Уладарка Аўстраліі

Источник материала:  

Ведай нашых!

Усё, можна святкаваць! Вікторыя Азаранка ў другі раз запар перамагла ў прэстыжным турніры "Аustrаlіа Ореn" і атрымае 2,55 мільёна долараў. Гэтым разам моцных удараў беларусі не вытрымала кітаянка Лі На — 4:6, 6:4, 6:3. "Звязда" не магла незаўважна прайсці каля значнай падзеі і ўзгадала апошнія факты з жыцця айчыннай тэніснай прымы.

Уладарка Аўстраліі

1. Адкрыты чэмпіянат Аўстраліі Азаранка правяла выдатна. І толькі адна падзея магла азмрочыць выступленне Вікторыі на радзіме кенгуру. "Звязда" ў мінулым нумары ўжо пісала, як некалькі былых тэнісістаў і амерыканскія журналісты накінуліся на першую ракетку свету з-за таго, што тая ў вырашальны момант паўфіналу затрымалася на медыцынскім перапынку. Маўляў, усё гэта паўплывала на сустрэчу з амерыканскай Слоан Стывенс. Размовы размовамі, але дакладна пра той інцыдэнт выказалася саперніца Азаранкі. "Не ведаю, якія ў Вікторыі былі прычыны ўзяць медыцынскі тайм-аўт, але гэта ніяк не паўплывала на мяне, — заўважыла Стывенс. — Не думаю, што гэта адбілася на ходзе сустрэчы. Я выдатна стаўлюся да Вікі, у нас адзін агент. Мы вельмі добрыя сяброўкі. Я ўпэўнена, мы сустрэнемся і пагаворым з ёй пра гэта".

2. Як і любая дзяўчына, Вікторыя, зразумела, любіць слухаць музыку. Толькі з яе плэера не пачуеш айчынных выканаўцаў. Валадарыць там вядомая амерыканская спявачка Рыяна. Асабліва важна для тэнісісткі, каб музыка добра настройвала на матч. "Калі я слухаю дрэнную музыку, тады і матч атрымліваецца благім, — тлумачыць беларуска. — Таму я вельмі старанна падыходжу да выбару. (...) На маім іРоd шмат рознай музыкі. Шмат Рыяны — усе песні, усе альбомы. Я яе вялікая прыхільніца. Яшчэ ёсць руская музыка, крыху року. Наогул мне падабаюцца розныя стылі. Усё залежыць ад настрою. Да таго ж для мяне музыка заўжды звязана з успамінамі".

3. Між іншым, у новыя бойфрэнды Азаранкі запісваюць менавіта музыканта. Яго творчы псеўданім Рэдфу, сапраўднае імя — Стэфан Гордзі, а выступае ён у рэп-дуэце LMFАО. Найбольш вядомая песня ў Беларусі — "Sеху аnd І knоw іt" — яшчэ летась гучала ледзь не на кожнай дыскатэцы. Ён шмат часу праводзіць з Азаранкай, а на Адкрытым чэмпіянаце Аўстраліі з трыбуны назіраў за поспехам сяброўкі. Рэдфу, асаблівымі рысамі якога з'яўляюцца пацешныя акуляры і пышная прычоска, знайшоў у асобе беларускі не толькі сяброўку, аднак, напэўна, і музу. А таму і не дзіўна, што адзін з апошніх трэкаў рэпера насыцілі фірменныя стогны, якімі Азаранка на корце звычайна суправаджае ўдар па мячы. "Я сустракаюся з кімсьці асаблівым — я б сказала, што ён нумар адзін, — неяк прызналася спартсменка. — Я не люблю выхваляцца ўласным жыццём, аднак я ўсцешана, што ён побач са мной". Раней, як паведамлялі сродкі масавай інфармацыі, Вікторыя мела стасункі з украінскім тэнісістам Сяргеям Бубкам.

4. Недарэчны выпадак здарыўся з Вікторыяй Азаранкай, якую адразу пасля спаборніцтваў павіншаваў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, падчас узнагароджання ў Мельбурне. Спецыяліст, які наносіў прозвішча на чэмпіёнскі Кубак, нечакана запісаў Вікторыю ў грамадзянкі... Бельгіі. Гравіроўшчык проста пераблытаў афіцыйныя скарачэнні дзяржаў. І замест нашага BLR зрабіў надпіс BЕL. Цікава, што бельгійскія тэнісісткі за апошняе дзесяцігоддзе двойчы перамагалі на турніры "Аustrаlіа Ореn". Вікторыя ад іх не адстае.

Тарас ШЧЫРЫ.

←Ставка на зеро

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика