Плённы  ўзаемаабмен  прафсаюзаў

Источник материала:  

Плённы  ўзаемаабмен  прафсаюзаў
12 ліпеня на Століншчыне прайшоў семінар “Аб выкарыстанні выдатных мясцін роднага краю ў развіцці і экскурсійна-турыстычнай дзейнасці, агратурызме і прапагандзе здаровага ладу  жыцця”. Вопыт гаспадарак Століншчыны пераймалі спецыялісты і старшыні прафкамаў Ляхавіцкага раёна.

Гасцей у Фядорах сустракаў старшыня Столінскага раённага камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Аляксандр Ільіч Лузай.

Далей удзельнікі семінара завіталі ў аграгарадок Глінка, дзе пазнаёміліся з інфраструктурай населенага пункта. Змаглі ацаніць і пераняць вопыт вядзення аграсядзібы “Столінскі хутар”, у якой гаспадары паказалі і расказалі пра саму сядзібу, пра развіццё агратурыстычнай справы.

Пры аглядзе славутасцяў Століна госці змаглі ацаніць прыгажосць, чысціню, утульнасць нашага горада. Здзіўляліся вялікай колькасці кветак як на вуліцах, так і на ўчастках каля аднакватэрных і шматкватэрных жылых дамоў, арганізацый і прадпрыемстваў. Спадабалася, што Столін захаваў сваю гістарычную частку, што ёсць кавалачак радзівілаўскай дарогі на адной з цэнтральных вуліц горада. Пабывалі ў парку “Манькавічы”, дзе даведаліся пра гісторыю старажытнага парку, гісторыю роду Радзівілаў.

Асаблівую цікавасць выклікаў музей у КСУП “Беражное”, у якім сабрана гісторыя роднага краю, гаспадаркі раёна, звесткі пра лепшых людзей вёскі. Фёдар Піліпавіч Бышко правёў экскурсію па музеі, расказаў пра сваіх аднавяскоўцаў, пра стварэнне калгаса, пра сённяшні дзень аграгарадка і гаспадаркі, які ўжо ў бліжэйшы час стане гісторыяй. Ён адзначыў, што менавіта ў Год малой радзімы мы павінны звяртаць увагу на тое, што робім для гісторыі свайго горада ці вёскі, свайго куточка, у якім нарадзіліся, выраслі. Бо будучыня нашай малой радзімы залежыць у першую чаргу ад нас.

У КСУП “Беражное” быў арганізаваны круглы стол, за якім госці і гаспадары падзяліліся вопытам. Аб рабоце прафсаюзнай арганізацыі КСУП расказала яго старшыня Вікторыя Віктараўна Кузаўка.

Прэзентацыю пра вопыт работы раённай прафсаюзнай арганізацыі падрыхтаваў і паказаў гасцям Аляксандр Ільіч Лузай. З дапамогай слайдаў ён праілюстраваў, як ідзе работа прафсаюзнага камітэта на жніве – як адзначаюць камбайнераў, што намалацілі па тысячы тон, як шануюць пераможцаў жніва, як праводзяць у гаспадарках дажынкі, на якіх ушаноўваюць чалавека працы.

Старшыня прафкама ААТ “Новая Прыпяць” Марыя Фёдараўна Свірыдчук правяла экскурсію па аграгарадку Альшаны. Цікава расказала пра быт вяскоўцаў, асаблівасці вёскі. Госці змаглі паглядзець цяпліцы, што стаяць на прысядзібных участках, ацанілі размах будаўніцтва ды і наогул усяго населенага пункта. Цікавасць выклікала скульптура Агурка, што ўстаноўлена ў Альшанах.

Знаёмства з інфраструктурай развіцця аграгарадка Альшаны і работай адміністрацыі ААТ “Новая Прыпяць” у разрэзе развіцця асабістых падсобных гаспадарак не пакінула нікога раўнадушным. Было шмат пытанняў. Гасцей цікавіла развіццё гэтага напрамку, нюансы арганізацыйнай дзейнасці, як гаспадарка ўжываецца з вялікай колькасцю прыватных падсобных і фермерскіх гаспадарак, што размешчаны побач.

У Кароцічах удзельнікі семінара вывучалі арганізацыю работы прафкама і дырэкцыі ААТ “Кароцічы” па стварэнні бяспечных умоў працы і быту работнікаў гаспадаркі.

Дырэктар ААТ “Кароцічы” Віктар Пятровіч Кудласевіч расказаў, як арганізавана работа кіраўніцтва ААТ з прафсаюзнай арганізацыяй. Ён звярнуў увагу, што яднанне прафсаюза і кіраўніцтва садзейнічае эканамічнаму ўмацаванню гаспадаркі.

Падводзячы вынікі сустрэчы, госці дзякавалі за плённую работу на працягу дня. Адзначылі, што для сваёй работы ўзялі шмат карыснага і патрэбнага. А вопыт прафсаюзнай арганізацыі аграпрамысловага комплексу Століншчыны будзе ўкараняцца і ў Ляхавіцкім раёне.

– Такія абмены вопытам вельмі карысныя як для арганізатараў семінара, так і для гасцей. Арганізатары свежым вокам ацэньваюць сваю дзейнасць. А госці бяруць шмат новага і карыснага для сваёй работы, – адзначыў Аляксандр Ільіч Лузай. – Атрымліваецца ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва, якое плённа дзейнічае на развіццё, прагрэс у прафсаюзных арганізацыях.

Удзельнікі семінара пакідалі наш раён з натхненнем і творчым запалам. Гэтаму садзейнічала тое, што яны ўбачылі: добраўпарадкаванне населеных пунктаў, прыгожа аздобленыя сядзібы, працавітых людзей і вынік іх работы. Многія параўноўвалі Століншчыну з гарадамі  Заходняй Еўропы.

Таццяна СЕГЕН

Фота

Фёдара БЫШКО

←В Барановичах возбуждено уголовное дело за уничтожение леса

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика