Практычныя сініцы
Яны іншы раз могуць вытварыць такое, што людзей ажно смех разбірае. Ды вось для птушак гэта зусім не забава
Калі мне даводзіцца гутарыць з такімі ж апантанымі аматарамі прыроды, як і сам, абавязкова прашу расказаць нешта цікавае з жыцця птушак ці звяроў. Ах, якія ж здараюцца забаўныя, часам проста неверагодныя гісторыі. У такіх выпадках пра крылатых, як і пра чалавека, хочацца сказаць: «Ну і птушкі! Ну і малайцы!» Паслухайце, паважаныя чытачы, што іншы раз могуць «прыдумаць» нашы мілыя, добрыя сініцы.
У мядзельскай сярэдняй школе № 1 імя Уладзіміра Дубоўкі настаўніцай малодшых класаў працуе Алена Паршута. Адначасова яна і кіраўнік Мядзельскага раённага аддзялення грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (АПБ). Гэты другі абавязак, а больш правільна — захапленне, канешне, па душы Алене Вячаславаўне. Птушак яна любіць проста самааддана, і асаблівыя адносіны да сініц. Менавіта гэтае аддзяленне АПБ у 2009 годзе выступіла каардынатарам зімовага ўліку птушак у Беларусі. Тады, у студзені, надараліся вельмі снежныя і халодныя дні. Але ж нягледзячы на гэта, многа людзей, асабліва школьнікаў, прыйшло на дапамогу нашым крылатым насельнікам, яны вывешвалі кармушкі, назіралі, якія птушкі часцей за ўсё прылятаюць да іх, вялі ўлік. Быў сабраны каштоўны навуковы матэрыял аб паводзінах птушак у зімовы перыяд, атрыманы адказы на многія пытанні з жыцця крылатага «насельніцтва» роднага краю.
На першым месцы тады па наведванні кармушак аказалася вялікая сініца, на другім — дамашнія і палявыя вераб’і. А ўсяго, як высветлілася, да такіх зімовых сталовак у Беларусі прылятаюць 28 відаў птушак.
— І сёлета, бадай, сініцы самыя частыя госці ля кармушак? — пытаюся ў А. Паршуты.
— Ды не, іх нават менш, чым леташняй зімой. Відаць, шмат загінула. Ох і шкада! На першае месца выйшлі вераб’і, сініцы — за імі. Ну і яшчэ снегіры. Нашы дзеці вывесілі шмат кармушак і каля школы, і каля сваіх дамоў. Асабліва радуюцца дзеці, калі прылятаюць сініцы вялікія, і іх пазнаюць адразу ж. Гэтыя птушкі сталі для нас як свае, яны ж і карысныя, бо знішчаюць многа шкодных насякомых. Дрэнна, што надта нахабна паводзяць сябе галкі, адганяюць сініц ад кармушак. Каб не даць іх у крыўду, нашы школьнікі дзяжураць ля кармушак. Зараз каля школы дзе-нідзе сышоў снег, з’явіліся праталіны, тут сініцы і праводзяць шмат часу, шукаюць корм.
— Ну а цікавыя птушыныя гісторыі?
— Неяк, калі снегу было столькі, што ні прайсці, ні праехаць, і маразы пякучыя, прымацавалі мы на галіне дрэва цэлы бохан белага хлеба, — працягвае Алена Вячаславаўна. — Іду марознай раніцай на работу і бачу: сядзіць на бохане сінічка, дзяўбе. Усё ў парадку, думаю, прыляцела на сняданак, і бохана хопіць ёй надоўга. Вяртаюся са школы — такі ж малюнак: сінічка на бохане.
Мінулі тры дні. У чарговы раз я не ўбачыла тут птушкі. Бохан вісіць, а яе няма. Спынілася і думаю: што ж такое? І раптам бачу — зверху бохана вытыркнулася птушыная галоўка. Прыглядаюся больш уважліва і ўсё разумею: сініца так добрасумленна і рупліва дзяўбла хлеб, што ў сярэдзіне бохана атрымалася як бы нара. Птушка яе расшырыла, прабралася далей у сярэдзіну бохана, выдзяўбла мякіш і там размясцілася. А зверху яшчэ і акенца прадзяўбла, каб свет бачыць...
— Практычная сініца. У бохане зрабіла сабе жытло і сталоўку. І цёпла, і сытна.
— Так. І людзі, якія гэта бачылі, здзіўляліся, паціскалі плячыма і смяяліся.
Арнітолаг Сямён Левы, які працуе ў АПБ, распавядае, што сініцы — адны з самых практычных птушак у суровую зіму. Каб лягчэй пераносіць маразы, яны ўмеюць рацыянальна выкарыстоўваць, скажам так, мясцовыя ўмовы. Напрыклад, трубаправоды, на якіх месцамі патрэскалася ізаляцыя і з’явіліся шчыліны. Птушкі спрытна залазяць туды і адчуваюць сябе вельмі ўтульна ў цёплай «кватэры». Могуць яны пасяліцца і ў пустой шпакоўні, жыць тут спакойна да вясны, пакуль не прыляціць сапраўдны гаспадар.
Дзесьці я чытаў, што дасціпная сініца змайстравала сабе жытло ў... паштовай скрынцы. І гаспадыня дома, каб не турбаваць яе, купіла новую скрынку, а на першай зрабіла надпіс: «Гасцініца для сініц». Птушка ацаніла такі добры жэст як належыць: упэўнена і без страху знясла ў незвычайным гняздзе яйкі, з якіх вылупіліся птушаняткі.
Канешне, узімку сініц вельмі даймае голад. Таму недалёка ад вывешаных кармушак яны могуць трымацца месяцамі. А вось што я назіраю часам у лесе ля нашай вёскі. Тут з краю вялікія старыя сосны, яліны, ёсць чым паласавацца дзятлам і зімою. Яны без адпачынку «апрацоўваюць» шышкі, здабываюць сабе ежу. Частка насення з-пад дзюбы дзятла падае на зямлю. А тут ужо напагатове сініцы. Што і гаварыць, вельмі задаволеныя — ежа дастаеццца без ніякіх намаганняў. Так і праводзяць зімовыя дні ў кампаніі з дзятламі, і ніякай ім бяды.
Ну, скажыце, ці ж не практычныя сініцы? А як жа інакш, калі прыціснуць халады і ўсё заваліць снегам. Канешне, добрыя людзі не пакінуць у бядзе сініц. Але і самім, каб не замерзнуць і не галадаць, трэба быць дасціпнымі. Словам, як у людзей: хочаш жыць — круціся. Нездарма тая самая вялікая сініца зімой так прывыкае да чалавека, што можа браць корм з далоні...