У аптэчнай цішы глыток здароўя

Источник материала:  

Уяўляю, як у старадаўнія часы аптэкі нагадвалі  памяшканні варажбітак, дзе навокал былі развешаны зёлкі, на паліцах стаялі шматлікія шклянкі з настоямі і адварамі, мазямі і парашкамі.

Аптэкары былі нароўні з урачамі, бо маглі пазбавіць хворага ад пакут. Гатавалі лекі аптэкары ў склепах манастыроў. Манастырскія аптэкі, дарэчы, існавалі ў сярэднявеччы ў Еўропе, а пачынаючы з XVI стагоддзя, ператварыліся ў спецыяльна арганізаваныя памяшканні, дзе не толькі вырабляліся лекі, але і праводзіліся навуковыя даследаванні.

Сучасныя аптэкі прапануюць шырокі асартымент лекавых сродкаў, вітамінаў і іншых імунастымулятараў. Тут дадаткова можна набыць і медыцынскія прыборы для вымярэння ціску, інгалятары, а таксама касметычныя сродкі і тыя ж прыродныя зёлкі і расліны.

Фармацэўтычная сетка новага пакалення ў Беларусі “Аптэкар” пачала сваё існаванне з 2010 года з адкрыцця некалькіх аптэк у Магілёве і Гомелі. І вось на сёння сетка разраслася амаль да 60 аптэк па краіне. У чэрвені мінулага года такая аптэка адкрылася і ў Петрыкаве, каля цэнтральнай раённай бальніцы.

У аптэчнай цішы глыток здароўя

Загадвае ёй прафесіянал у гэтай галіне паслуг – Галіна Чаргінец. Галіна Мікалаеўна знайшла вакансію для сябе ў Інтэрнэце. І жанчыну ніколькі не спужала адлегласць да новага месца працы. Справа ў тым, што Галіна Мікалаеўна – грамадзянка Украіны, пражывае ў густанаселеным горадзе Сумы.

– Першую спецыяльнасць для сябе я абрала па закліку душы: стала фельчарам, – расказала пры сустрэчы Галіна Чаргінец. – Працоўная дзейнасць пачалася з 1989 года. На фармацэўта я адвучылася пазней у Харкаве. Дарэчы, гэты ж каледж скончыла і мая дачка Вікторыя.

Вышэйшую адукацыю набывала па спецыяльнасці маркетолага-фармацэўта. У аптэчнай галіне занята з 2000 года. Так атрымалася, што фармацэўтаў ва Украіне цяпер зашмат, таму і працаўладкавацца складана, і заработак невялікі. Вышукала ў Інтэрнэце, што ў Петрыкаве адкрываецца прыватная аптэка. Прыехала на субяседванне ў Мінск і мяне прынялі на работу. Нядаўна пасля атэстацыі  кантракт працягнулі яшчэ на год.

Першапачаткова мы тут працавалі разам з дачкой. Цяпер Віка чакае першынца. Работа тут вахтавым метадам, таму зручна. Да дома дабіраюся цягніком Гомель-Сумы. Тут, зразумела, здымаю жыллё.

Муж Віктар таксама працуе далёка ад дома, ажно ў Італіі. Ён дапамагае прыватніку весці гаспадарку. Што ж, так званы крызіс прымусіў людзей шукаць працу па ўсім свеце.

Аптэка наша працуе са зручным для кліента рэжымам. У хуткім часе аптэчны кіёск ад “Аптэкара” пачне працаваць і ў вялікім “Еўраопце”.

Асартымент медпрэпаратаў, як можаце ўпэўніцца самі, надзвычай шырокі. Да таго, калі кліент першы раз робіць пакупку ад 10 рублёў і больш, мы даём карту скідак. У наступныя разы на суму пакупак ад 20 рублёў і вышэй кліенту будзе скідка ад 2 да 8%. А калі кліент вырашыць зарэгістравацца на сайце “Аптэкара”, то скідка дасягне 10%. Лічыце самі: набыць той жа танометр за 80 рублёў (унушальная сума) і атрымаць скідку 10% – вельмі выгадна.

Калектыў у нас невялікі. Так, фармацэўтам-рацэптарам працуе Наталля Бяспалая, адміністратарам – Алена Зубар.

Сёлета з чэрвеня па жнівень “Аптэкар” праводзіў конкурс для сваіх кліентаў. Той, хто набываў бальзам для вуснаў серыі “Carmex”, станавіўся прэтэндэнтам на атрыманне санаторнай пуцёўкі на дваіх у “Альфа-Радон”. Петрыкаўчанка Яніна Волкава выйграла гэтую пуцёўку, з чым яе і віншуем. А пуцёвак разыгрывалася ўсяго пяць па Беларусі. Дарэчы, і я, дзякуючы паспяховаму продажу гэтых бальзамаў, апынулася ў рэйтынгу лепшых аптэкараў у нашай сістэме.

Работа мне падабаецца, і я спадзяюся на далейшы поспех. Хутка пайду ў водпуск, каб дапамагчы дачцы з дзіцям. Я ж стану бабуляй і гэты новы статус радуе.

– Здароўя Вам, паважаная Галіна Мікалаеўна, і цудоўнай восені!

І. ГІЛЕНКА.

Фота А. ГУСЕВА.

←Пачата грамадскае абмеркаванне па выбары пляцоўкі для будаўніцтва інтэрната ў Петрыкаве

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика