Легенда пра Паўлюка Багрыма і рэальны лёс Ігнацыя Яцкоўскага, цікавейшы за легенду

Источник материала:  
06.01.2011 13:05 — Новости Культуры

Легенда пра Паўлюка Багрыма і рэальны лёс Ігнацыя Яцкоўскага, цікавейшы за легенду


З’явіўся беларускі пераклад кнігі Ігнацыя Яцкоўскага "Аповесць з майго часу, альбо Літоўскія прыгоды". Менавіта ў гэтай кнізе даследчыкі напачатку ХХ ст. знайшлі верш "Заграй, заграй, хлопча малы", аўтарства якога прыпісалі Паўлюку Багрыму.

Майстар Паўлюк Багрым сапраўды выкаваў жырандолю, якую можна пабачыць у Крашыне, а хрэстаматыйны верш напісаў паўстанец-эмігрант Ігнацый Яцкоўскі.

Легенда пра таленавітага паэта, якога за беларускі верш падлеткам забралі ў рэкруты, узнікла таму, што "Аповесць з майго часу…" лічылі мемуарамі, але пераклад кнігі на беларускую мову пераконвае, што гэта мастацкі твор, гэта драма з прыгодніцкімі элементамі. Тут і каханне, і ўцёкі з расейскім гусарам… "…калі на самым досвітку каляска панства Войскіх пад’язджала да касцёла, ксёндз-пробашч Магнушэўскі ўжо пачаў набажэнства, калі ж ён зацягнуў звычайны ў гэтым выпадку гімн "Тваё, Хрысце, уваскрэсенне!", тры наладаваныя порахам марціры далі залп на дзядзінцы, і спуджаныя коні панства Войскіх панеслі. Стары Гжэсь, фурман, знянацку не здолеў даць рады, а лямант двух дам у калясцы, выклікаючы яшчэ большае замяшанне, пагаршаў сітуацыю; тут расійскі гусарскі афіцэр, малады і зграбны…" і далей усё як у любоўным рамане.

А здарылася гэта каля касцёла ў Крашыне, і аўтар мае нагоду распавесці пра бунт сялян, які тут колісь адбыўся, пра следства. Так на старонках з’яўляецца і сапраўдны ксёндз Магнушэўскі, і выдуманы ягоны вучань Пётрак, які чытае славуты верш: "Заграй, заграй, хлопча малы".

Легенда пра Паўлюка Багрыма доўгі час засланяла цікавейшую за любую легенду гісторыю пра лёс самога Ігнацыя Яцкоўскага. 36-гадовы наваградскі адвакат вясною 1831 года далучыўся да Літоўскага паўстання, потым — 25 гадоў эміграцыі. "Powieść z czasu mojego, czyli Przygody Litewskie" выйшла па-польску ў Лондане ў 1854 годзе, у эмігранцкім асяродку ў друкарні Аляксандра Рыпінскага. Падрабязна пра ўсё гэта ў пасляслоўі да беларускага выдання "Аповесці…", якое называецца "Нялёгкая дарога дадому", піша даследчык Мікола Хаўстовіч. А беларускі пераклад "Аповесці…" з’явіўся ў Варшаве, у канцы 2010 года. Такою самаю, што ў прыжыццёвым выданні, засталася вокладка кнігі, адметнасць яе ў тым, што на ёй няма прозвішча аўтара. Каб адкрыць аўтарства "Аповесці з майго часу…", даследчыкам спатрэбілася 40 гадоў.
←"Хали-хало" возвращается

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика