На кантролі – харчаванне механізатараў
Сельгаспрадпрыемствы актыўна вядуць корманарыхтоўчую кампанію, пачалася ўборка рапсу, ды і статкі ўжо знаходзяцца на пашы. І тут у большай ступені якасць правядзення работ залежыць ад правільнай арганізацыі іх умоў. У тым ліку ў плане забеспячэння гарачым харчаваннем. На гэтыя моманты на мінулым тыдні звярнуў увагу раённы камітэт прафсаюза работнікаў АПК.
Старшыня райкама Ірына Берднік наведала сталовыя ў шэрагу гаспадарак.
Як паведаміла повар сталовай ААТ “Курыцічы” Ганна Плікус, штодзень у сярэднім тут харчуюцца 16 працаўнікоў. Стравы разнастайныя. З прадуктамі перабояў не ўзнікае.
Па 16-18 абедаў гатуюць у сталовай КСУП “Чалюшчавічы”. У сярэднім, як адзначыла повар Ніна Цітоў, у дзень тут гатуюць па 25-30 порцый, бывае і па 40. Трэба сказаць, што да ўсяго ў сталовай гатуюцца вячэры для пастухоў. Аднак ёсць і праблемы. Напрыклад, у мясцовым магазіне райспажыўтаварыства бракуе прадуктаў першай неабходнасці – цукру, прыпраў, макаронаў. І заказаць іх даволі праблематычна.
У КСУП “Кашэвічы” возяць гарачыя абеды з КСУП імя Ульянава. Штодзень тут харчуюцца па 8-10 механізатараў.
Пакуль 9 чалавек харчуюцца ў ААТ “Навасёлкі”. Як адзначыла повар Тамара Кузняцова, да пачатку ўборачнай кампаніі колькасць абедаў узрасце. Што важна, перабояў з прадуктамі тут няма.
Па 35-40 гарачых абедаў штодзень гатуе повар КСУП “Запаветы Ільіча” Надзея Палтаран. Няма праблем з забеспячэннем інвентаром, а таксама наяўнасцю прадуктаў. Да таго сталовая мае магчымасць рэалізацыі абедаў жадаючым падсілкавацца. Трэба сказаць, што поўны кошт абеда крыху больш за 3 рублі. Для працаўнікоў жа гаспадаркі ён каштуе 1 рубель.
Гарачае харчаванне арганізавана і ў астатніх сельгаспрадпрыемствах раёна.
Дзмітрый АЛЯКСАНДРАЎ.
Фота аўтара.