Не ўлічылі налічэнні па кожнай пасадзе...
Наша чарговая заяўніца, якая працуе тэхнічным работнікам у Чэрніцкай базавай школе Смалявіцкага раёна, паскардзілася, што ёй няправільна налічылі заробак. У прыватнасці, што не зрабілі індэксацыю да ўстаноўленага памеру мінімальнай заработнай платы.
— Паўсюдна ў газетах пішуць, што ён павінен складаць 1 мільён 395 тысяч рублёў. А ў мяне так не выходзіць. Звярнулася да кіраўніцтва навучальнай установы, тое патэлефанавала ў бухгалтэрыю аддзела адукацыі, а там кажуць — індэксацыя не належыць. Чаму? — пыталася жанчына.
Сутнасць гэтай скаргі ўжо рэдакцыя перадала ў аддзел адукацыі Смалявіцкага райвыканкама. Адтуль даволі хутка нам даслалі афіцыйнае рэагаванне.
"...На зварот ад работніцы, што працуе прыбіральшчыцай службовых памяшканняў у дзяржаўнай установе адукацыі "Чэрніцкі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад — базавая школа", паведамляем наступнае.
З 1 студзеня 2013 года пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 13.12.2012 г. № 1144 устаноўлена месячная мінімальная заработная плата ў памеры 1 395 000 рублёў, гадзінная — 8 340.
Работніцы, якая працуе прыбіральшчыцай і па сумяшчальніцтве гардэробшчыцай на 0,5 стаўкі, бухгалтэрыяй аддзела адукацыі пры разліку заработнай платы за студзень 2013 года ўзятая падсумаваная заработная плата па дзвюх пасадах, і такім чынам не ўлічаны налічэнні па кожнай пасадзе паасобку.
Па стане на 28.02.2013 г. неабходныя выплаты работніцы праведзены".
Сяргей РАСОЛЬКА.