"Трэба было многа працаваць, шукаць словы". Касцёл пераклаў Новы Запавет на сучасную беларускую мову
Каталіцкая царква ў Беларусі пераклала Новы Запавет на сучасную беларускую мову. Новае выданне паказалі сёння ў Чырвоным касцёле. Тыдзень таму Біблію на беларускай мове прэзентавала і Беларуская праваслаўная царква.

Рыма-каталіцкі Касцёл цалкам пераклаў Новы Запавет на беларускую мову. У суботу, 25 лістапада, архіепіскап Каталіцкай царквы Тадэвуш Кандрусевіч прадставіў кнігу ў касцёле святых Сымона і Алены ў Мінску.
Пад чырвонай вокладкай рэлігійныя тэксты — больш за 680 старонак.
У дадатку — геаграфічныя карты, план — ён дае зразумець, якім быў Іерусалім у біблейскія часы. Тыраж Новага Запавета на беларускай мове — дзве тысячы экзэмпляраў, хутка кнігі распаўсюдзяць па касцёлах краіны.





Біблію часткова перакладалі на беларускую мову і раней — гэта рабілі каталіцкія і праваслаўныя святары, пратэстанты і свецкія перакладчыкі. Але зараз выйшла першае афіцыйнае выданне, зацвержданае касцёльнай уладай.
Працавала над тэкстамі секцыя па перакладзе пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі. Каманда з дзевяці чалавек, паралельна займаючыся яшчэ іншымі тэкстамі, перакладала Біблію з 2002 года.
Архіепіскап Каталіцкай царквы ў Беларусі растлумачыў, што пераклад быў складанай справай з-за адсутнасці распрацаванай біблейскай тэрміналогіі на беларускай мове.
Перакладчыкі трымаліся тэрміналогіі, якая прынятая ў касцёле, але «некаторыя габрэйскія, арамейскія і грэчаскія словы перадавалі ў іх арыгінальным гучанні, але ў кірылічным запісе», тлумачаць спецыялісты. Так рабілі, каб захаваць гістарычны кантэкст і з-за тэалагічнай неабходнасці.

— Гэта праца не аднаго чалавека, не аднаго перакладчыка, што рабілі б нейкі фармальны пераклад, але гэта крэатыўны пераклад! Трэба было многа працаваць, шукаць словы! — не стрымліваў эмоцый Тадэвуш Кандрусевіч, трымаючы ў руках новае выданне. — Я доўга займаўся перакладамі на рускую мову, калі быў у Маскве, але тады было значна лягчэй, бо мы многа бралі ад праваслаўнай царквы.
Тадэвуш Кандрусевіч адзначыў: ёсць і крытыка.
— Як калі мы былі яшчэ ў семінарыі і казалі пробныя казанні, было так: калі пра казанні нешта кажуць — хваляць ці ганьбяць — гэта вельмі добра. Калі нічога не кажуць, то быццам нічога і не было.
На прэзентацыі Новага Запавету не аднойчы ўзгадвалі беларускага першадрукара Францыска Скарыну. У 2017-м на Беларусі адзначаюць 500-годдзе першай друкаванай кнігі на беларускай мове — Бібліі Скарыны. Да гэтай даты хрысціянскія канфесіі Беларусі прымеркавалі свае выданні перакладаў на сучасную мову. Нагадаем: 15 лістапада Беларуская праваслаўная царква прэзентавала свой пераклад.
На каталіцкай прэзентацыі прысутнічаў праваслаўны святар Святаслаў Рагальскі. Ён атрымаў ад Кандрусевіча ў падарунак Новы Запавет у перакладзе каталікоў.
— Пераклад праваслаўнай царквы будзе карысны для касцёла, і пераклад каталіцкага касцёла, я спадзяюся, таксама будзе карысны і для праваслаўнай царквы, і для пратэстанцкіх супольнасцяў, бо ўсе мы жывем на той самай зямлі і, напэўна, будзем адзін ад аднаго вучыцца, — адзначыў Тадэвуш Кандрусевіч.
