Ідзе юбілейны марафон музычнага каледжа
На адкрыцці выставы мастакоў музычнага каледжа 7 верасня.
Сустрэчы з выпускнікамі Маладзечанскага музычнага каледжа імя Міхала Клеафаса Агінскага будуць адбывацца па суботах да канца гэтага месяца.У мінулую суботу, 7 верасня, музычны каледж імя Міхала Клеафаса Агінскага распачаў шэраг святочных мерапрыемстваў, прысвечаных 55-гадоваму юбілею навучальнай установы. Першымі сустракалі выпускнікоў аддзяленні “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва” і “Фартэпіяна”.
Мастакі падрыхтавалі адкрыццё цікавай выставы з лепшых уласных твораў, а музыканты – узнёслы канцэрт.
Музычны каледж чакае наступных сустрэч з выпускнікамі, якія адбудуцца па суботах на працягу ўсяго верасня.
14 верасня запрашаем выпускнікоў народнага аддзялення – баян-акардэон і струнныя шчыпкова-ўдарныя інструменты.
21 верасня каледж запрашае выпускнікоў вакальнага і харавога аддзяленняў.
28 верасня юбілейны марафон працягнуць тры аддзяленні: духавых і ўдарных інструментаў, струнных смычковых інструментаў і музыказнаўства. Адбудуцца святочныя канцэрты-сустрэчы (пачатак у 15.00, вялікая зала каледжа), на якія запрашаем аматараў добрай музыкі.
Урачысты фінал юбілейных святкаванняў чакаецца 4 кастрычніка на сцэне Палаца культуры Маладзечна.
55-годдзе Маладзечанскага музычнага каледжа супадае сёлета з 45-годдзем заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь сімфанічнага аркестра, якім кіруе дырэктар установы, ганаровы грамадзянін Маладзечанскага раёна, заслужаны дзеяч культуры Беларусі, кавалер ордэна Францішка Скарыны Рыгор Сарока.
Па інфармацыі музычнага каледжа імя Міхала Клеафаса Агінскага.