Вольга Панарына, чэмпіёнка Еўропы-2012 па веласпорце: "Спачатку навучылася круціць педаліі толькі потым — хадзіць"

Источник материала:  

Менш чым праз тыдзень у Мінску стартуе чэмпіянат свету па веласпорце на трэку. На жаль, напярэдадні спаборніцтваў наша жаночая каманда панесла сур'ёзныя страты. Спачатку ад удзелу ў сусветным першынстве адхілілі нядаўнюю чэмпіёнку Еўропы Таццяну Шаракаву, па справе якой зараз вядзецца допінгавае расследаванне. Не выйдзе на веладром "Мінск-Арэны" і Вольга Панарына. Чаму адна з лідараў нашай каманды вымушана прапусціць хатні чэмпіянат, калі пачынаеш цаніць жыццё і наколькі цяжка быць спартсменам, карэспандэнту "Звязды" распавяла шматразовая прызёрка чэмпіянатаў свету і Еўропы Вольга Панарына.

"Са здароўем не жартуюць!"

— Вольга, як атрымалася, што вы прапускаеце такі доўгачаканы і важны старт?

— На вялікі жаль, стан здароўя не дазваляе. У мяне выявілі кісту ў галаўным мозгу, напэўна, гэта і ёсць асноўная праблема. Як толькі атрымліваю сур'ёзныя фізічныя нагрузкі, пачынаюцца моцныя болі ў галаве. Ведаеце, з такім не жартуюць.

— А калі пачаліся гэтыя праблемы?

— За месяц да Алімпіяды. Было даволі сур'ёзнае падзенне на трэку. Абышлося без чэрапна-мазгавой траўмы. Але ўжо на наступнай трэніроўцы я адчула боль. Тут жа пачалі праводзіць тэрапію. І, безумоўна, я працягвала працаваць... на абязбольвальных таблетках. Спадзявалася, што лячэнне дапаможа. Але змяняліся прэпараты, уколы, а болі так і заставаліся.

— Што зараз кажуць урачы?

— Тут увогуле склалася не зразумелая для мяне сітуацыя. Спачатку дактары наперабой паўтаралі, што трэба абавязкова лячыцца, класціся ў бальніцу, абследавацца, паляжаць пад кропельніцамі. Адзін урач увогуле сказаў, што, хутчэй за ўсё, прыйдзецца завязваць са спортам. А калі нядаўна была камісія, усе дактары аднагалосна прызналі мяне цалкам здаровай. Шчыра кажучы, я разгубілася. На руках даныя абследаванняў, якія пацвярджаюць, што ёсць праблемы, а мне кажуць "здаровая". Дагэтуль не ведаю, што рабіць, хоць ты з юрыстамі райся.

Вольга Панарына, чэмпіёнка Еўропы-2012 па веласпорце: "Спачатку навучылася круціць педаліі толькі потым — хадзіць"

— І ўсё ж такі, якія вашы далейшыя дзеянні?

— Наколькі я ведаю, нягледзячы на праблемы са здароўем, зараз вы трэніруецеся разам з камандай?

— Так, безумоўна. Нельга губляць форму. Усе аэробныя нагрузкі я выконваю, як і належыць. А вось выходзіць на трэк пакуль не гатова.

"Баюся купляць "Рэд бул""

— Псіхалагічна не надламала, што давядзецца прапускаць хатні чэмпіянат свету?

— Хвалюе, хутчэй, іншае. Умовы для падрыхтоўкі да спаборніцтваў дрэнныя. Тры месяцы таму ў нас быў запланаваны збор, але з-за недахопу сродкаў выехаць не атрымалася. Потым нас адправілі ў Сочы, але зараз гэта не лепшае месца для збораў: паўсюль будоўля, пыл, няма чым дыхаць, дарогі разбітыя, заторы, ДАІ ўвесь час зганяла нас з трасы. У выніку ў нас быў толькі адзін добры сямнаццацідзённы збор, дзе ўсё было якасна — арганізацыя, харчаванне, камфортныя ўмовы. Але гэтага недастаткова, каб падрыхтавацца да спаборніцтваў такога ўзроўню.

— Сітуацыя, у якую трапіла Таццяна Шаракова, на вас неяк паўплывала (у яе крыві знайшлі забароненае рэчыва, якое трапіла ў арганізм са спрэем ад насмарку. — Аўт.)?

— Напэўна, гэта зрабіла мяне больш асцярожнай. Ведаеце, ужо баішся купіць у краме энергетык накшталт "Рэд Була" <І>(смяецца) . Гэты выпадак паказаў яшчэ раз, якім трэба быць уважлівым. Лепш некалькі разоў пераправерыць прэпараты, якія ты прымаеш.

— А за допінгавым скандалам, які разгарнуўся вакол легендарнага велагоншчыка Лэнса Армстранга, сочыце?

— Безумоўна, гэта ўсё на слыху. Але я стараюся не даваць сваю ацэнку сітуацыі, бо гэта вельмі цяжка. Мне здаецца, што меркаваць толькі па той інфармацыі, якая падаецца ў СМІ, няправільна. Я добра ведаю спартыўную "кухню" і таму разумею, што многае можа заставацца за шырмай.

"Я чалавек стадыёнаў!"

— Давайце ўспомнім, як вы пачыналі сваю спартыўную кар'еру і як апынуліся ў Беларусі.

— Мая маці раней была трэнерам па веласпорце, таму застацца абыякавай да гэтага віду спорту я ніяк не магла. З двух гадоў памятаю колы, гонкі... (усміхаецца) Але не мама мяне прывяла ў веласпорт. Я неяк гуляла па парку ў родным Харкаве і ўбачыла, як трэніруюцца на бетонным велатрэку. Мяне гэта зацікавіла, я падышла да трэнера і запісалася ў секцыю. Але пасля таго як не стала майго першага трэнера, у маёй спартыўнай кар'еры насталі нялёгкія часы. Паступова трэніравацца в Украіне стала немагчыма, не магла знайсці спецыялістаў, з якімі мне было б камфортна працаваць. Тады вырашыла сама змяніць свой лёс. Мне параілі звярнуцца да расійскага трэнера Станіслава Салаўёва. Знайшла нумар, патэлефанавала, дамовіліся пра сустрэчу, на наступны дзень купіла білет у Маскву — і наперад. На той момант Салаўёў трэніраваў Наталлю Цылінскую, таму ў Мінску ўжо быў "сваім". Станіслаў Васільевіч і параіў перайсці пад сцяг Беларусі. У мяне была настолькі вялікая любоў да спорту і жаданне рэалізаваць сябе, што я, не разважаючы, прыняла гэту прапанову.

— Як прайшоў пераезд у новую краіну?

— Вядома, гэта быў сур'ёзны крок і спачатку давялося вырашаць шмат праблем. Але жыццё спартсмена ўвогуле складаная штука. Калі ідзеш да высокіх вынікаў, жывеш, як расліна. Трэніроўка, харчаванне, адпачынак, трэніроўка, харчаванне, адпачынак, сон... Ты ведаеш толькі два словы — "графік" і "рэжым". Любое адхіленне ўбок адразу прыводзіць да паніжэння вынікаў. Я разумела, што пасля пераходу ў іншую краіну мне прыйдзецца працаваць яшчэ больш, але была гатова аддаваць увесь свой час і сілы спорту. І ўжо праз паўтара года выйшла на новы для сябе ўзровень, пачала прывозіць медалі з буйных спаборніцтваў, а дагэтуль нават не адбіралася на вырашальныя заезды.

— У вас гомельская прапіска. Атрымліваецца, Мінск не па душы?

— Ды не. Проста так атрымалася, што менавіта ў Гомелі мне аформілі прапіску і ўсе астатнія дакументы, звязаныя с грамадзянствам. Ведаеце, у мяне няма прывязкі да канкрэтнага месца, невялікі гэта горад ці сталіца — няважна. Напэўна, таму, што я не чалавек гарадоў, а чалавек стадыёнаў (смяецца). Я ў сваім жыцці, акрамя стадыёнаў, мала чаго бачыла, нягледзячы на тое, што мы шмат ездзім па свеце. Але ўсюды карціна адна і тая ж — аэрапорт, гасцініца, велатрэк.

— Прагуляцца па алімпійскім Лондане таксама не ўдалося?

— Так. Толькі ў апошні дзень выбраліся за межы алімпійскай вёскі, каб купіць сувеніры.

Алімпійская казка

— Звычайна, чым маладзей спартсмен, тым лягчэй яму дасягнуць выдатных вынікаў. Але ў веласпорце шмат выпадкаў, калі ў поўнай меры раскрываюцца ў даволі сталым узросце. У чым парадокс?

— Я не назвала б гэта парадоксам. У любым відзе спорту, які звязаны з хуткасцю, ёсць падобная залежнасць: чым карацейшая дыстанцыя, тым больш сіл трэба прыкладваць, каб пераадолець яе за прымальныя секунды. Зразумела, што з узростам спрынтарам цяжка заставацца на высокім узроўні, таму некаторыя спартсмены пераходзяць на іншыя дыстанцыі. Яскравы прыклад — амерыканка Джэні Рыд. У апошнім алімпійскім цыкле яна паказвала добрыя вынікі ў спрынце, але на Алімпіядзе ў Лондане засяродзілася на доўгіх дыстанцыях і з камандай заваявала медалі ў гонцы з пераследаваннем. Яшчэ адзін прыклад — алімпійская чэмпіёнка Вольга Слюсарава, якая таксама са спрынтаршы стала спецыялістам у доўгіх дыстанцыях.

— Ёсць калегі, якімі вы шчыра захапляецеся?

— Усімі алімпійскімі чэмпіёнкамі... Анна Мірс, Вікторыя Пэндлтан. Яны сапраўды выдатныя спартсменкі і яркія асобы. Вельмі цікава сачыць за іх выступленнямі. Гэта тыя людзі, з якіх хочацца браць прыклад.

— Дарэчы, пасля Алімпіяды Вікторыя Пэндлтан вырашыла завяршыць спартыўную кар'еру. Як думаеце, ці змагла б брытанка яшчэ скарыць нейкія вяршыні? Ці яна сапраўды дасягнула ўсяго, чаго магла?

— Цяжка адказаць на гэта пытанне. Калі спартсмен пакідае спорт, значыць на гэта ёсць свае прычыны. Безумоўна, шкада, што Віка больш не выйдзе на велатрэк, але ў спорце, напэўна, як і ўсюды, незаменных няма. З сыходам заслужаных чэмпіёнаў развіццё спорту не спыняецца, з'яўляюцца новыя зоркі, не менш таленавітыя і здольныя. Паглядзіце на французскую каманду, якая штогод папаўняецца выдатнымі спартсменкамі. Ці ўзяць немку Крысціну Фогель, якая ў дваццаць два гады стала алімпійскай чэмпіёнкай. Ёсць каму рабіць будучыню веласпорту.

— А ў вас які самы яркі ўспамін застаўся ад Алімпіяды?

— Алімпіяда цалкам была для мяне казкай. Там такая атмасфера!..

Калі разумееш, што тут сабраліся ўсе наймацнейшыя спартсмены планеты, цябе захліствае. Гэта проста не перадаць словамі. Безу- моўна, шкада, што не ўдалося паказаць свой вынік. Але Лондан я пакідала з баявым настроем на наступны алімпійскі цыкл. Што датычыцца самага запамінальнага моманту, то ў памяці застаўся фінал спрынту. Тая барацьба паміж Аннай Мірс і Вікторыяй Пэндлтан вартая таго, каб імкнуцца да такой жа язды.

"Веласпорт я выбрала сэрцам"

— На вашу думку, ёсць нейкія асабістыя якасці, якія адрозніваюць спартсмена ад звычайнага чалавека?

— Не думаю. Спартсмены таксама звычайныя людзі. Тыя рысы, якімі надзелены чэмпіёны — мэтанакіраванасць, амбіцыйнасць, устойлівасць, усё гэта можа быць і ў людзях іншых прафесій. Такія якасці ўвогуле аб'ядноўваюць усіх лідараў і пераможцаў, людзей, якія дасягнулі пэўных вышынь у сваёй справе.

— А вы моцна змяніліся з тае пары, як пачалі прафесійна займацца веласпортам?

— Змянілася, таму што вырасла (усміхаецца). Я заўсёды ставілася да веласпорту вельмі сур'ёзна. У нас дома бывалі моманты, калі не было чаго есці, і спорт падганяў мяне працаваць, я вельмі рана зразумела, што гэта мой хлеб. З тае пары ў маім стаўленні да працы нічога не змянілася.

— Бацькі не хацелі перанакіраваць вас у іншае рэчышча?

— Маці вельмі доўга спадзявалася, што па жыцці я пайду іншым шляхам, тым больш што я заўсёды выдатна вучылася і варыянтаў для будучыні, напэўна, было нямала. Як трэнер, матуля разумела, што значыць веласпорт, якія гэта нагрузкі, траўмы... Але пасля дванаццаці гадоў я ўжо не ўяўляла для сябе ніякага іншага лёсу, акрамя лёсу велагоншчыцы. Бацькам прыйшлося зразумець і прыняць мой выбар.

— А ў раннім дзяцінстве кім хацелі стаць?

— Урачом, настаўніцай... Звычайныя дзявочыя мары.

— Балерынай?

— Не-е-е. Хоць давялося пахадзіць і на ўрокі харэаграфіі. Але хутка зразумела, што ўсе гэтыя пазіцыі, работа каля станка — зусім не маё. А яшчэ некалькі месяцаў займалася мастацкай гімнастыкай. Я была даволі высокая, худая, па ўсіх параметрах падыходзіла, вось мяне і ўзялі. Нас так добра расцягвалі, што я да гэтай пары без размінкі магу сесці на шпагат. Але гэта было так балюча! Хадзіць нават было цяжка. Не вытрымала і кінула.

— Хіба ў веласпорце менш болю? Самі ж казалі: падзенні, траўмы...

— Так і ёсць. Але ведаеце... тое, што не атрымалася з іншымі відамі спорту, значыць так і павінна было здарыцца. Веласпорт я выбрала сэрцам. Напэўна, гэта цяжка зразумець. Калі ты яшчэ хадзіць толкам не ўмееш, а ўжо круціш педалі.... Які ж тут можа быць выбар?! А да болі, траўмаў, стомленасці прывыкаеш. Калі пачынала займацца веласпортам, былі такія падзенні, што губляла прытомнасць, потым не магла чагосьці ўспомніць. Але ніякага страху не было. Дакладней, быў, але страх не за жыццё. Проста не хацелася зноў адчуваць боль. А тое, што можна ўпасці і больш не ўстаць, тады і ў галаву не магло прыйсці. Каштоўнасць жыцця пачынаеш разумець значна пазней. Пасля трагедыі з Палінай Жук (у маі мінулага года беларуская велагоншчыцца разбілася на спаборніцтвах у Туле. — Аўт.), я доўга не магла ачуцца. Псіхалагічна цяжка было выходзіць на велатрэк, баялася рабіць рызыкоўныя манеўры. Мабыць, таму і "заваліла" Алімпіяду. Цяпер, вядома, ужо лягчэй, час сапраўды лечыць, але цалкам тыя перажыванні наўрад ці забудуцца.

— Кім бачыце сябе праз дзесяць гадоў?

— Трэнерам.

— Хочаце ўзгадаваць чэмпіёна?

— Мабыць, такая мэта і з'явіцца пасля некалькіх гадоў трэнерскай дзейнасці. А пакуль мне проста цікава назіраць, як людзі растуць, змяняюцца. Мяне зачароўвае сам працэс, калі ў спорт прыходзяць навічкі і паступова, паступова, праз нейкі час ператвараюцца ў прафесіяналаў. Хочацца стаць часткай гэтага і дапамагчы каму-небудзь дасягнуць сваёй мары.

Дарына ЗАПОЛЬСКАЯ.

←Тест не в кайф

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика