Дорага просяць за "Сакрэт"
На працягу некалькіх месяцаў у Гомелі працягваецца спрэчка паміж новым гаспадаром гандлёвага цэнтра "Сакрэт" і прадпрымальнікамі, якія арандуюць у будынку гандлёвыя плошчы. Уласнік, а гэта кампанія "НП-Сэрвіс" (Мінск), хоча павялічыць стаўкі арэнды за квадратны метр памяшканняў, гандляры ж супраць. Аргументы з абодвух бакоў падпарадкаваны адзінаму жаданню — атрыманню ад уласнага бізнэсу максімальнага прыбытку. Дарэчы, канфлікт паміж уласнікам ГЦ "Сакрэт" і прадпрымальнікамі пачаўся яшчэ летась, у кастрычніку. Тады ж пры дапамозе абласных улад адбыўся дыялог паміж канфліктуючымі бакамі. Аднак сёлета сітуацыя паўтараецца — размова зноў ідзе аб павышэнні арэнднай платы. Апавяшчэнні пра гэта гомельскія прадпрымальнікі, якія арандуюць плошчы ў гандлёвым цэнтры "Сакрэт", атрымалі ў пачатку студзеня.
Дзяржаўныя ўлады і на гэты раз спрабуюць стаць рэферы ў праблемнай сітуацыі, пры тым, што ў адпаведнасці з існуючым заканадаўствам, органы ўлады не надзелены паўнамоцтвамі вырашаць праблемы паміж суб'ектамі гаспадарання. Намеснік старшыні Гомельскага гарвыканкама Сяргей Андрэеў адзначае:
— Гэта прыватная ўласнасць і яны не падпадаюць пад дзяржаўнае рэгуляванне. Па грамадзянскім кодэксе яны павінны дамаўляцца паміж сабой. Таму мы рэкамендавалі наладзіць дыялог, калі паасобку збіраліся з тымі і з тымі. У прадпрымальнікаў свае патрабаванні, ва ўласнікаў — свае. Наша задача — каб яны прыслухаліся адзін да аднаго. У Гомелі, вядома, недастаткова гандлёвых плошчаў. Але ж мы займаемся тым, каб гандлёвых цэнтраў у нас было больш: тады па-сапраўднаму будуць дзейнічаць законы рынку. Цана, у тым ліку на арэнду плошчаў, будзе фарміравацца, зыходзячы з прапановы і попыту. Восенню, пасля першага канфлікту, была агучана прапанова аб магчымасці будаўніцтва новага гандлёвага цэнтра на грошы прадпрымальнікаў, якія сёння арандуюць плошчы ў "Сакрэце". Але ж ніхто з іх за гэты час не звяртаўся ў гарвыканкам з канкрэтнымі прапановамі. У сённяшняй сітуацыі прадпрымальнікаў можна зразумець — яны прывыклі менавіта да гэтага памяшкання. Ім зручна гандляваць у цэнтры горада, дзе вялікі паток пакупнікоў. Зразумела, не хочацца кідаць "наседжанае" месца, дзе людзі працавалі на працягу апошніх 7-8 гадоў. Мы будзем і зараз імкнуцца наладзіць канструктыўны дыялог. Уласнікі, калі не будзе дасягнута дамоўленасць, гатовыя ісці далей у межах заканадаўства і вырашаць пытанне ў судовым парадку. Наша ж задача — дзейнічаць канструктыўна, каб зняць напружанасць.
Ірына АСТАШКЕВІЧ.