Важнай прафесіі майстар

Источник материала:  

У гутарцы з урачом у час прыёму  мы не часта звяртаем увагу на медыцынскую сястру, што знаходзіцца побач. Атрымліваем парады, рэцэпты, накіраванні ад яго і не задумваемся нават, колькі нашых спраў застаецца пасля гэтага візіту: запісы ў медкарце, занясенне ў электронную базу дадзеных. Ды і незалежна ад таго, былі мы ва ўрача ці не, менавіта медыцынская сястра кантралюе, якія прышчэпкі і калі нам трэба зрабіць, калі прыходзіць час чарговай дыспансерызацыі, і клапоціцца пра тое, каб мы здалі патрэбныя аналізы для ранняга выяўлення нечаканасцяў са здароўем.

Важнай прафесіі майстар

Ірына Панамарэнка сёлета адзначыла свой сціплы юбілей – дваццаць гадоў працоўнага стажу. Скончыўшы Мазырскае медвучылішча, яна, ураджэнка Ванюжычаў, была накіравана ў раённую бальніцу. Два гады адпрацавала ў кабінеце ўрача фтызіятра, астатнія гады – участковай медсястрой.

– Выбар прафесіі вызначылі абставіны, – тлумачыць Ірына Мікалаеўна. – Доўгі час давялося даглядаць хворую састарэлую бабулю, потым другая пакутавала ад анказахворвання. Мне, падлетку, вельмі хацелася гэтыя пакуты зрабіць меншымі, дапамагчы. Таму і прыняла рашэнне быць як мага больш карыснай людзям, жыццё якіх выпрабоўваюць хваробы. Цяпер я – першы “кансультант” для сваіх ужо таксама немаладых бацькоў. Праўда, спачатку яны сумняваліся, перазвоньвалі сваёй пляменніцы, якая працуе ўрачом у Бараўлянах. З часам зразумелі, што ў гэтым няма патрэбы. Увогуле, у нашай сям’і трое медыкаў. Таксама ў Бараўлянах працуе медсястрой яшчэ адна траюрадная мая сястра.

Скончыўшы вучылішча з адной чацвёркай у атэстаце, Ірына Панамарэнка мела магчымасць працягнуць вучобу далей – у інстытуце, але ёй, дамашняй дзяўчыне, вельмі хацелася быць бліжэй да бацькоў. Гэтае жаданне быць побач з імі не дало магчымасці нават разглядаць варыянт паступлення ў медінстытут пасля школы – далёка і надоўга ад дому ехаць зусім не хацелася.

У хуткім часе Ірына выйшла замуж, нарадзілі дзвюх дачок, пабудавалі дом. Праўда, лёс выпрабоўваў жанчыну на трываласць. Старэйшая дачка з дзяцінства была інвалідам па зроку, ёй патрабавалася пастаянная ўвага. А пяць гадоў таму не стала мужа.

– Цяпер старэйшая дачка вучыцца ў Гродзенскім медыцынскім каледжы на тэхніка-масажыста. Выбар будучай прафесіі быў не вялікі. Але радуе тое, што мы будзем калегамі.  Дачка ўжо атрымала накіраванне – будзе працаваць у санаторыі “Чонкі” пад Гомелем.

За гэтыя два дзесяцігоддзі Ірыне Мікалаеўне давялося папрацаваць ці не з усімі ўрачамі паліклінікі. Часта згаджаецца на падмены і дапрацоўкі, калі нехта з медсясцёр ідзе ў водпуск. Так і атрымліваецца, што назапашваюцца веды, вопыт, знаёміцца з працай “вузкіх” урачоў спецыялістаў. На жаль, самой не ўдалося атрымаць кваліфікацыйную катэгорыю. Для таго патрэбна было рэгулярна ездзіць на курсы, а маючы на руках дзіця-інваліда, а потым застаўшыся ўдавою, гэта ніяк не атрымлівалася. Але ж вопыту медсястры не займаць.

– Многа гадоў працую з цудоўным урачом Ганнай Юхневіч, – расказвае пра працу Ірына Мікалаеўна. – На нашым участку больш паўтары тысячы чалавек. Цяжка было спачатку, у першыя гады. Потым стала ведаць амаль усіх у твар, новых – хутка запамінаць. Мая праца: выклік на дыспансерызацыю, правядзенне прышчэпак, абслугоўванне дзённых стацыянараў на доме для цяжкіх і слабых хворых, наведванне і працэдуры для анкахворых. Душэўнай стойкасці за гэтыя гады так і не выпрацавала. Людскі боль прапускаю праз сябе, з ім звыкнуцца немагчыма. Асабліва калі бачыш, як чалавек згарае літаральна на вачах.

Цяпер Ганна Яўгенаўна праводзіць прыём у другой частцы дня. Многія ж пацыенты прыходзяць раніцай. Імкнуся зрабіць так, каб гэты іх візіт быў не дарэмным: выдаю накіраванні на аналізы, іншыя абследаванні, каб наступны раз прыйшлі да ўрача для канчатковага назначэння лячэння. Некаму патрэбны вынікі аналізаў – тлумачу, кансультую, у якім парадку звяртацца да іншых урачоў.

З пачуццём удзячнасці гаворыць медсястра пра былых калег, якія дапамаглі ёй увайсці ў прафесію. Гэта Кацярына Мінчук, Тамара Будовіч, Тамара Пісарская і многія іншыя. Цяпер у калектыве медыцынскіх сясцёр Ірына Мікалаеўна “старажыл”. Лічыць, што пастаянная спагада да пацыентаў робіць медыкаў чулымі і ўважлівымі таксама адзін да аднаго. Удзячна лёсу, што некалі зрабіла правільны выбар, апрануўшы белы халат.

– Малодшая дачка кажа, што, напэўна, не зможа быць медыкам, бо баіцца рабіць людзям балюча, – расказвае на развітанне субяседніца. – Яна  малая яшчэ, таму не разумее, што менавіта медыцынскія работнікі ратуюць людзей ад болю, даюць ім надзею, ідуць побач, працягваюць руку дапамогі. Падрасце, веру, зробіць свой правільны выбар.

Алена БРУЦКАЯ.

Фота аўтара.

←Минприроды готово инициировать 5-летний мораторий на весеннюю охоту на водоплавающих птиц

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика