Шчаслівыя наперакор. Гісторыя прыгожага кахання, якое перамагло нястачы
У нядзелю праваслаўныя вернікі адзначалі дзень святых Пятра і Фяўроніі – заступнікаў кахання і шлюбу. Іх гісторыя з вылячэннем ад цяжкай хваробы, вернасцю адзін аднаму праз усё жыццё заварожвае і прымушае верыць не ў цудадзейныя магчымасці той жанчыны, а ў сілу кахання. Простая жыццёвая гісторыя пра людзей, якія, магчыма, і сёння жывуць побач з намі.
Ідучы на сустрэчу з Андрэем і Таццянай Мартыновічамі, меркавала ўбачыць людзей з трагізмам у голасе і пакутай у вачах. І нават разгубілася, калі іх, здаецца, гарэзлівыя позіркі спыніліся на мне. У абодвух аднолькавыя вочы: уважлівыя, чыстыя, зразумелыя.
Жыццё толькі пачыналася. Першае каханне, амаль дзіцячае, але сапраўднае, потым праверанае развітаннем на доўгія два гады службы юнака ў арміі. Планы на будучыню, на хуткае вяселле. Яна вучылася ў Віцебску, а ён у тым складаным 1996 годзе спрабаваў працаўладкавацца. У той дзень паехаў на спадарожнай машыне да чарговага патэнцыяльнага працадаўцы. Вадзіцель аказаўся нецвярозым…
Аварыя, пералом пазваночніка…
– Мы часта гаварылі па тэлефоне, я тэлефанавала да суседкі, а ён ужо чакаў там майго званка, – узгадвае тыя падзеі Таццяна Міхайлаўна. – Замест яго ў той дзень прыйшла мая маці. Сказала, што Андрэй у бальніцы – апендыцыт. Тады нават падазрэнняў не ўзнікла, што мне гавораць няпраўду. Даведалася пра ўсё, калі прыехала дадому. Урачы нічога не абяцалі, а мы былі ўпэўнены, што Андрэй хутка стане на ногі і ўсё будзе, як і раней.
– Цяжка было сесці ў каляску, – далучаецца да размовы Андрэй Віктаравіч. – На вуліцу амаль не выходзіў. Не хацелася, каб на мяне глядзелі, шкадавалі, увогуле гаварылі пра мяне. Тады мы жылі ў маіх бацькоў у Церабаве. І Таня ўвесь час была побач.
Вяселля ў іх не было. Усё адцягвалі тую падзею, спадзяваліся, што будзе, як планавалі – вясельная сукенка, урачыстая рэгістрацыя, жаніх вынясе нявесту на ганак на руках. А былі ружовы сціплы касцюм, супрацоўнік сельскага Савета ў іх дома, бацькі побач.
– Да афіцыйнага афармлення шлюбу падштурхнуў выпадак, – неяк гарэзліва дадае мужчына. – Была магчымасць атрымаць у Мышанцы двухпакаёвую кватэру, таму і распісаліся. Толькі, можа, пра гэта не трэба было гаварыць?
З таго моманту жыццё стала іншым. Перасяліліся ў сваю кватэру на першым паверсе, дзе паціху сваімі рукамі гаспадар абсталяваў сабе “безбар’ернае асяроддзе”. Хутка мясцовы ўчастак камунгасу і сельскі Савет зрабілі ў пад’ездзе пандус. Паціху Андрэй навучыўся рабіць усё сам: і кватэру ў парадку трымаць, і есці прыгатаваць.
– Калі мы з мамай стомленыя, тата нам стол накрывае, прыбірае, посуд памые, – тлумачыць тое, што для яе важна, іх дачка Каця.
Самая вялікая складанасць для Андрэя Віктаравіча, як аказалася, працаўладкаванне. Толькі аднойчы на пару месяцаў удалося папрацаваць на пашыве рукавіц, потым прадпрыемства закрылася. Па некалькі разоў на год тэлефануе ў службу занятасці, але прапаноў для яго там няма. І справа тут не столькі ў фінансавым пытанні, колькі ў жаданні быць занятым і карысным.
У сям’і Мартыновічаў сваё ўяўленне пра абавязкі. Яны не дзеляць справы на мужчынскія і жаночыя, таму і крыўд не бывае. Жанчына з усмешкай расказвае, як “кіруе” ёю муж, калі трэба нешта прыбіць ці прыкруціць, як не давярае пакупку складаных рэчаў. А дачка зазначае, што толькі бацьку давярае дапамагаць ёй з урокамі.
Чалавекам з абмежаванымі магчымасцямі Андрэя Віктаравіча складана назваць. Ён гаспадар і абаронца сваіх дзяўчат – жонкі і дачкі. Сам кіруе аўтамабілем, які набылі яго бацькі. Каляска ўмяшчаецца ў багажнік. З вадзіцельскага сядзення перасаджваецца ў яе і з веданнем справы вырашае жыццёвыя пытанні. Вось і ў дзень нашай сустрэчы сям’я прыехала ў Петрыкаў за будматэрыяламі – распачалі рамонт у кватэры. Праўда, магчыма гэта стала толькі з дапамогай ільготнага банкаўскага крэдыту.
Папрокаў на адрас тых, хто адказны за арганізацыю безбар’ернага асяроддзя, мужчына не выказвае. Толькі адзначае, што ў Мазыры і Калінкавічах з гэтым некалькі лепш, чым у Петрыкаве. Гаворыць, што заўсёды хацеў жыць у вёсцы ці невялікім горадзе, так і атрымалася. Але тут менш даступна ўсё для інвалідаў-калясачнікаў, ды і працу складаней знайсці.
– Андрэй вельмі моцны чалавек, – характарызуе мужа Таццяна Міхайлаўна. – І тады, пасля аварыі, менавіта ён нас маральна падтрымліваў. У шматмесячным лячэнні бачыла, што трымаўся лепш за іншых хворых з такім жа дыягназам. Сёння яго дзень пачынаецца і заканчваецца фізічнымі практыкаваннямі і масажам. Ёсць час – і я яму дапамагаю. Ён сябе не шкадуе, ніколі не ўпадаў у паніку ці апатыю. Побач з ім я шчаслівая. Калі гавораць пра сапраўднае першае каханне, якое адно і назаўсёды і робіць чалавека шчаслівым на ўсё жыццё, пры любых абставінах – дык гэта пра нас.
Алена БРУЦКАЯ.
Фота аўтара.