«Бенфіка» выйшла на першае месца ў чэмпіянаце Партугаліі
Супернік барысаўскага БАТЭ у Лізе Еўропы лісабонская «Бенфіка» выйшла на першае месца ў чэмпіянаце Партугаліі.
У заключным матчы 10‑га туру ў панядзелак «арлы» выйгралі ў «Наваля» — 1:0. На 90‑й хвіліне гол забіў іспанскі паўабаронца «Бенфікі» Хаві Гарсіа. Размова пра футбол.
Пасля 10‑ці тураў «Бенфіка» мае аднолькавую колькасць балаў з «Брагай» — 25. Каманды маюць па восем перамогаў, адной нічыі і па адной паразе.
Але ў «Бенфікі» - лепшая рознасць мячоў: 31—7 супраць 15—5 у канкурэнтаў. Хоць у 9‑м туры (31 кастрычніка) «Брага» ў вочнай дуэлі перамагла «Бенфіку» — 2:0. «Порту», што ідзе трэцім, мае 20 балаў.
З «Бенфікай» БАТЭ сустрэнецца 2 снежня, у матчы 5‑га туру Лігі Еўропы. Каманды згуляюць у Мінску.
17 верасня, нагадаем, у Лісабоне БАТЭ прайграў з лікам 0:2.
Перад матчам з БАТЭ «Бенфіка» правядзе два матчы: 22 лістапада ў матчы 4‑га раунду Кубку краіны яна згуляе дома з «Віторыяй» (Гімараеш), а 28 лістапада — у матчы чэмпіянату Партугаліі — у гасцях са «Спортынгам».
На гэтых выходных тураў еўрапейскіх чэмпіянату не будзе — зборныя праводзяць стыкавыя і таварыскія гульні. Партугалія, у прыватнасці, правядзе 14 і 18 стыкавыя матчы з Босніяй за права паехаць на чэмпіянат свету па футболе.
Ад «Бенфікі» ў зборную дэлегаваны толькі паўабаронца Каэнтрао.
Хто забыў, пасля 4‑х тураў у групе «І» Лігі Еўропы становішча наступнае:
Бенфіка — 9 балаў (тры перамогі, адна параза, баланс мячоў 9—1), Эвертан — 6 (дзве перамогі, дзве паразы, баланс мячоў 6—8), БАТЭ — 4 (перамога, нічыя, параза, 5—7), АЕК — 4 (перамога, нічыя, параза, 4—8).
Адзіную паразу «Бенфіка» пацярпела ў Афінах ад АЕКа - 0:1
***
Што да іншых супернікаў БАТЭ па Лізе Еўропы.
«Эвертан» у нядзелю ў гасцях выйграў у «Уэст Хэма» з лікам 2:1. Галы на рахунку Луі Саа і Гослінга.
Цяпер «Эвертан» займае 12 радок з 15 баламі (4 перамогі, 3 нічыі, чатыры паразы, баланс мячоў — 15—17). У наступным туры прэм’ер‑лігі ліверпульцы згуляюць у гасцях «Манчэстэрам Юнайтэд» (22 лістапада).
Матч з «Эвертанам» БАТЭ правядзе 17 снежня ў гасцях — гэта будзе заключная гульня Лігі Еўропы.
Нагадаем, што ў Мінску 1 кастрычніка БАТЭ прайграў 1:2.
Афінскі АЕК у панядзелак перамог клуб «Ларыса» — 3:1. У АЕКа галы забілі Даніэль Майсторавіч, Ісмаэль Бланка і Крысціян Немет.
АЕК цяпер займае шосты радок у чэмпіянаце Грэцыі (15 балаў, чатыры перамогі, тры нічыі, тры паразы). У «Панацінаікаса», што ідзе першым, 28 балаў.
14 і 18 лістапада зборная Грэцыі правядзе стыкавы матч з Украінай. З АЕКа ў зборную выкліканы Макас.
Нагадаем, што БАТЭ па суме двух матчах перайграў АЕК: 2:1 у Мінску, 2:2 у Афінах.
***
БАТЭ ў матчы апошняга туру чэмпіянату Беларусі перамог «Гомель» — 3:0.
Цяпер барысаўскаму клубу давядзецца згуляць два матчы 1/8 фіналу Кубку Беларусі з ФК «Мінск». Першы матч — 22 лістапада ў Барысаве.