«У школе нам цiкава!»
337 хлопчыкаў і дзяўчынак у гэты канікулярны час наведваюць аздараўленчыя лагеры, якія дзейнічаюць пры школах горада і раёна. На патанненне кошту пуцёўкі на кожнае дзіця са сродкаў рэспубліканскага бюджэту выдзялялася 29 рублёў 40 капеек, бацькоўская даплата за ўвесь перыяд склала 20-25 руб. — у залежнасці ад узросту школьнікаў.
Кожны з сямі лагерных дзён насычаны цікавымі заняткамі. Для дзяцей, пераважная большасць якіх — вучні пачатковых класаў, запланавана правядзенне розных спартыўных спаборніцтваў, віктарын, экскурсій. У абавязковым парадку прадугледжаны мерапрыемствы па правілах паводзін на чыгунцы і аўтамабільных дарогах, пажарнай бяспецы. Уключаны ў планы работы і такія любімыя дзецьмі справы, як паход у кіно і наведванне басейна. Словам, сумаваць у лагеры няма калі.
— Наша “Iскарка” аб’яднала на час канікулаў 42 вучні і “зіхаціць” яна ярка, — падзялілася намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце СШ № 4 Людміла Карчэўская. — Арганізавана работа двух атрадаў. Сярод наведвальнікаў ёсць і некалькі вучняў 5-6 класаў, якія выступаюць у ролі важатых, што падабаецца і ім самім, і малодшым таварышам. Цяжка выдзеліць, што важней: прагулка ці музычная гадзіна, конкурс малюнкаў ці канцэрт. Галоўнае, што дзеці праводзяць канікулярны час пазнавальна і з карысцю. Ну і, канечне, яны павінны добра адпачыць, каб працягваць якасна засвойваць веды ў наступнай чвэрці.
На здымку: наведвальнікі школьнага аздараўленчага лагера СШ № 4.
Валянціна КОРБАЛЬ. Фота Настассі МАЦЮШЭНКА.