…Яны хацелі ўзвышэння Беларусі

Источник материала:  
30.10.2009 13:01 — Новости Культуры

…Яны хацелі ўзвышэння Беларусі
Тодар Кляшторны, Мікола Нікановіч, Янка Туміловіч, Янка Бобрык, Алесь Звонак, Васіль Каваль

29 кастрычніка - дзень нараджэння камсамола: летась з размахам нават святкавалася яго 90-годдзе. Але напраўду для Беларусі гэта чорная дата: у 1937 годзе ў ноч з 29 на 30 кастрычніка пад Мінскам чэкісты расстралялі 20 маладых літаратараў, сярод якіх былі Міхась Чарот, Васіль Сташэўскі, Міхась Зарэцкі, Анатоль Вольны, Платон Галавач, Васіль Каваль, Юрка Лявонны, Валерый Маракоў, Юлі Таўбін…

«У 1921 годзе бальшавікі расстралялі Гумілёва, у 1936 фалангісты ў Іспаніі забілі паэта Лорку - пра гэтыя факты ведаюць ва ўсім свеце, — кажа Міхась Скобла, паэт і адзін з ўкладальнікаў зборніка твораў пісьменнікаў, загубленых карнымі органамі, «Расстраляная літаратура». — 29 кастрычніка 1937 года ворганы НКУС у Мінску расстралялі 20 літаратараў — і пра гэтую падзею часта не ведаюць нават у самой Беларусі. Таму варта паўтарыць: у адну ноч бальшавікі спрабавалі расстраляць нашу літаратуру».

Канец 20-ых пачатак 30 гадоў у БССР - дужа спрыяльны час для развіцца культуры і навукі. Адчыніўся Інбелкульт — правобраз беларускай Акадэміі Навук. Ажывае друк, арганізаваныя вядучыя тэатры, здымаюцца першыя кінастужкі, свае дзверы перад студэнтамі адчыняе дзяржаўны універсітэт.

Мастацкая літаратура як ніколі ўзбагачаецца імёнамі маладых песняроў новай долі. На хвалі часу шырокага рэвалюцыйнага ўздыму ў беларускую літаратуру ўліваецца цэлая плеяда празаікаў, паэтаў, крытыкаў. Часопісы «Полымя», «Маладняк», «Узвышша». Пра кароткі перыяд 20-30-х гадоў можна пачуць, што гэта была «залатая раніца беларускага Адраджэння».

Гісторык і аўтар прадмовы да кнігі «Расстраляная літаратура» Анатоль Сідарэвіч лічыць, што шмат хто з беларускіх інтэлігентаў, у тым ліку і расстраляны, не быў апазіцыянерам у поўным сэнсе гэтага слова. «Яны былі адданымі нацыяналістамі і камуністамі адначасова. Але які ж гэта светлы быў камунізм! Камунізм, які не адбягаўся ад прынцыпаў еўрапескага сацыял-дэмакратычнага руху, —кажа Сідарэвіч. — Палітыкі і літаратары, якіх потым празвалі нацдэмы, хацелі ўзвышэння Беларусі і беларусаў. Думалі, што калі беларус будзе жыць заможна, адукавана, дык будзе лепей для бальшавіцкай краіны. І гэтая жаданне ўзвышэння Беларусі не клалася ў пракруставы ложак маскоўскага бальшавізму. І менавіта таму цэлая генерацыя інтэлігентаў і літаратараў падверглася татальнаму выразанню. Для нашай маладой культуры гэта быў моцны ўдар».

Камуністычны тэрор пачаўся з запалохвання: спярша карныя ворганы вымаглі напісаць пакаяльныя лісты ад кіраўнікоў Савецкай Беларусі, Чарвякова і Галадзеда, а таксама ад літаратараў першай велічыні: Коласа, Купалы і Бядулі. Потым зброяй супраць творцаў быў данос: таемны ( у форме ананімак) і адкрыты - у выглядзе знішчальных і бязлітасных нібы-літаратурных рэцэнзіяў. Часцяком ахвярай прапагадны і адначасова яе рупарам рабіліся класікі літаратуры, Янка Купала і Якуб Колас: затэрарарызаваныя, спасярод рэпрэсіяў яны былі вымушаныя складаць вершы ў гонар «бацькі народаў», Іосіфа Сталіна і справядлівага камуністычнага ладу.

Колькі б яшчэ камедыяў напісаў Уладыслаў Галубок, колькі сцежак у свет адкрыў бы перакладчык Юлі Таўбін, колькі парафіяў, дзе набажэнства вялося б па-беларуску, адчыніў бы святар Адам Станкевіч, колькі б узнёслых радкоў склаў Уладзімір Жылка... У зборнік «Расстраляная літаратура» трапіла 66 аўтараў. Паводле падлікаў гісторыкаў у 20-30-40 гады было рэпрэсавана каля 200 літаратараў, палова з іх было расстраляна або знікла без вестак. Але гэта толькі імёны першага шэрагу і толькі тых, што пісалі па-беларуску. Свайго вяртання з забыцця яшчэ чакаюць менш вядомыя літаратары і тыя, якія пісалі на ідышы, па-літоўску, па-польску і па-расійску.

←Кіно па‑беларуску ў Варшаве

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика