АЛЁ, Народ на провадзе

Источник материала:  
Шопінг і тэрапія

Не раз даводзілася чуць пра тое, што дрэнныя думкі можна разагнаць паходам па крамах. Зрэшты, гэта не чутка, а парада псіхолагаў. Яна нават назву мае — шопінгатэрапія.

Рыма ўспомніла пра яе ў шэры халодны дзень, калі настрой быў акурат такі, і вырашыла скарыстацца: проста прымусіла сябе выйсці з дому, пайсці ў гандлёвы цэнтр. І ўжо там пачаць тэрапію са свайго любімага аддзела жаночай бялізны, бо ў ім жа столькі ўсяго прывабнага — розных колераў і фасонаў, у камплектах і без...

Пахадзіла там, палюбавалася, але ж нічога не дабраўшы, накіравалася да выхаду.

Па дарозе яшчэ злавіла на сабе позіркі двух мужчын (яны не адважыліся, відаць, дапамагаць сваім жонкам у выбары бялізны і чакалі іх тут). Абодва з цікаўнасцю пазіралі на Рыму, адзін нават усміхаўся з затоенай хітрынкай... "Узрост бярэ сваё, — падумала яна, — але ж не ўсё яшчэ страчана, калі мужчыны так пазіраюць".

З такой думкай Рыма рушыла ў суседні аддзел — з парфумай.

Там у асноўным былі жанчыны, але і яны пазіралі на Рыму. Злавіўшы нечы позірк, яна апусціла вочы ўніз — і ледзь не самлела: на яе чорнай сумцы, якую зазвычай насіла на паўсагнутай руцэ, вісеў... бюстгальтар — разам з плечкамі. Прыгожы, яркі, ён так добра выглядаў на фоне сумкі, што мог замяніць сапраўднае ўпрыгажэнне!

Жанчына схапіла яго і ледзь не подбегам кінулася назад. "Прабачце, я выпадкова вынесла, я зачапілася сумкай..." — выпаліла яна, вяртаючы "набытак" касіру. "Я ж табе казала, што нібы піскнула", — сказала касірка прадаўцу, маючы на ўвазе сігналізацыю.

Рыма ж, ні на што не зважаючы, кінулася ходу. Па дарозе ўяўляла, што пра яе падумалі тыя два мужчыны, ды і астатнія... Дзякавала Богу, што "карціну" не згледзелі ахоўнікі, радавалася, што не сустрэла знаёмых.

І толькі дома, расказваючы пра ўсё сваім сямейнікам, жанчына ад душы насмяялася сама і павесяліла іншых!

Так што шопінг у яе не атрымаўся, а вось тэрапія была... Ну як пасля гэтага не паверыць парадам псіхолагаў?

Адзінае, цяпер падчас паходаў па крамах Рыма не расслабляецца. Сочыць за сабой, а выходзячы з аддзела жаночай бялізны, абавязкова абмацвае сумку, каб, крый Бог, яшчэ якая інтымная рэч не прычапілася. А то даказвай тады...

Ала Альфер, г. Беразіно

Лекі ад пажадлівасці

...Любаша — жанчына прывабная: высокая, здаровая, працуе даяркай і слабасць мае да чужых мужыкоў. Цяпер яна за чацвёртым мужам, а ўсё роўна мала, на ліхое як чорт які падбухторвае.

На гэты раз закруціўся ў яе раман з кіроўцам Сашкам. Ён даярак на ферму падвозіць. І да Любашы ўвесь час: то падміргне, то ўшчыпне, то руку падасць, а там, глядзіш, ля адрыны іх бачылі. Паўлік, чацвёрты Любін муж, і гутарыў з імі, і сварыўся, ды што з таго?

...У той дзень работа ў яго прыпынілася. Паўлік пачысціў трактар. Можна было б і дадому, ды ногі не нясуць... Не без падстаў, як высветлілася: адчыняе дзверы ў веранду — там чужыя чаравікі стаяць. Прыглядзеўся: Сашкавы, уваходзіць у хату — яго куртка вісіць і там жа... штаны.

Што рабіць? Падумаў, павагаўся, потым...

Цяжкую артылерыю вырашыў падключыць: наверх на свае порткі нацягнуў Сашкавы, абуў яго ж чаравікі і праз гарод да Марушкі — Сашкавай жонкі.

Прыйшоў, хораша так павітаўся, сеў ля яе, загаварыў пра жыццё-быццё. А сам то на штаны паглядзіць, то на чаравікі... Нагу на нагу паклаў, каб абутак бліжэй да Марушкі быў...

Яна зірк — бацінак руды, а шнурок чорны. Сама ж учора купіла, бо ў краме рудых не было.

— Ты чаму гэта ў Сашкавых чаравіках? Што — і ў штанах? — пытае ў Паўліка, а ў самой аж вочы з арбіт: пра ўсё здагадалася!

— Во, — крычыць, — падлюка які, во бабнік, во кабель даўгахвосты! Дарваўся, як лысы да расчоскі! Я ж табе зараз пакажу!..

Схапіла качаргу — і да суседзяў. Адчыняе дзверы ў хату — стаіць яе мужык у трусах ды шкарпэтках: штаны ў вітальні шукае. Маруся качаргой яму па спіне... Той, баронячыся, — з хаты і па снезе дадому. Уляцеў у двор, а тут Паўлік ля калодзежа — вядро з вадой напагатове трымае.

...З таго часу Сашка да Любы ні нагой — як адрэзала. Адны казалі, што дапамог масаж спіны, другія — што водныя працэдуры.

Кацярына М., Пінскі раён.

Не пара

Антон і Алесь жылі ў адной вёсцы, па суседстве, і сябравалі са школы, у апошні час — нават сем'ямі...

І вось аднаго разу надумалі яны з'ездзіць за мяжу, паглядзець, як там людзі жывуць, штокольвечы з тавараў завезці на продаж і, вядома ж, прывезці адтуль.

Прыехалі, значыць, у Польшчу. Знялі там нумар у гатэлі, удзень добра пагандлявалі і пацягаліся па горадзе. Само сабой — прайшліся па крамах: купілі, што трэба. Ужо ў гасцініцу вярталіся — яшчэ адна крама па дарозе падвярнулася, з мужчынскім абуткам. Сябры збочылі: асартымент — аж вочы разбягаюцца...

— Глянь, якія файныя туфлі, — з захапленнем прагаварыў Антон. — І ўсе памеры ёсць.

— Дык давай возьмем... Аднолькавыя... І няхай нам вёска зайздросціць, — пагадзіўся Алесь.

Сказана, зроблена. З пакупкамі, задаволеныя — мужчыны прыйшлі ў гасцініцу, там —добра падсілкаваліся, расклалі па сумках свае пакупкі.

— Не ўсё ўзялі, — раптам кажа Антось. — Я ж хацеў электрабрытву сабе купіць. Трэба яшчэ ў адну краму збегаць. Тут блізка... А то, можа, разам, га? Дапаможаш выбраць...

— Не, — адмовіўся Алесь, — ідзі адзін. А я нацягаўся ўжо — лепей паляжу.

Ён праўда лёг. Але ж не адразу: перагледзеў нейкія пакупкі, яшчэ раз прымераў свае туфлі. Селі як улітыя. На радасцях прайшоўся ў іх па нумары, пастаяў ля акна...

Антося між тым няма і няма. Грэх, падумаў, нейкі жарт над ім не састроіць? Падышоў да ягонай сумкі, выцягнуў з яго каробкі левы туфель сорак другога памеру, паклаў туды свой правы сорак чацвёртага, спарадкаваў усё, а тады ўжо з чыстым сумленнем лёг і заснуў — да раніцы.

Назаўтра з раніцы сябры перакусілі, пабралі свае клункі і адправіліся на вакзал.

Ужо ў вагоне, седзячы ў купэ, Алесь пытае ў сябрука:

— Ты што не ў гуморы? Нечым заклапочаны?

— Ды так, нічога асаблівага, — адказвае сябар. — Думаю толькі, як гэта ў той абутковай краме мне туфлі прадалі: мала таго, што абодва з правай нагі, дык яшчэ і рознага памеру. Добра, што я вечарам агледзеўся, калі брытву ў сумку клаў.

— І што? — занепакоіўся Алесь.

— Як што? Збегаў у тую лаўку і памяняў.

— Як памяняў?! А я? А чаму мне ні слова?! — збянтэжана загаварыў Алесь, гледзячы на сябру.

— Дык ты ж спаў... Ды і пры чым тут ты? Праўда, удвох нам лацвей было б. Бо дужа ж мяняць не хацелі... Але ж я не дурань, не лох які — стаў пытаць, што ў іх за парадкі, чаму ўсё так робіцца — стаў шумець, значыць... Людзі вакол сабраліся. А ім жа скандал не патрэбен...

З кіслым выразам твару Алесь прыехаў дахаты. І потым сваімі новымі туфлямі фарсіў выключна Антось...

Ён доўга зразумець не мог, чаму гэта сябар свае не носіць... Пакуль той за чаркай не прызнаўся ў няўдалым жарце.

М. Багданаў,

в. Новы Пагост, Мёрскі раён.

Пад пільным вокам

Гэта здарылася падчас маёй вучобы ў Брэсцкім інжынерна-будаўнічым інстытуце. Так ён тады называўся і размяшчаўся на ўскраіне горада, непадалёк ад ракі Мухавец. Побач быў і наш інтэрнат, таму ў цёплыя дні многія студэнты адпраўляліся да вады, каб там пакупацца, пазагараць, а заадно — пачытаць канспекты.

Мне таксама ўсяго гэтага вельмі хацелася, але ж ... Вырасшы ў вёсцы, я проста не магла дазволіць сабе распрануцца ў прысутнасці чужых, а тым больш — малазнаёмых хлопцаў.

Што прыдумала: вырашыла пайсці па беразе ўніз па цячэнні (уверх — быў горад), знайсці нейкае бязлюднае месца і ўжо там адвесці душу — накупацца (а трэба сказаць, што плаваць я не ўмела).

Бераг Мухаўца быў абрывісты, высокі, месцамі парослы кустоўем, вада ў рацэ — цёмная, непразрыстая... Карацей, нейкага прывабнага месца для купання не знаходзілася, таму я ішла далей і далей.

А тым часам бераг стаў мякчэць, купіны пад нагамі ўсё глыбей апускацца ў ваду. Я не заўважыла, як зайшла... у балота, з якога ўжо не выйсці... Прычым — не толькі ўперад, але і назад.

Я разгубілася, не ведаючы што рабіць, спужалася. Прычым настолькі, што не адразу пачула, як да мяне... падплыла лодка. У ёй сядзелі двое маладых вайскоўцаў.

— Як ты тут апынулася? — строга спытаў адзін.

— Хацела пакупацца.

— А чаму не там? — ён паказаў рукой у бок "пляжа".

— Не хацела пры ўсіх распранацца.

Маё тлумачэнне было, відаць, пераканаўчым: хлопец працягнуў мне руку, і я (дарэчы, добрая спартсменка) ліха ўскочыла ў лодку. Мы моўчкі паплылі да супрацьлеглага берага, на якім — да радасці — было ўсё, што я шукала: жоўты пясочак, празрыстая вада і ніводнай жывой душы, бо выратавальнікі мае сказалі: "Купайся", а самі... зніклі гэтак жа нечакана, як і з'явіліся.

Мне б спытаць у іх, што далей, як потым дабрацца дамоў, але на душы было так хораша, так радасна, што я прамаўчала. Тым больш што ўдалечыні відаць быў мост... На ім — будачка з вартавым . Значыць, не прападу — неяк перайду на свой бераг?

Карацей, думаць пра нешта дрэннае мне не хацелася. Я плёскалася ў вадзе, грэлася на беразе і зноў купалася. Аж пакуль не стаў падымацца вецер, з боку моста не паўзла цёмная страшная хмара...

І зноў я не паспела як след спалохацца: да майго берага і гэтак жа ціха прычаліла лодка — ужо другая, з іншымі хлопцамі-вайскоўцамі.

— Залазь, — скамандаваў адзін, — паедзеш дадому.

Лодка плыла хутка — веславалі памежнікі вельмі ўмела, са мной не размаўлялі. Прычалілі непадалёк ад майго інтэрната. Так што да пачатку навальніцы я дабегла дамоў.

...Не памятаю, якімі словамі дзячыла сваім збавіцелям. Ды і ці падзякавала ўвогуле. Але ж... Успамінаючы гэты выпадак, усё жыццё з цеплынёю думала і думаю пра памежнікаў, у нялёгкай службе якіх, ну вядома ж, ёсць месца подзвігам! Але ж ёсць яно і для добрых учынкаў.

Да таго ж прафесіяналы яны — найвышэйшага класа!

Ніла М., Гродзенская вобласць.

Рубрыку вядзе Валянціна Доўнар.

←Чем бы дитя ни тешилось

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика