У Нью-Ёрку памёр пляменнік Якуба Коласа

Источник материала:  
02.05.2015 09:21 — Новости Общества
З-за акіяну прыйшла тужлівая вестка. 28 красавіка на 96-м годзе жыцця ў Нью-Ёрку спынілася сэрца Аляксандра Міцкевіча — аднаго з арганізатараў жыцця беларускай дыяспары ў Амерыцы, пляменніка Якуба Коласа.


Фото с сайта gazetaby.com

Ягонае няпростае жыццё — нібы люстэрка пакручастага лёсу Беларусі ў 20 стагоддзі.
 
Аляксандар Іванавіч Міцкевіч нарадзіўся 15 лістапада 1919 года ў славутай вёсцы Мікалаеўшчына. Скончыў польскую пачатковую школу яшчэ ў Заходняй Беларусі, а настаўніцкія курсы — ужо ў савецкіх Стоўбцах. Паводле сямейнай традыцыі, за саветамі і падчас нямецкай акупацыі працаваў настаўнікам у вясковых школках на Стаўпеччыне, прычапляючы малым беларусам любоў да роднай мовы і гісторыі. За гэта мусіў заплаціць выгнаннем: у 1944-м Міцкевіч разам з сотнямі тысяч беларусаў падаўся на Захад.
 
"Мы лічылі, што бальшавікі не дазволяць нам спакойна жыць, — распавядаў мне Алесь Міцкевіч. — Лёс склаўся так, што на эміграцыі для беларушчыны былі значна большыя магчымасці, чым на радзіме".

Шлях Алеся Міцкевіча за акіян расцягнуўся на цэлае дзесяцігоддзе. У Францыі ён ўдзельнічаў у працы Каардынацыйнага камітэту беларускіх арганізацыяў, у Бельгіі — у дзейнасці Звязу беларусаў і Дапамогавага камітэта. Вывучаў філасофію ў славутым Лёвенскім ўніверсітэце, што даў прытулак дзясяткам свядомых беларусаў.
 
У 1955-м Алесь Міцкевіч на запрашэнне дзядзькі Міхася (брат Якуба Коласа, вядомы ў літаратуры пад псеўданімам Антось Галіна), пераехаў у Нью-Ёрк. Цяжка і старанна зарабляў на пражыццё фізічнай працай. А ўвесь вольны час прысвячаў справе ўсяго свайго жыцця — беларушчыне.
 
Доўгія дзесяцігоддзі пляменнік Якуба Коласа быў адным з завадатараў беларускага жыцця ў Амерыцы. Стаў адным са стваральнікаў і кіраўнікоў Беларуска-Амерыканскага дапамогавага камітэта (дабрачынная арганізацыя для дапамогі беларусам у працэсе эміграцыі і ўсталявання ў ЗША). Старшынстваваў у нью-ёркскім аддзеле найбуйнейшага грамадска-палітычнага згуртавання дыяспары Беларуска-Амерыканскага задзіночання і ў Царкоўнай радзе пры Кафедральным саборы Кірылы Тураўскага ў Брукліне. Цягам дзесяцігоддзяў адказваў за распаўсюд па ўсім свеце галоўнай эмігранцкай газеты "Беларус". 15 гадоў выдаваў двухтыднёвік БАЗА "Весткі і паведамленьні".
 
Сябар Рады БНР, ён актыўна ўдзельнічаў у зборы сродкаў на дапамогу пацярпелым ад Чарнобыльскай катастрофы ў Беларусі і падтрымку палітычных уцекачоў…
 
Шырокі жыццёвы кругагляд, сумленнасць і надзвычайная адказнасць дазволілі Алесю Міцкевічу ў роўнай ступені паспяхова пісаць і рэдагаваць газетныя артыкулы, выконваць функцыі скарбніка ў эмігранцкіх арганізацыях ды трымаць сувязь з беларусамі па ўсім свеце.
 
"Я вёў вельмі шырокую карэспандэнцыю амаль з усімі асяродкамі ў замежжы і часткова ў Беларусі, — распавядаў мне спадар Алесь, які за сваё жыццё даслаў дзесяткі, калі не сотні тысяч лістоў. — Лічу, што лучнасць і паразуменне ёсць найважнейшым складнікам у змаганні за вольнасць. Бо гэтая лучнасць яднае беларусаў, кансалідуе і салідарызуе грамадства".

Не маючы ані кроплі славалюбства, пра ўласныя дасягненні Міцкевіч казаў каротка: "Мая роля ёсць сціплая". І ўсё жыццё працягваў спакойна і метадычна рабіць "сваю беларускую справу".
 

"…жыву жыццядайнымі Беларускімі Справамі"

Улетку 2004-га я пабываў у гасцінным доме Алеся і Тэрэсы Міцкевічаў у нью-ёркскім раёне Куінс. З таго часу мы ліставаліся. Спачатку між Менскам і Нью-Ёркам, потым — між Нью-Ёркам і Лонданам. Ад ягоных па-таварыску цёплых лістоў станавілася светла на душы, хацелася ўставаць і дзеіць. І ці не ў кожным допісе — развагі пра прынцыпы вольнага чалавека і свабоднага грамадства, без якіх, на думку спадара Алеся, Беларусь ніколі не стане незалежнай дэмакратычнай краінай.
 
Апошнім часам я тэлефанаваў яму некалькі разоў на год, кожны раз чуючы ў адказ выбачэнні, што здароўе ўжо не тое і ён не можа працягваць ранейшае ліставанне.
 
