Добры настрой пекара – смачны хлеб

Источник материала:  

Прыемна, калі праца людзей заўважаецца, заахвочваецца шматлікімі ўзнагародамі. Так і павінна быць. Вось і майстар-пекар участка кааператыўнай прамысловасці нашага райспажыўтаварыства Ала Матрас была адзіная запрошана на нядаўняе ўрачыстае мерапрыемства ў Гомель, прысвечанае 80-годдзю стварэння сістэмы спажыўкааперацыі.

Валявая, адказная, ведаючая справу хлебапёкаў жанчына атрымала грамату абласнога Савета дэпутатаў.

Днямі я дамовілася на сустрэчу з Алай Аляксандраўнай, каб спытаць пра некаторыя дэталі яе прафесіі.

Добры настрой  пекара – смачны хлеб

Як аказалася, справу  асвойвала тут, на месцы, на хлебазаводзе. Навучала ўсім тонкасцям загадчыца вытворчасці Ніна Татарыновіч яшчэ дзевяць гадоў таму. Менавіта столькі Ала Аляксандраўна занята на выпечцы хлеба і белабулачных вырабаў. Да гэтага, пасля заканчэння былога Гомельскага тэхнікума кааператыўнай прамысловасці, працавала ў сістэме гандлю прадаўцом. Агульны працоўны стаж – 38 гадоў.

Пра свае заслугі жанчына распавяла сціпла. Сказала хіба толькі тое, што цеста любіць добры настрой пекара. Тады хлеб і булкі атрымліваюцца надзвычай смачнымі і пульхнымі. А настрой гэты ствараюць жанчыны, якімі і кіруе майстар. На загрузцы мукі занята Анжэла Занкевіч. Цестамесам працуе Таццяна Карась. Фармуе будучыя мучныя вырабы Зоя Сокал. Алеся Рушалюк – пекар, а Галіна Чорная ўкладвае гатовы хлеб, батоны і булачкі, асартымент якіх на заводзе даволі шырокі.

Як бачна, кожны адказвае за даручаны ўчастак работы і гэта добра атрымліваецца ў каманды жанчын. Завод працуе круглыя суткі.

Ала Аляксандраўна прызнаецца, што ўжо прызвычаілася працаваць па 12 гадзін. Работа забірае большасць часу жыцця, таму і сваёй моцы жанчына аддае ёй больш. Дочкі дарослыя: Наташа працуе майстрам на дрэваапрацоўчым цэху ў Ляскавічах. Марыя пражывае ў Мазыры. Яна – бармэн.

Да размовы далучылася дырэктар участка Людміла Прысада. Людміла Уладзіміраўна адзначыла, што ўзнагарода знайшла свайго героя: Ала Аляксандраўна заслужана была вызначана. Праца, вядома, цяжкая, але людзі, што працуюць на ўчастку кааператыўнай прамысловасці, укладваюць  у яе сваю душу і цеплыню рук.

Што датычыць вытворчасці, то нашы хлебапёкі “працуюць” з пінскай мукой. Менавіта таму наш хлеб такі смачны і карыстаецца попытам не толькі ў жыхароў Петрыкаўшчыны. Штодзень вырабляецца да 7-8 тон мучной прадукцыі. Яна ідзе на рэалізацыю ў суседнія Жыткавіцкі, Калінкавіцкі і Мазырскі раёны.

Сёлета, са слоў Людмілы Прысады, калектыў зноў будзе прымаць удзел у рэспубліканскім конкурсе якасці хлебнай прадукцыі “Смаката”. Для ўдзелу плануюць прадставіць хлеб падавы з семкамі “сялянскі”,  фармавы хлеб “цаглінка”, пернік “Петрыкаўскі” і булачку з павідлам.

Пажадаем нашым майстрам-хлебапёкам здароўя і добрага настрою. А Алу Матрас віншуем з узнагародай!

Інга ГІЛЕНКА.

←Родства не помнящий. В Нарутовичах судили жителя д. Михновичи, избивавшего престарелую мать

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика