АЛЁ, Народ на провадзе
З нашай вёскі ў цяжкія пасляваенныя часы прызвалі аднаго хлапца (назавём яго Яськам) у войска, ды на самую Поўнач! А да службы ён нідзе не бываў: найдалей — у суседняй вёсцы. Уяўляеце ўражанні: усё новае, незнаёмае, страшнае. І ежа не тая, і людзі, і ганяюць з ранку да вечара...
Але ж найбольш яго холад даймаў. Хоць і ў нас не Ташкент, але ж жыць неяк можна — у параўнанні з Поўначчу.
Карацей, недаспадобы Ясю служба прыйшлася, стаў ён думаць, як ад яе адкараскацца. І прыдумаў: штодзень то боты не на тыя ногі нацягне, то шынель навыварат апране, то кашу ў кампот пакладзе...
Першымі гэта саслужыўцы заўважылі, потым і да камандзіраў дайшло. Вырашылі высветліць, ён прыкідваецца ці напраўду трохі "з вальтамі", а ўрачоў-спецыялістаў няма... Таму паставілі дзіравую бочку і загадалі ў яе вады нанасіць. Ясь за работу: прынясе вядро, вылье — і па другое. Насіў-насіў, запарыўся, а бочка пустая. "Хопіць, — кажа яму камандзір, які назіраў за работай, — ідзі папалуднуй". "Добра, я па абедзе бочку напоўню", — абяцае салдат.
Падумалі камандзіры, што хлопец і сапраўды "не таго", няздатны да службы — камісавалі.
Вярнуўся Яська дадому і жыве сабе — нікому нічога не расказвае.
Але ж неўзабаве з той Поўначы прыходзіць ваенкому запыт: ці паправіўся той хлопец, можа годны служыць? Каб праверыць, з ваенкамата два супрацоўнікі ў вёску паехалі. Спачатку, як водзіцца, у сельсавет зайшлі, "на пяць хвілін". Але ж іх хапіла на тое, каб Ясь пра візіт правяральшчыкаў даведаўся раней, чым яны з сельсавета выйшлі.
Нічога нікому ён не тлумачыў, крыкнуў толькі, што пойдзе на рыбу. Сам жа схапіў вуду, кажух (што на сонцы сушыўся) і куляй памчаў на рэчку. Апрануўся там, усеўся — ловіць.
Неўзабаве падышлі правяральшчыкі (у цывільным абодва). Размову пачалі здалёк: спыталі пра рэчку, пра вёску, пра рыбу... Потым адзін з іх цікавіцца, а чаму гэта Ясь летам у кажуху сядзіць? Той памаўчаў крыху, а потым гаворыць: "Дык я ж у войску на Поўначы служыў... Так намёрзся — дагэтуль сагрэцца не магу".
Паглядзелі на яго правяральшчыкі, пакруцілі пальцамі ля скроняў і падаліся назад. Ясь жа пачакаў, пакуль яны за горкай схаваліся, зняў кажух, зматаў вуды і пайшоў дадому.
Іван КУРСЕВІЧ, в. Суботнікі, Іўеўскі раён.
Кола цудаў...Вось як было раней — ніхто асабліва не чуў, не ведаў, што за звер такі — карупцыя, што такое хабар, але ж каб некага пачаставаць, то гэта святое было...
Працаваў адзін чалавек (Іван Рыгоравіч яго назавём) у сур'ёзнай установе. Апроч іншых абавязкаў, даведкі выдаваў. Зойдзе, бывае, кабета ці мужык які і адразу ж: "Зрабі, каханенькі-родненькі! Ды глядзі ж, як належыць — я аддзячу...". І стараецца ўсунуць штось.
Івана Рыгоравіча гэта вельмі злавала: сварыўся, запіхваў пачастункі назад, пагражаў, што даведку не выдасць. Але ж хто яго дужа слухаў: павялося так.
І вось чарговы працоўны дзень, чарговы наведнік — жанчына, некалі разам працавалі. Павіталіся, перакінуліся словам: як там вёска, як агульныя знаёмыя? Час да справы:
— Па даведку? — пытае Іван Рыгоравіч.
— Але ж, — адказвае кабета.
Справа хвіліны, умеючы — запоўніць патрэбны бланк, падпісаць у начальства, ды ў сакратаркі пячатку паставіць. Зрабіў усё, аддаў.
— Дзякуй, — кажа кабета.
І ўжо з дзвярэй:
— Прэзент там... У шуфлядзе ляжыць.
Адчувала, відаць, што з рук у рукі — ён нізавошта не возьме. А так... Услед жа не пабяжыш.
Зазлаваўся Іван Рыгоравіч. Але ж тую шуфляду адкрыў. Карп там ляжыць — вэнджаны, а ўжо — залацісты... Кілаграмы на два. "Вось такога б Якубовічу, на "Поле цудаў", — падумаў адданы глядач праграмы. — Ды з крыжаванкай на спіне. Луска ж, як "сетка". Ён нават паспрабаваў у тых "клетачках" надрапаць штось... Атрымалася.
Але ж спахапіўся чалавек — успомніў, што Якубовіч далёка, а вось стаматолаг блізка, і да яго на сёння талон узяты... З пустымі рукамі няёмка ісці.
Карп, карацей, "паплыў" у паліклініку.
Што, можа, і не дзіўна. Дзіўна, што праз тыдзень ён... вярнуўся назад: тэхнік лясгаса прынёс. Тога ж самага, залацістага, з драпінамі на лусцы!
— Дзе ты яго ўзяў?! — дрыготкім голасам спытаў Іван Рыгоравіч.
— Ды знаёмая прыходзіла, прасіла, каб добрых дроў ёй выпісаў.
Ведаў Іван Рыгоравіч тую знаёмую. Патэлефанаваў ёй. Як бы між іншым спытаў:
— Прызнайся, дзе карпа ўзяла?
— Стаматолаг пачаставаў.
Вось такі "круіз" прыйшлося здзейсніць карпу для таго, каб сваім "прыплывам" ашчаслівіць усіх, хто станоўча вырашае пытанні.
Спыніў жа гэты кругаварот Іван Рыгоравіч: запрасіў сваіх калег у бар, і яны са смакам выпілі піва.
Васіль ПЯШЭВІЧ, в. Юркевічы, Жыткавіцкі раён.
"Дом мой, вароты — не мае..."Было гэта з паўвека таму — жыў яшчэ мой дзядзька Раман, і хата яго стаяла непадалёку ад нашай — цераз дарогу, па дыяганалі. Як на далоні ўсё, што там адбывалася. Да таго ж радня...
Дзядзька, бедны, выпіць любіў. Мы, дзеці, сядзім неяк вечарам на лавачцы, бачым, ён дадому кіруе. Падышоў да сваёй хаты і гаворыць сам сабе:
— О! Вароты мае! Значыць, і дом мой!
Адчыніў веснічкі, пайшоў у хату.
Мы дружна пасмяяліся і, напэўна, забыліся б, але ж... Аднойчы дзядзька на цэлы дзень на працу пайшоў, а ў абед гналі з пашы кароў. Што яны там не падзялілі, але ж адна штурханула другую, тая — ламанулася ў дзядзькавы веснічкі... Раструшчыла, карацей, разламала ўшчэнт. Цётка да сыноў (не зломкі ўжо) — сказала, каб паправілі. А што там правіць? Колька з Віцькам новыя зрабілі. Яшчэ і пафарбавалі ў жоўтае. Атрымалася ўсё як мае быць.
А між тым звечарэла ўжо. Мы зноўку на лаўку сышліся, пра нешта гаворым, чуем здалёку: "За туманам нічога-а-а не відна, ой, за туманам нічога-а..."
Гэта дзядзька Раман дадому ідзе — вясёлы-вясёлы! І нібы спутаны — так нага за нагу чапляецца.
Да хаты падышоў. Паглядзеў на яе. Памацаў веснічкі. Зноў сам сабе гаворыць:
— Дом мой, вароты... не мае? Значыць, і дом не мой?
Пайшоў па вуліцы далей. Праз нейкі час зноў да весніц вярнуўся. І так, і гэтак абмацвае іх, гладзіць — вачам паверыць не можа: як гэта дом яго, а вароты чужыя!
Падаўся яшчэ раз у вуліцу — свае шукаць. Колька з Віцькам бачаць, што бацька так да раніцы хату не знойдзе. Пабеглі, знялі з завесаў веснічкі, паставілі на ганку перад дзвярыма, вяроўку яшчэ прывязалі і з адным канцом яе схаваліся за рог хаты.
Падышоў дзядзька ў чарговы раз. Весніц няма, ён у крык:
— Мой дом, мой!
І да ганка. Зірк — там тыя ж вароты.
— Во! — чухае патыліцу. — Гэта ж дзед мне гаварыў, што на тым свеце ўсё, як на гэтым, толькі вароты іншыя. Выходзіць я... памёр?! І куды ж гэтыя весніцы — у рай ці ў пекла?
Віцька з-за рага:
— У пекла!
Дзядзька сеў на ганак — і ў слёзы:
— Божа літасцівы, даруй мне, памілуй! Я піць кіну! Слова табе даю!
Віцька пацягнуў за вяроўку — вароты перад дзядзькам адчыніліся, зайшоў ён у хату...
Але ж назаўтра, мусіць, успомніў свае прыгоды, бо бярозавай кашы хлопцам усыпаў...
Што цікава — у вёсцы і цяпер яшчэ перасцярога жыве: "Не пі, бо ў пекла трапіш, як той Раман".
Кацярына М., Пінскі раён.
Як жа трэба кахаць?Мая 19-гадовая дачка вясной 2001 года заявіла, што выходзіць замуж. Расказала, за каго, а потым і паказала. Хлопец, трэба сказаць, нядрэнны: адукаваны, сур'ёзны, не курыць, не п'е. Праўда, старэйшы за яе на 11 гадоў... І нейкі ж, як бабуля прызнала, "дужа ўніклівы". Яна, напрыклад, моркву ў гародзе сее, а ён выпытвае: і які гатунак, і адкуль насенне, і чаму з пясочкам змяшанае, і колькі зярнятак узыдзе... Нашых мужыкоў такія рэчы ніколі не цікавілі. Кажу дачцэ, што для жыцця твой чалавек, відаць, цяжкаваты будзе, але ж вяселле рыхтую.
Згулялі яго як належыць. Госці грошай маладым надарылі, мы з бацькам трохі падкінулі ды радуемся: думаем, самае неабходнае прыдбаюць...
Дзе там — праз месяц прыязджаю, а ў іх адзін чайнік з'явіўся, вокны голыя, посуд — толькі пасажны, мэблі ніякай — на падлозе спяць... Пытаюся крадком: "Дачушка, чаму ж вы канапу якую не купіце?". Яна мне: "Мама, з ім і патэльню цяжка купіць. Ён спачатку асартыментны рад вывучае, потым суадносіны якасць-цана, потым краму шукае, каб зніжкі былі..."
Праблема, карацей. Што ж, думаю, рабіць? З аднаго боку — з кім жыць, таго не гнявіць, а другога...
Дзейнічаць надумалі так. Ідзём з дачкою па крамах (у мяне адпачынак быў) і выбіраем самае патрэбнае. За таннейшае я плачу сама: доранаму ж каню ў зубы не глядзяць, а што даражэйшае — просім адкласці на пару гадзін, тэлефануем зяцю і ўжо пры сустрэчы на два галасы расхвальваем тое, што выбралі. Зяць:
— Ну дык давайце разам паглядзім.
Вось так ён сам (хоць і з нашай падачы) пральную машыну прыдбаў, халадзільнік, люстру ў залу. А шмат што з іншай драбязы дачка потым сама купляла і... несла да суседкі. Дамоў прыходзіла з пустымі рукамі, але ж за вячэрай расказвала мужу, якую цудоўную рэч нагледзела: якраз пад ягоны густ... Муж на гэта велікадушна зазначаў: "Дык чаму не ўзяла?". "Ну я тады заўтра, — абяцала дачка. — Можа, не разбяруць?"
Заўтра ёй заставалася зайсці да суседкі.
Вось так яны і абжыліся: усё, што трэба, збольшага маюць. Двое дзетак "купілі". Дачка казала, зрэдку спрачаюцца, канфліктуюць. З-за пакупак, як правіла. І я тады аднаго не разумею, як ён такі нерашучы і абачлівы... ажаніўся. Мусіць, вельмі кахаў?
А. Н., г. Бабруйск.
Рубрыку вядзе Валянціна Доўнар.