Бездакорны, верны, прыстойны
Будучыня належыць людзям сумленнай працы. З гэтым выказваннем згаджаешся, калі знаёмы з такімі людзьмі. Адзін з іх – герой майго артыкула. Знаёмцеся – дырэктар Муляраўскага цэха “Гомельдругчармет” Уладзімір Рудько. Днямі Уладзімір Гаўрылавіч адзначыў свой чарговы юбілей з дня нараджэння. Пра ўзрост гаварыць не любіць. Напэўна таму, што душой малады, ды і знешне цяжка вызначыць узрост гэтага мужчыны.
Узгадваю свае першыя нясмелыя інтэрв’ю з Уладзімірам Гаўрылавічам, калі ён быў яшчэ старшынёй калгаса ў Залессі. Гаварылі тады, напрыканцы 90-х, пра надоі і прывагі. Дарэчы, гаспадарка ўваходзіла ў пяцёрку лепшых у раёне на той час. Узначальваў яе Уладзімір Рудзько 17 гадоў. А вось у лютым бягучага года споўнілася 20 гадоў яго кіраўніцтва прадпрыемствам па нарыхтоўцы другаснага металу.
У дзень майго наведвання Уладзімір Гаўрылавіч быў шчырым на гутарку. Было бачна, як прыемна свецяцца вочы ад узгадвання тых мінулых часоў станаўлення. Сапраўды, ёсць што расказаць і чым падзяліцца. Гонар выклікае тое, з кім даводзілася працаваць мужчыне, ад каго набіраўся вопыту. – Уладзімір Гаўрылавіч, ці бачылі вы сябе кіраўніком, ці марылі пра гэта?
– Якое там! Я нарадзіўся ў вёсцы Астражанка Лельчыцкага раёна. Быў трэцім хлопцам у сям’і з чатырох. Маці вяла гаспадарку дома, бацька працаваў трактарыстам у сельгаспрадпрыемстве. Вёска наша была вялікая, недзе больш за 200 двароў, ды і школа сярэдняя была.
Двое хлопцаў з нашай вёскі вучыліся ў медінстытуце. Я меркаваў таксама там апынуцца, бо хацелася, каб побач быў нехта знаёмы. Бачыў сябе стаматолагам. Калі ў двары бацькоўскай хаты пад яблыняй рыхтаваўся да экзаменаў, то стрыечны брат Рыгор, які, дарэчы, вучыўся са мной у адным класе, паехаў паступаць у калінінградскае ваеннае вучылішча, але хутка вярнуўся, перадумаў. Вось з ім разам мы і вырашылі паступаць у інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі.
У час вучобы жылося добра: мой старэйшы брат Міша працаваў нафтавіком на Поўначы і штомесяц высылаў мне 100 рублёў, плюс стыпендыя была 30. Так што мая задача была – вучыцца!
Па заканчэнні мяне накіравалі ў калгас імя Леніна на Петрыкаўшчыну, але былы начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі Аляксандр Лапухоў прапанаваў пасаду інжынера ў калгасе імя Калініна, што ў Залессі. Там адпрацаваў чатыры гады. Сталі запрашаць у Партыю. Так, у саўгас “Камаровічы” запрасілі сакратаром парткама. Процьму розных дакладаў пісаў. І да сёння не люблю, каб нехта мне пісаў даклад, усё гэта раблю сам.
Гады працы ў Камаровічах пакінулі самыя прыемныя ўспаміны. Гэта сельгаспрадпрыемства ўзначальваў дастойны кіраўнік Уладзімір Кароткі. Пры ім узводзіліся будынкі сацыяльна-бытавога і прамысловага прызначэння. Да таго, гаспадарка была кузняй кадраў. Я разам з кіраўніком ездзіў у Горацкую сельгасакадэмію, адкуль запрасілі на працу на Петрыкаўшчыну Уладзіміра Яўмененку, які потым узначаліў бабуніцкую гаспадарку, Анатоля Балюнова – узначаліў кашэвіцкі калгас імя Жданава. Ды і ўвогуле ў той час выпала працаваць, абменьвацца вопытам з дастойнымі кіраўнікамі – Аркадзем Парахневічам, Алегам Шурыным, Васілём Аўрамцом, Міхаілам Кудраўцом, Канстанцінам Матусевічам, Эдуардам Іскрыцкім, Георгіем Пількевічам, Анатолем Грыбам. На жаль, многіх ужо няма на гэтым свеце.
Пасля партыйнай работы ў Камаровічах прапанавалі ўзначаліць калгас імя Калініна. Я згадзіўся, бо пачынаў там інжынерам і ведаў, як і над чым працаваць.
– А Ваша кіраўніцтва тут, у Муряраўскім цэху, чым стала адметным?
– Калі ў 1998 годзе прапанавалі ўзначаліць прадпрыемства па нарыхтоўцы другаснага металу, то тут наноў давялося наводзіць парадак: узвялі адміністрацыйны будынак, шмат прыклалі намаганняў па добраўпарадкаванні прылягаючай тэрыторыі. Дарэчы, першыя клумбы сярод аналагічных цэхаў вобласці з’явіліся ў нас. І цяпер у нас створаны дастойныя ўмовы для людзей: душавыя, пакой прыёму ежы, што пры нядаўнім наведванні ацаніў і генеральны дырэктар прадпрыемства “Белдругмет” Аляксей Аношка.
На сёння ў калектыве працуе 23 чалавекі. Сярэдні заработак па цэху складае 1100 рублёў. Асноўная наша задача – нарыхтоўка другаснага металу ў нашым і Жыткавіцкім раёнах. Зразумела, з кожным годам выконваць даведзеныя заданні становіцца цяжэй, бо лом яшчэ “савецкі” і яго ўсё менш. Так, у 2016 годзе мы нарыхтавалі 9 тысяч тон лому, у 2017 – 8 тысяч тон. Заданні нам даводзяць на кожны месяц. Вось і ў чэрвені мы справіліся з ім, нарыхтаваўшы 900 тон.
Крыху спазняемся цяпер з ад- грузкай, бо чыгунка нам не дае вагоны для транспарціроўкі.
– Уладзімір Гаўрылавіч, ведаю, што Вы не толькі дастойны кіраўнік, але і добры гаспадар, муж, бацька, дзядуля…
– Так, 46 гадоў разам ідзем па жыцці са Святланай Ісакаўнай. Калі адпрацоўваў пасля інстытута ў Залессі інжынерам, то жыў на кватэры ў яе цётак. Святлана працавала старэйшай медсястрой у бальніцы ў Добрушы. У водпуск прыехала ў Залессе. Так і пазнаёміліся. Неяк з гумарам я зрабіў ёй прапанову, але вось ужо столькі ў шлюбе.
Як цяпер памятаю, што 17 мая наш старшыня калгаса Віктар Ганчарэвіч сабраў праўленне. На трыбуну мяне павінны былі запрасіць па пытанні падрыхтоўкі тэхнікі да касавіцы. У яго чаканні Аляксей Урбанчык спытаў:
– Рудзько, калі ты ажэнішся?
А я ў адказ:
– Калі б не праўленне, то сёння.
– Сапраўды?
– Так.
– Ну дык патэлефаную старшыні, няхай перанясе праўленне.
Так і зрабіў.
На радасцях я пайшоў дадому. А тут насустрач Света ідзе з цёткай у лёгкай летняй сукенцы. Я да яе:
– Ну дык што, давай распішамся?
Згадзілася. Да канца дня (а гэта была серада) у агародзе мы знайшлі старшыню Чалюшчавіцкага сельсавета. У гэты дзень зарэгістравалі шлюб.
У нас трое дочак – Галіна, Наталля, Таццяна. Старэйшыя скончылі кааператыўны інстытут, малодшая – сельскагаспадарчы тэхнікум і МІПСА. У нас два ўнукі: Багдан скончыў 9 класаў, Яраслаў перайшоў у 3 клас.
Выхаваннем дочак у асноўным займалася жонка, бо мая задача была – забяспечваць сям’ю ўсім неабходным. З унукамі ёсць магчымасць праводзіць час. Сярод асноўных жыццёвых парад даю ім, што перад сабой трэба заўсёды ставіць мэту, няхай і маленькую, і абавязкова дасягаць яе.
Гэтага прытрымліваюся і сам. Люблю пунктуальнасць, паважаю людзей, хто трымае сваё слова.
– Дзякуй Вам за гутарку! З юбілеем! Здароўя, цярпення, надзейных людзей побач і добрага настрою!
Інга ГІЛЕНКА, фота аўтара.