Вярнуцца ў мінулае, зноў сесці за школьную парту і акунуцца ва ўспаміны змаглі выпускнікі 1998 года Рамельскай сярэдняй школы.
Мінула 20 гадоў з таго часу, як яны кружыліся ў развітальным школьным вальсе. І за гэты час у кожнага з іх адбылося шмат змен. Усе пасталелі, абжыліся, адбыліся ў жыцці ў розных іпастасях.
Сустрэцца і не згадаць пра настаўнікаў проста немагчыма. Адзначу, што клас быў не зусім звычайным, бо складаўся нібы з дзвюх частак – тых, хто скончыў 9 класаў Мачульскай базавай і Рамельскай сярэдняй школ. А ўжо ў Рамельскай СШ яны аб’ядналіся ў адзін вялікі і дружны клас.
Менавіта з надпісу “Дружны клас” у групе вайбера, якую стварыў стараста класа Мікалай Апановіч, усё і пачалося 20 гадоў пасля.
…Вось на парозе дома іх сустракае першая настаўніца Любоў Максімаўна Ляшкевіч. Яна ўзіраецца ў твары сваіх дзяўчат і з цяжкасцю пазнае: хто гэта? Успаміналі пра вясёлыя падзеі за школьнай партай, распыталі ў сваёй настаўніцы пра здароўе, якое, на жаль, падводзіць у апошнія гады.
Класным кіраўніком на працягу пяці гадоў у Мачульскай БШ была Галіна Міхайлаўна Пыталь. Менавіта яна прывівала сваім дзяўчатам любоў да роднай мовы, да традыцый і абрадаў свайго народу. І зараз на сустрэчы мы згадвалі яе каронныя выразы, яе інтанацыю, з якой яна вяла такія цікавыя ўрокі.
У гэты час вучні Рамельскай школы пабывалі ў гасцях у сваёй першай настаўніцы Валянціны Васільеўны Адзінокай. Яны акунуліся ва ўспаміны, калі былі маленькімі дзяўчынкамі з белымі стужкамі ў косах і гарэзлівымі хлапчукамі. Пасля яны наведалі магілу свайго класнага кіраўніка Аляксандра Андрэевіча Шыкунца, што пайшоў з жыцця.
Далей ужо ўсе разам завіталі ў госці да сваёй аднакласніцы Вольгі Заянчкоўскай. Дзяўчына ўжо 21 год прыкавана да ложка пасля цяжкай аварыі.
Чуллівай была сустрэча і з класным кіраўніком Надзеяй Яфімаўнай Пашкевіч, якая правяла з класам два гады. Але за гэты нядоўгі час яна стала для нас сапраўдным сябрам, другой мамай, якая вяла за руку падлеткаў у будучае дарослае жыццё.
Далей была цёплая сустрэча-знаёмства. Менавіта знаёмства. Бо хацелася даведацца адзін пра аднаго, пабачыць у гэтых салідных людзях тых дзяцей, што былі 20 гадоў назад.
Ірына Рамульт, як і марыла, стала стаматолагам. Іван Дабрынец – фельчарам хуткай дапамогі. Таццяна Скрыпская атрымала педагагічную адукацыю, але працуе ў сацыяльнай службе. Мікалай Апановіч мае сваю фірму па грузаперавозках. Свой бізнес і ў Міхаіла Кажаноўскага. Аляксей Пыталь прысвяціў сябе вайсковай службе. Зінаіда Кірэчка працуе ў дзіцячым садку. Наталля Леўкавец – у гандлі. У Валянціны Сядляр зараз маленькая дачушка. У Веры Дабрынец шасцёра дзетак. Чацвёра ў Наталлі Тупік. Многія хлопцы працуюць у сельскай гаспадарцы. Дзяўчаты цудоўныя мамы і добрыя жонкі. Кожны з прысутных адбыўся ў сваёй сферы. Але ж гэта толькі 20. Яшчэ столькі задумак і планаў наперадзе.
Прыемна, што сабраліся амаль усе. Толькі некалькі чалавек не змаглі прыехаць па самых уважлівых абставінах.
Цёплыя і смешныя ўспаміны школьных гісторый, адказы на не зусім зручныя пытанні па прынцыпе: ці спісваў ты ў школе, ці прагульваў заняткі?
Гаварылі, распытвалі і не маглі нагаварыцца. Адведзены час прабег вельмі хутка. Як хутка прабеглі і гэтыя 20 гадоў.
Таццяна
СІДАРЭНКА-СЕГЕН,
выпускніца гэтага ж класа