"Хочацца яшчэ пабачыць, што будзе на свеце і асабліва ў Беларусі і ў беларускім замежжы", — напісаў мне ў адным з апошніх лістоў спадар Алесь, дадаючы: "Я і цяпер ў сваім старэчым веку са шматлікімі недамаганнямі жыву вось гэтымі жыццядайнымі Беларускімі Справамі".

На маё віншаванне з 95-мі народзінамі ў слухаўцы з іншага боку Атлантыкі адказаў аслабелы, алё ўсё яшчэ не без энтузіязму голас: "Цяпер зусім мала рухаюся, дома ў мяне "шпіталь". Усталявалі апаратуру, прыходзяць лекары, чэкаюць усе параметры"...

Побач з ім заўжды была жонка Тэрэса, а таксама дочкі Яланта, Марыя ды ўнук Юзік. Апошні стаў у Штатах вядомым спартовым журналістам, і Алесь Міцкевіч ім асабліва ганарыўся: "Ён нарадзіўся ў Амерыцы, ягоны бацька італьянец, але Юзік цудоўна ведае беларускую мову. Мы ж гадавалі!"

Джэймс Парзьяле першым і паведаміў беларускай грамадзе аб смерці дзеда.
 
2 траўня Аляксандра Міцкевіча пахаваюць на беларускіх могілках у горадзе Іст-Брансуік (Нью-Джэрсі) пасля адпявання ў беларускай царкве Святой Жыровіцкай Іконы Божай Маці.
 
Аднойчы я запытаў, ці не жадае ён наведаць Беларусь, дзе не быў болей за паўстагоддзя. Адказ спадара Алеся мяне ўразіў: "Ёсць вядомы прыклад аднаго польскага эмігранта ў ЗША, які не хацеў вяртацца на Бацькаўшчыну, бо не мог суіснаваць з цяперашняй польскай ментальнасцяй. Гэтаксама і я. Надта ўжо многа змянілася. Незваротна многа..."
Аднак я дакладна ведаю, што ў думках ён не пакідаў радзімы ні на дзень. Тут, па-над краявідамі роднай Мікалаеўшчыны, і спачне яго душа.


Жыццёвыя прынцыпы Аляксандра Міцкевіча

Пра наш лёс

"Кожны народ мае свой спецыфічны лёс, гісторыю, дзеля чаго не заўсёды можна раўняць адзін з адным. Лёс хацеў, каб беларусы з двух бакоў мелі суседзяў з імперскімі памкненнямі ды наўпростых кантактаў з Захадам не мелі. Нельга забываць, што за савецкімі часамі ў 30-х наш народ перажыў ці не найвялікшую трагедыю ў гісторыі, страціўшы праз знішчэнне Крамлём амаль усю нацыянальную інтэлігенцыю. Гэта была цана за "беларусізацыю", цана ўколу-антыбіётыку, дзякуючы якому Беларусь пратрывала да сённяшняга дня".
 
Пра беларускую эміграцыю

"Наша эмігранцкая дзейнасць мела свае дасягненні і хібы. Не дабачвалася важнасць добра арганізаванай грамадскасці, не звярталася ўвага на каардынацыю дзейнасці. Балазе больш адукаваная інтэлігенцыя старалася нечым адзначыцца, ці то выданнем кніг, ці то ўдзелам ў навуковых і палітычных канферэнцыях… Сёння адным з галоўных прыярытэтаў нашай палітыкі ёсць ўмацаванне ўласных асяродкаў".
 
Як даць рады русіфікацыі

"Пачынаць трэба з асветы. Усё залежыць ад таго, ці здолеем даць дзецям і моладзі сапраўды беларускую патрыятычную адукацыю. Так, у кожнай газеце найперш мусяць быць змешчаныя лекцыі па беларускай мове. Але нельга друкаваць сляпыя старонкі. Увесь час думайце, як падаць матэрыял, каб зацікавіць чытача, а не адбіць ягоную ахвоту разбірацца ў аб'ёмістых навуковых тэкстах.
 
Таму і ў Беларусі, і на эміграцыі мы павінны складаць больш метадычных дапаможнікаў для настаўнікаў і выкладчыкаў па мове і гісторыі, як гэта робіцца ў амерыканскай сістэме адукацыі. Бо выцягнуць лекцыю з падручніка — няпростая справа. Як і 100 гадоў таму, настаўнік — нашая апора — нясе веды беларускім дзецям. Трэба больш займацца прыватна, заўжды ўдасканальваць уласны светапогляд. Гэта нікому не зашкодзіць".
 
Пра будучыню Беларусі

"Якой я бачу Беларусь праз 50 гадоў? Цяжка сказаць. Палітычныя аглядальнікі кажуць, што для такіх краінаў як Расея, Украіна, Арменія, Азербайджан і шэрагу іншых, у тым ліку і Беларусь, патрабуецца яшчэ найменш 30 гадоў, каб іхні стан палепшыўся. Я падзяляю такую пазіцыю".
 
Пра асабістае крэда

"Я заўжды раўняўся да тых, хто безупынна і колькі можа аддаецца для сваіх людзей, беларусаў. Галоўнае для мяне — жыць сярод свайго народу і працаваць для беларускае справы з упэўненасцю, што не раблю гэтым шкоды. У "Евангеллі" напісана: "Дапамажы бліжняму свайму". Гэта абавязак кожнага з нас. Жадаю ўсім беларусам берагчы здароўе дый імкнуцца з надзеяй і верай да шчаслівейшага жыцця ў сваёй дарагой старонцы!"
←"Гэтыя раны да гроба не зажытыя". Как в белорусской деревне пережили войну - взаправду и в кино

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика