У Брэсце да Анатоля Лябедзькі выйшлі дзесяць міліцыянераў
У горадзе праходзіў пікет, на якім збіралі подпісы за рэгістрацыю ў якасці кандыдатаў у дэпутаты Брэсцкага гарсавета.
Адным з "кандыдатаў у кандыдаты" з'яўлялася актывістка Аб'яднанай грамадзянскай партыі. Старшыня АГП побач раздаваў інфармацыйныя матэрыялы.
Вось што сказаў Анатоль Лябедзька:
"Дэ-факта для нас стартуе кампанія "За сумленныя выбары". Мы кажам, што ў выбарах удзел не бярэм, праводзім сваю кампанію. Мэта яе - гэта актуалізацыя пытання, што ўсе нашы праблемы - сацыяльныя і эканамічныя - завязаныя на свабодныя і сумленныя выбары, якіх няма ў Беларусі. Сёння мы прыехалі і раздаём інфармацыйныя матэрыялы, прысвечаныя карупцыі і прывілеям улады, збіраем подпісы за адстаўку ўраду і адмену аўтамабільнай пошліны".
Пікет праводзіўся каля Цэнтральнага ўнівермага. Праз 15 хвілін пасля пачатку акцыі з'явіліся каля дзесяці міліцыянераў. Удзельнікам пікета прапанавалі разысціся, у арганізатараў перапісалі пашпартныя дадзеныя.