Сынковіцкаму храму каля 800 гадоў
06.01.2011 14:14
—
Новости Культуры
Сынковіцкаму храму каля 800 гадоў
Газета Слонимская Перад праваслаўнымі Калядамі наш карэспандэнт задаў некалькі пытанняў настаяцелю Сынковіцкай Міхайлаўскай царквы, якая знаходзіцца на мяжы двух раёнаў — Слонімскага і Зэльвенскага, протаіерэю Арсеню Ананку.—Айцец Арсень, якім быў для Сынковіцкай царвы мінулы год?
—Няпростым. Але шмат зроблена і робіцца, каб захаваць гэты ўнікальны помнік Беларусі. Пачаліся рэстаўрацыйныя і рамонтныя работы як унутры храма, так і звонку. Ужо расшыфравана некалькі надпісаў на сценах храма, адрасаваных вялікаму князю Альгерду. Гэтыя тэксты даюць меркаванне, што Сынковіцкай царкве далёка не 600 гадоў, а каля 800.
—Ці плануецца знесці пабудаваны ў савецкі час кароўнік, які знаходзіцца побач з царквою?
—Так. Ужо адзін будынак кароўніка ліквідаваны. Мяркуецца цалкам ачысціць каля храма тэрыторыю ад кароўнікаў і цялятнікаў. А на гэтым месцы з цягам часу плануем пабудаваць гатэль для турыстаў, некалькі крамаў, дзе будуць прадавацца сувеніры, і стаянку для аўтамабіляў.
—Ці шмат турыстаў прыязджае на экскурсію ў Сынковічы?
—Штогод тут бывае больш за пяць тысяч турыстаў. Летась у нас пабывалі турысты з Кітая, ЗША, Польшчы, Аўстраліі, Расіі, Украіны, Эстоніі ды іншых дзяржаў.
—Прыхаджане вёскі Хадзявічы, якія заўсёды хадзілі ў Сынковіцкую царкву, па-ранейшаму жадаюць сюды хадзіць, бо Сынковічы зусім побач, і хочуць, каб ўсе рэлігійныя абрады праводзілі святары з Сынковіцкай царквы, хаця яна адносіцца да Гродзенскай епархіі, а вернікі вёскі Хадзявічы — да Навагрудскай епархіі. Як тут быць?
—Гэтае пытанне вырашаецца на ўзроўні архіепіскапаў Гродзенскага і Навагрудскага. І думаю, што вырашыцца яно на карысць жыхароў вёскі Хадзявічы.