцыя сернай пробкі спачатку мяккая, а ў далейшым можа дасягаць шчыльнасці каменя.

Найбольш частая прычына з'яўлення серных пробак — няправільны догляд вушэй. Спрабуючы пазбавіцца ад сернай пробкі, большасць людзей выкарыстоўвае ватныя палачкі, запалкі і шпількі. Але з дапамогай гэтых прылад яны толькі прапіхваюць серу ў глыбіню вуха, дзе яна назапашваецца і ўтварае серную пробку. Захоўваць правілы гігіены вуха неабходна. Аднак трэба ведаць, што здаровыя вушы самаачышчаюцца (у норме працэс самаачышчэння слыхавых праходаў ажыццяўляецца падчас размовы, жавання), таму выдаляць варта толькі цёмнае карычневае кольца вакол вонкавага слыхавога праходу.

Серная пробка можа ўтварацца і пры пранікненні ў вуха вады, ад якой сера набрыньвае і непрыемныя адчуванні ўзмацняюцца. Напрыклад, з пачаткам пляжнага сезона колькасць скаргаў на закладзенасць у вушах павялічваецца. Нярэдка падобная праблема ўзнікае пры пападанні ў вуха бруду або пылу. Часцей з гэтым сутыкаюцца людзі, чыя праца звязаная з рамонтам машын, аўтобусаў і г.д. Утварэнню пробак таксама садзейнічаюць вузкасць або звілістасць слыхавога праходу, залішняя прадукцыя серы, калі ачышчэння не адбываецца, і сера "спякаецца" ў шчыльны камяк.

Як гэта праяўляецца? Чалавек у першую чаргу адчувае паніжэнне слыху. Як правіла, гэта адбываецца пасля пранікнення ў вуха вады. Таксама могуць з'явіцца шум, сверб, сухасць, лёгкае паколванне ў вушах, прычына чаго — раздражненне вестыбулярнага апарату. Часам наяўнасць сернай пробкі суправаджаецца галавакружэннем, агульнай слабасцю, млоснасцю і галаўным болем. Вушны боль узмацняецца ўначы, таму паніжэнне слыху і болевыя адчуванні пацыент часцей адзначае раніцай.

Каб выдаліць серную пробку хутка і без болю, лепш звярнуцца да ўрача-оталарынголага, а не спрабаваць рабіць гэта самастойна. Спачатку доктар прамые вуха цёплай вадой, затым агледзіць барабанную перапонку і выдаліць рэшткі вады сухой ватай. Як правіла, пасля такой працэдуры пацыент адчувае палёгку і зноў добра чуе.

Мяккія пробкі выдаляюць прамываннем адразу ж, цвёрдыя рэкамендуюць папярэдне размякчыць — на працягу некалькіх дзён закапваць у вуха сода-гліцэрынавы раствор. Пры гэтым трэба ведаць, што ў выніку дзеяння кропель слых можа часова пагоршыцца за кошт набракання серы. Часам у пацыента бываюць супрацьпаказанні да прамывання. У такіх выпадках пробку выдаляюць з дапамогай спецыяльнага зонда.



←Подальше положишь, поближе возьмешь

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика