Мая праўда

Источник материала:  

Паразважаць чарговы раз аб сям'і мяне прымусіў адзін тэкст аб шматдзетнасці, які я выпадкова ў інтэрнэце. У многім з жанчынай-аўтаркай тэксту я не згодны.

Мая праўдаЯна распавядае аб тым, што мае адно дзіця і сама адзіная ў сваіх бацькоў. Ды гэта ёй падабаецца, бо тады "ўсе на сваіх месцах": "І калі я была маленькай, то, просячы ў бацькоў сястрычку, ніколі не прасіла тры сястрычкі. Мне заўсёды падабалася блізкасць адно да аднаго. І адчуванне ўнікальнасці кожнага ўдзельніка праекта. Ніхто не прэтэндуе на чужое месца. Мама — гэта мама, тата — тата, я — дзіця", — так напісана ў публікацыі. Далей жанчына паведамляе, што ёй па жыцці трапляюцца ў асноўным шматдзетныя сем'і, якія нараджаюць вялікую колькасць дзяцей толькі для нейкай выгады: "У асноўным на шляху трапляліся дрэнныя шматдзетныя сем'і, сем'і са звар'яцелымі мамкамі, якія рэалізуюць свае амбіцыі ў створаным імі ж самімі каралеўстве. Сем'і, дзе не асабліва турбаваліся пра якасць жыцця дзяцей, спадзеючыся на розныя льготы і дадатковыя выгоды. Рэлігійныя сем'і". Дзіўна, чаму ў гэты шэраг трапілі і рэлігійныя сем'і, якія маюць шмат дзяцей незалежна ад ільгот, толькі праз свае жыццёвыя прынцыпы і каштоўнасці. Але ж не пра тое зараз размова.

Я хачу звярнуць увагу на іншае, на саму ідэю таго, што адно дзіця ў сям'і, — гэта добра. Гэтая ідэя спароджана эгаізмам ХХ стагоддзя і выгадавана спажывецтвам стагоддзя ХХІ. У грамадства атрафіравалася павага да сям'і. Асобны чалавек стаў больш каштоўным, чым сям'я. Удумайцеся: стала нармальным лічыць, што кожнае новае дзіця адбірае кавалак шчасця, дабрабыту, любові бацькоў у папярэдняга. Хаця насамрэч добрыя, мудрыя бацькі ніколі такога не дапусцяць. Тое, што хтосьці выкарыстоўвае шматдзетнасць "з карыслівымі мэтамі" (калі ўвогуле гэта магчыма ў не асацыяльных сем'ях, бо выхоўваць дзяцей — гэта самая адказная і складаная праца, за якую не плацяць, а толькі ты сам выдаткоўваеш усе свае і матэрыяльныя, і духоўныя рэсурсы), не азначае, што мець шмат дзяцей — дрэнна. Гэта павінна быць ні добрым, ні дрэнным, а НАТУРАЛЬНЫМ.

Паважаная аўтарка прыводзіць у якасці ледзь не адзінай шчаслівай шматдзетнай сям'і Анджэліну Джалі і Брэда Піта. Гэта, на мой погляд, недарэчна. Маўляў, яны багатыя, таму ў іх і шчасце ёсць пры такой колькасці дзяцей. Не. Шчасце не ў тым, бедны ты ці багаты. Калі маеш вялікую сям'ю, то і будзеш багаты, бо маеш шмат працоўных рук. З такім запаветам беларусы жылі спрадвеку. Менавіта таму і кажуць: адзін сын — не сын, два сыны — паўсына, тры сыны — сын. "Цяпер прынята ўспамінаць, як раней па сем-дзесяць дзяцей нараджалі. У сям'і маёй прабабкі было сямёра дзяцей. І ведаеце, што ўспамінала мая бабуля, якая была старэйшай у гэтай сям'і? Катаржную працу з раніцы да вечара, кавалак хлеба на семярых і адсутнасць дзяцінства", — выказвае яшчэ адзін аргумент жанчына. Аднак я думаю, што, калі б замест сямі было адно дзіця, сям'я ўвогуле не выжыла б — не было б каму працаваць. Беднасць была не ад таго, што шмат дзяцей, а ад таго, што больш працавалі "на дзядзьку", чым на сябе. Мая бабуля таксама вырасла ў вялікай сям'і — з пяццю дзецьмі — і ніколі на гэта не скардзілася: так, было цяжка, але ж весела і па-чалавечы цёпла.

Аўтарка публікацыі, на жаль, мае толькі адно дзіця і болей не хоча. Але ж не трэба людзям даказваць, што гэта добра ці нармальна. Гэта памылковая пазіцыя для нацыі. Ужо хаця б таму, што з такой пазіцыяй нас проста выцясняць тыя, для каго сям'я засталася найкаштоўнейшым скарбам, — арабы ды ўвогуле мусульмане. Пакуль што яны рассяляюцца па Заходняй Еўропе, але і Беларусь гэта не абміне. Хочам захаваць нацыю? Трэба шанаваць сям'ю і нараджаць больш.

А калі людзі ў нас жывуць так, што, маючы шмат дзяцей, не могуць іх добра гадаваць, хоць і працуюць, не лайдачаць, то тут пытанне не да шматдзетнасці, а да ўрада, які павінен забяспечваць адпаведны ўзровень жыцця грамадзянам краіны. Калі не льготамі, то тады магчымасцю зарабляць шмат самім. А колькі ў нас сем'яў, дзе адно дзіця ці ніводнага пры вельмі добрых даходах бацькоў? Сам такіх шмат бачыў. Замест дзяцей тыя грошы ідуць на бясконцыя рамонты кватэр, на новыя тэлевізары, чарговыя аўтамабілі і гэтак далей. Жыццём для сябе замянілі жыццё для сям'і.

І яшчэ: калі б усе прымалі рашэнне аб тым, што нараджаць трэба толькі тады, калі ты багаты, то беларусаў бы сёння ўжо не засталося. Успомніце 90-я. Гэта цэлае пакаленне тых, хто нарадзіўся ў няпростыя часы (у тым ліку і я), і па такой логіцы іх бы не нарадзілі, бо бацькі не мелі шмат грошай. Дзякуй усім, хто нараджаў у тое жахлівае дзесяцігоддзе. Вы выратавалі беларусаў ад знікнення з зямнога шара.

Уладзіслаў КУЛЕЦКІ.   Мая праўдаНават адно дзіця — зашмат... ...калі імкнешся жыць для сябе

Нядаўна ў маёй сям'і адбылася цікавая гутарка. Амаль што ўсе агульныя размовы ў нас здараюцца за сталом з вячэрай або сняданкам. І вось неяк за чаем 16-гадовая дачка спытала бацьку: "Тата ці не хочацца табе пагадаваць унукаў?" Бацька не спужаўся (гэта я паспешліва выкрыкнула: "Даша, толькі не ад цябе! Пакуль.") і цалкам сур'ёзна стаў разважаць, што ў яго занадта шмат спраў і планаў, каб думаць пра ўнукаў... Тры пары маладых вачэй з цікаўнасцю глядзелі на нас з мужам. Мы сумеліся і сталі няскладна тлумачыць, што дзеці — гэта, вядома, здорава і добра, але вельмі адказна (тут я прыслухалася да сябе: ці шчыра кажу, бо наўрад ці сама пра гэту адказнасць увесь час памятаю) і складана. Вось яно. Дзеці выраслі і глядзяць на тое, як мама і тата разважаюць пра, па сутнасці, іх з'яўленне на свет. І нам няёмка, бо дазнавальнікі нашы з'яўляюцца адначасова суддзямі, сведкамі і ахвярамі. І адно толькі выратоўвала сітуацыю за сталом — прыязнасць і любоў паміж тымі пяццю чалавекамі, якія за ім сядзелі.

А зараз я прачытала артыкул Уладзіслава Кулецкага і здзівілася. Здзівілася таму, што на тэму шматдзетнасці разважае і на бок шматдзетных стаў... малады халасты хлопец, які па-першае, сам з'яўляецца адзіным дзіцем, а па-другое, уласных дзяцей пакуль не мае. Здзівілася і абрадавалася. Бо калі сярод маладых людзей ёсць такія развагі, значыць, будуць і дзеянні...

Так здарылася, што ў мяне трое дзяцей. Насамрэч гэта няшмат. Апошняе я зразумела, калі дзеці амаль выраслі. Праўда, з вялікімі дзецьмі, пакуль яны жывуць з табой, свае складанасці, і галоўнай зараз з'яўляецца неабходнасць накарміць немаленькую сям'ю. Па вялікім рахунку, дзеля гэтага трэба штодня 8 гадзін (альбо поўны працоўны дзень) праводзіць на кухні. Што ва ўмовах дваіх працуючых бацькоў немагчыма.

Цікава іншае: сярод маіх сяброў чатыры сямейныя пары з такой жа альбо яшчэ большай колькасцю дзяцей. Пры тым, што сябраваць мы пачалі, калі дзяцей альбо не было, альбо было па адным—двое. Напэўна, гэта справа заразная. Не жартую. У коле маіх аднадзетных бацькоў, напрыклад, было не больш за двое наследнікаў. Пры гэтым ніводная шматдзетная сям'я з ліку маіх сяброў не падыходзіць пад крытэрый "з карыслівімі мэтамі" і ніводная маці не падобна на "звар'яцелую, якая рэалізуе свае амбіцыі ў створаным ёю ж самой каралеўстве". Хаця і сем'і, і жанчыны ўсе вельмі розныя. Дарэчы, рэлігійнымі з гэтых чатырох сем'яў сябе могуць назваць хіба толькі дзве, і тое рэлігійнасць іх стала хутчэй наступствам шматдзетнасці, чым першапрычынай.

Аднак тады, за сталом, мы ў парыве быць шчырымі, расказвалі, што дзеці, любая іх колькасць, гэта, вядома ж, не проста. Не з-за таго, што трэба ім нешта даць, нечым забяспечыць і нешта надзвычайнае для іх стварыць... Для мяне гэта надта абстрактныя развагі. Бо дзеці самі бяруць ад жыцця і бацькоў тое, што хочуць. Ні колькасць іх, ні матэрыяльны стан сям'і не ўплываюць на іх выбар і здольнасці браць лепшае.

Дзеці — гэта складана, бо, тлумачыла я, у гуку вады, якая льецца з душа, табе чуецца крык дзіцяці, калі яно маленькае. І тады, калі яно маленькае, зусім не маеш часу для сябе, а калі дзіця падрастае, то з кожным годам усё цяжэй памятаць, што яму ўсё яшчэ вельмі патрэбныя і твой час, і твая ўвага...

— Але ж цікава, калі на свет з'яўляецца іншы чалавек, падобны на цябе, — перапыніў маю думку 18-гадовы сын.

— Так, толькі вельмі непрыемна, калі гэты чалавек паўтарае не самыя лепшыя твае рысы характару і асаблівасці светаўспрымання, — уздыхнуў бацька.

— Затое тата можа пад выглядам цацкі для сына нарэшце купіць усе тыя машынкі, святлафоры і чыгунку, пра якія ён марыў, калі сам быў хлопчыкам, — паспяшалася прывесці станоўчы аргумент я.

— А я вось ведаю такую нішу на адной са станцый метро, куды залазіў, калі быў хлопчыкам. Цяпер мару, што калі ў мяне будзе дзіця, я яго туды запушчу, каб яно працягнула даследаванне гэтай нішы, — нечакана прызнаўся наш 23-гадовы першынец.

Ну добра, падумала я, што хлопчыкі мае хаця б такім чынам матываваныя на працяг роду. Даша толькі ўважліва слухала...

Што тычыцца колькасці, то ў маёй маці я — адзінае дзіця, але наўрад ці яе жыццё менш бестурботнае, чым маё — маці траіх дзяцей. І наўрад ці, пры ўсёй вялізнай бацькоўскай дапамозе мне, я адчую сябе больш забяспечанай, чым мая сяброўка, у якой ёсць родная сястра. Асабліва калі казаць пра забеспячэнне не матэрыяльнае, а ментальнае, пра адчуванне адзіноты, калі бацькі аддаляюцца ад цябе ў сілу ўзросту альбо натуральных законаў жыцця.

Самая галоўная складанасць у нараджэнні дзяцей — навучыцца іх любіць. Не інстынктамі, а насуперак інстынктам. Своечасова адпускаць іх ад сябе, давяраць ім, абараняць, дапамагаць, вымольваць, любіць, калі яны не такія, як табе хочацца, калі робяць не тое, што б ты хацеў... І якая тут розніца — колькі іх?

Больш за тое, гэта справядліва не толькі ў дачыненні да дзяцей, але і ў дачыненні да любога чалавека, з якім ты жывеш побач — муж гэта твой альбо жонка, старая маці ці хворы бацька, адзінокая сястра ці нямоглы брат. Аднак жыць самому — яшчэ цяжэй. Бо жыць без любові ўвогуле не ўласціва чалавечай прыродзе, тужліва і сумна. Сербскі багаслоў Іусцін (Паповіч) на прыкладах твораў Дастаеўскага даказвае, што засяроджванне на ўласным "Я" ёсць слепата і цемра для чалавека, пекла, дзе рэальнасць схаваная: "бо бачыць рэальнасць — гэта менавіта значыць выйсці з сябе і перанесці сваё Я ў не-Я, у іншае, у бачнае, г.зн. палюбіць".

У шматдзетнай сям'і ёсць важныя перавагі. Бо калі ты робіш нешта не так, то побач не адзін, не два, а як мінімум чатыры настаўнікі, і ў кожнага свой метад навучання. Старэйшы сын мякка папракне, малодшы моўчкі пойдзе ў свой пакой, муж грукне дзвярыма, а дачка ласкава прытуліцца. І які-небудзь з гэтых захадаў абавязкова падзейнічае.

Мая праўда

Магчыма і такое, што шматдзетнасць прызначана для "складаных выпадкаў", калі патрэбна менавіта некалькі самых розных уздзеянняў на тваё Я, каб, ты, нарэшце, задумаўся і зрабіў пэўную ўнутраную работу: убачыў рэальнасць, перанёс, нарэшце, сваё Я ў адно, два або чатыры не-Я. Каб зноў стала магчымым усім сесці за асветлены сонцам альбо лямпай стол і разам смяяцца, і пачуць пахвалу наконт смачнага сняданку альбо вячэры (у вялікіх сем'ях едакі не капрызныя). Каб кожны расказаў пра свае праблемы, радасці і жаданні, і кожны знайшоў патрэбныя падтрымку, суцяшэнне і параду.

Безумоўна, ты нясмела будзеш спадзявацца на тое, каб сведкі і суддзі твайго жыцця не судзілі цябе строга, і будзеш тайна марыць, каб у кожнага з іх у жыцці быў падобны стол, з ежай, якая здаецца ўсім смачнай, са смехам, са светлымі позіркамі і патрэбнымі словамі... А рамонты, тэлевізары і аўтамабілі прыкладуцца.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

←Есть вопрос

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика