Жыў-быў... Казачная краіна Пятра з-пад Полацка

Источник материала:  

Зусім нядаўна ў выдавецтве "Мастацкая літаратура" накладам у 2,5 тысячы асобнікаў выйшаў зборнік казак "Зачараваная гаспадарка. Казкі гаспадара Пятра з-пад Полацка". Яе аўтар — Пятро Сіняўскі — пяць гадоў таму пакінуў гэтую зямлю. Дарэчы, адну казку, якая стала і назвай кніжкі, павінны ведаць многія. Яе школьнікі вывучаюць у чацвёртым класе ў "Беларускай чытанцы". Можа, і вы памятаеце, як яна пачынаецца: "Казку казаць — не снапы вязаць. Языком малоць — што моркву палоць. Калі ёсць ахвота, сядай каля плота, слухай, матай на вус... Жыў ды быў адзін беларус. Багацце меў, бо стаяў ля хаціны хлеў. Тут жа пуня для сена, на дровы павець. Што яшчэ трэба мець? Во-во, здагадлівы: карову, цялушку, курэй... ну, і гэтак далей".

І гэтак атрымалася ў пісьменніка, журналіста па прафесіі, напісаць за жыццё 15 казак. Адметная іх рыса — паэтычнасць і афарыстычнасць. Будучыя настаўнікі малодшых класаў, навучэнцы педкаледжа імя Л.С. Выгоцкага, якія прыйшлі ў Гомельскую дзіцячую бібліятэку № 5 на сустрэчу, прысвечаную памяці Пятра Сіняўскага, шмат даведаліся пра пісьменніка з першых вуснаў — ад яго жонкі, дачкі і ўнукаў. Калі і як раскрываўся пісьменніцкі дар? Адкуль яго крыніцы? Гэтыя пытанні я таксама задала дачцэ пісьменніка Маргарыце ВАСЬКОВІЧ, якая жыве ў Гомелі.

Жыў-быў... Казачная краіна Пятра з-пад Полацка— Усё пачалося з навагодняй казкі, якая была напісана ў адказ на маё пытанне. Мы вельмі любілі адзначаць усёй сям'ёй Новы год. У нас заўсёды была жывая ёлка, якую ўсе разам упрыгожвалі. І аднойчы я спыталася: дзе Дзед Мароз набывае падарункі для дзяцей? Бацька ў адказ на маё пытанне склаў казку, якая мела спачатку назву "Таямніцы лясной палянкі", а потым стала называцца "Навагодняя казка".

— Як атрымалася, што ён, журналіст па прафесіі, адбыўся як пісьменнік менавіта ў жанры казкі?..

— Бацька заўсёды размяжоўваў сваю асноўную работу і літаратурную творчасць. Свае матэрыялы ў газету "Віцебскі рабочы" ён часам пісаў па-руску, а потым перакладаў тэксты на беларускую мову. Што тычыцца літаратурных твораў, ён заўсёды казаў, што казкі льюцца з яго душы адразу толькі па-беларуску. Бацька доўга шукаў сябе. Дарэчы, ён толькі ў 35 гадоў закончыў журфак. Расказваў, што літаратура была цікавай яму з дзяцінства. Калі ён яшчэ вучыўся ў Рыжскім авіяцыйным вучылішчы, наведваў літаратурнае аб'яднанне, якім у той час кіраваў Мікалай Задорнаў, бацька вядомага сёння сатырыка Міхаіла Задорнава. Адтуль, мне здаецца, першакрыніцы літаратурнага вопыту, які ён набываў усё жыццё.

— Казкі абавязкова нясуць нейкую мараль. Такія гісторыі чамусці павінны навучыць, ці не так?

— Мы былі не зусім маленькія, калі бацька пачаў пісаць свае казкі — у 80-90-х. Бацька заўсёды падкрэсліваў, што яго казкі — для дарослых. Дзеці апрыоры зразумеюць, што добрае, а што дрэннае, а вось дарослым, каб зразумець, трэба казкі чытаць.

— Ён рабіў спробы пісаць у іншых жанрах?

— Тата спрабаваў пісаць вершы, але лічыў, што атрымліваецца дрэнна, таму не друкаваў іх.

— У біяграфіі Пятра Сіняўскага ёсць старонка, прысвечаная "Калыханцы". Ён пісаў сцэнарыі для гэтай дзіцячай тэлеперадачы...

Жыў-быў... Казачная краіна Пятра з-пад Полацка— Бацька меў стасункі з рознымі людзьмі. І нехта прапанаваў напісаць сцэнарый для "Калыханкі". Памятаю, у яго не было часу, і ён мне прапанаваў: ты садзіся і пішы, як сама ўяўляеш, а я потым буду рэдагаваць. Ён напісаў няшмат сцэнарыяў — 2 ці 3.

— Дык вы — суаўтар?

— Дзесьці так. Мне цікава гэта было. Бацька мне заўсёды казаў: гэта мы з табой разам робім.

— З Уладзімірам Караткевічам ён выпадкова пазнаёміўся?

— Так. У яго запісной кніжцы я знайшла тыя старонкі, дзе пра гэта запісана. Гэта была выпадковая сустрэча — у кнігарні. Бацька пабачыў Уладзіміра Караткевіча і зайшоў следам. Падышоў да пісьменніка, і яны — слова за слова — пачалі размаўляць. У выніку той пакінуў яму свой нумар тэлефона. Але ж гэта была сустрэча незадоўга да смерці Караткевіча, і працягу іх стасункі не мелі. Бацька прысвяціў яму казку "Фількава грамата".

— Ці выдаваліся яго літаратурныя творы пры жыцці?

— Уласных зборнікаў не было. Былі надрукаваны яго творы ў агульных зборніках. Напрыклад, у "Бацькаўшчыне" за 1997 год — побач са славутымі аўтарамі: Скарынам, Багдановічам, Купалам... Для мяне гэта не выпадковасць. І вось толькі цяпер надрукаваны ўсе яго 15 казак.

— Пушкін, як вядома, народную мову чуў ад сваёй нянькі. У Пятра Сіняўскага былі такія знаёмыя, у каго ён "пазычаў" сакавітыя афарызмы?

— Ён у дзяцінстве з сям'ёй доўга жыў у вёсцы Язна Мёрскага раёна Віцебшчыны. Там вельмі прыгожыя мясціны. Мясцовыя жыхары балота называюць "мох". Балота, на іх погляд, гэта месца, дзе чэрці водзяцца, а мох — дзе журавіны, брусніцы, грыбы... Там усе кажуць: "Пайду на мох". Два возеры, рачулка — менавіта там ён правёў сваё дзяцінства. Вельмі любіў лавіць рыбу, хадзіць у лес. І жонку сваю, нашу маці, ён знайшоў у вёсцы побач. Адтуль і многія вобразы, якія мелі месца ў яго творах. У бацькі была паэтычная душа. А вось канкрэтных людзей, якія б падзяліліся з ім афарызмамі, я не памятаю.

— Бацька паўплываў на ваша выхаванне, светапогляд?

— Безумоўна. Гэта быў чалавек, якому нават у складаным падлеткавым узросце я магла даверыцца. Ён рана навучыў мяне чытаць, потым аддаў у музычную школу, мы разам вывучалі польскую мову... Мы жылі ў розных мясцінах, і калі нейкая магчымасць была, мы заўсёды спрабавалі штосьці новае. Заўсёды разам глядзелі тэлепраграму "Вакол смеху", запісвалі яе на магнітафон, каб потым зноў праслухоўваць. Калі я нейкія жарты былі не разумела, бацька іх тлумачыў. Ён выхоўваў у нас пачуццё адказнасці: калі нешта абяцаў, дык абавязкова выконваў. Бацька для мяне дагэтуль застаецца духоўна самым блізкім чалавекам. Ён нам з братам давяраў, пастаянна з намі гутарыў. Толькі падумаю, што трэба яму патэлефанаваць, а ён ужо тэлефануе. І наадварот. Дарэчы, мой брат Дзмітрый выкладае на кафедры журналістыкі БДУ. Так што можна лічыць, што ён нейкім ускосным чынам працягвае справу бацькі.

— Бацька імкнуўся уплываць на ваш выбар жыццёвага шляху?

— Тата ніколі ні да чаго не прымушаў. Але ж мы праводзілі нейкія тэсты, каб вызначыць напрамак далейшай прафесійнай адукацыі. Атрымлівалася, што я больш гуманітарый. Быў перыяд, калі я два гады запар паступала на гістарычны факультэт БДУ. Няўдала. А потым усё змянілася, і я паступіла ў медыцынскі. Пры гэтым, калі займалася на падрыхтоўчых курсах у і напісала сачыненне, выкладчык пацікавіўся: "Вы куды паступаеце? У медыцынскі? Ну што ж, з медыцыны выйшла шмат пісьменнікаў".

— Ваша маці — з тых жонак, якія ўмеюць падтрымліваць свайго мужа усё жыццё?

— Сапраўды, тое, што я вынесла са сваёй сям'і — гэта ўзаемападтрымка. Мама, Саламея Антонаўна, медсястра па адукацыі, — заўсёды была надзейным тылам для бацькі. Бацька вучыўся ва ўніверсітэце завочна, а гэта значыць, яны разам вучыліся. Матуліна заслуга, што ён закончыў ВНУ, хоць было не надта лёгка. Мы ўсе ў Браславе тады жылі. Пастаянныя паездкі, кантрольныя работы... Расказваў, як аднойчы яму трэба было здаваць нямецкую мову, і ён разумеў, што не вельмі добра ведае яе пасля сельскай школы... Ён вывучыў на нямецкай мове адну фразу: "Чаго не ведаў маленькі Гансік, ніколі не будзе ведаць вялікі Ганс" і з ёй пайшоў на экзамен. Для маці столькі гадоў жыцця побач з творчым чалавекам дарма не прайшлі...

— Відаць, на працягу жыцця ў вас склаліся добрыя сямейныя традыцыі...

— Для мяне многія размовы з бацькам сталі жыццёвызначальнымі. Бацька казаў: трэба ўмець ставіць мэты, да чагосьці імкнуцца. "Рыта, ты хочаш атрымаць "5", значыць, вывучы на "10". Памятаю, намаляваў раку і кажа: ты на адным беразе, твая мэта — на другім. Вось калі наўпрост будзеш плыць да гэтай мэты — цябе цячэнне ракі знясе ўніз. Таму бяры вышэй". Гэта ўсё засела ў маёй галаве. Ён заўсёды лічыў абавязковым, каб у сям'і былі кнігі. Мы дома маглі пісаць рэфераты — не трэба было хадзіць у бібліятэку. У сям'і быў давер, які мы заўсёды імкнуліся апраўдаць. Па ўсіх глабальных пытаннях з бацькам мы супадалі заўсёды. І гэта было шчыра. Аднойчы ён брату паабяцаў, што купіць вясной веласіпед. 1 сакавіка Дзіма прыйшоў са школы радасны і шчаслівы са словамі: сёння бацька мне купіць "велік". Бацька не меў на ўвазе менавіта 1 сакавіка, думаў — калі пацяплее. Аднак маці яму патэлефанавала: "Пеця, Дзіма чакае абяцанае". Бацька пазычыў грошы і дадому прыйшоў з пакупкай. Усе ведалі — калі ён сказаў, абавязкова выканае.

— Ён, відаць, быў з тых, хто вучыць на асабістым прыкладзе...

— Так. Бацька ў дзяцінстве самастойна навучыўся іграць на баяне, для чаго хадзіў за 5 км у суседнюю вёску да аднаго чалавека. Яго нават запрашалі потым іграць на вяселлі. І мяне аддалі ў музычную школу. Ён, хоць і быў чалавекам творчым, не быў адарваным ад жыцця — за сваё жыццё пабудаваў два дамы, прычым першы ў 25 гадоў і практычна самастойна. А другі — гэта дача. Аднойчы расказваў, як яму ў кватэру нехта пазваніў. Адчыніў — на парозе незнаёмы мужчына, як высветлілася, сантэхнік, кажа: "Хацеў паглядзець, хто тут жыве. 15 гадоў працую, а з гэтай кватэры ні разу не выклікалі сантэхніка". Бацька вельмі любіў рыбачыць. Нават на яго памінках людзі елі рыбу, якую ён злавіў. Апошнім часам, калі выйшаў на пенсію, вярнуўся ў вёску Язна. Яны з мамай туды паехалі, спачатку быццам на час, а потым засталіся. Там ён быў вельмі шчаслівы — прырода, рыбалка, дом, сад, агарод, мох, ягады, грыбы — усё гэта ён вельмі любіў. Ён як у казку трапіў. Мая цётка казала: ён шчаслівы чалавек, хаця б пару гадоў пажыў так, як сапраўды хацеў. Пасля таго, як ён памёр, мы з братам прыехалі на гадавіну смерці. Сяджу, гляджу альбом, слёзы льюцца... І тут з альбома выпадае маленькі лісток у клетачку. На ім татавай рукой напісана: "Я на Леснічоўскім возеры. У мяне ўсё добра. Акрамя таго, што на самы вялікі кручок злавіў самага маленькага ярша. Ярша пасадзіў у гаршчок для кветак і чакаю — раптам вырасце. Ку-ку". У думках я і цяпер заўсёды з татам.

Казка не яечня...

 "Як спрадвеку вядома, жылі-былі на белым свеце стары са старою, а з імі сын іх Іванка. І жылі не ў трыдзявятым царстве, а дома, або, як той казаў, — тут, дзе ядуць клёцкі з душамі і пахлёбку з круп, дзе ўлетку на градках не пуста, а зімою на стале са свежанінай капуста. Дзе мужык — працаўнік, ды не толькі, бо мудрэйшы ён за грамацеяў там колькі..."

("Пра вучонага сына і мудрага бацьку")

 "Гулі сабе гулямі, а каб гулі пчолы ў вуллі — працаваць трэба! Янка ў згодзе жыў з працаю. Ён да яе падступіцца — яна да яго прыхінецца, і атрымліваецца, што не адзін ён працуе, а ўдваіх. Ён і яго праца."

("Янкава крынічка")

 "Бывае-здарыцца, юшка і без Дзям'яна зварыцца. Часам жа, як Тэкля ні таўчэцца, — яечня не пячэцца. Казка не яечня, казаць не канечне, а слухаць... і падаўна як хочаш, тым больш калі на той сук, дзе сядзіш, пілу точыш. Вядома — кірмаш! Ніл Ягора аб'ягорыў — абадраў, як ліпку, за лапці лазовыя, Якуб Ніла абскуб за боты няновыя. Ды таргуюцца ж. Хочаш — глядзі, а не — вушы не развешвай, далей тупай. У рукі ўзяў — лож астатні грош!"

("Фількава грамата")

Гутарыла Ірына АСТАШКЕВІЧ.

Фота з архіва Маргарыты Васьковіч.

←Спросите у министра

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика