Пыталіся? Адказваем!

Источник материала:  

Ці павінен працадаўца аплачваць сесію завочнікам?

У нашу рэдакцыю звярнулася чытачка Аляксандра Іваніцкая з наступным пытаннем: "Я студэнтка 4-га курса БДУ, вучуся завочна і працую. Цяпер у нас сесія, мяне на яе адпусцілі, але за свой кошт. Скажыце, ці законна гэта і ці ёсць магчымасць здаваць сесію з захаваннем заработнай платы?".

Гэтае пытанне цікавіць многіх студэнтаў-завочнікаў, таму мы звярнуліся з ім да кансультанта юрыдычнага ўпраўлення Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Беларусі Таццяны РАХУБЫ.

— Наймальнік не абавязаны прадастаўляць студэнтам-завочнікам, якія працуюць, сацыяльны водпуск з захаваннем заработнай платы ў сувязі з навучаннем, — патлумачыла Таццяна Валер'еўна. — Але ў кожнага работніка ёсць працоўны водпуск (і адпускныя, што пры гэтым выплачваюцца), які прадугледжаны законам. Таму ў студэнта-завочніка пры здачы сесіі маюцца два варыянты: ён можа запланаваць свой працоўны адпачынак на час сесіі і атрымаць адпускныя альбо схадзіць у водпуск за свой кошт (сацыяльны адпачынак), а потым узяць працоўны водпуск у зручны для яго час.

Па словах Таццяны Рахубы, ёсць толькі два выпадкі, калі наймальнік можа аплаціць студэнту сесію. У адпаведнасці з абзацам першым арт. 214 Працоўнага кодэкса Беларусі наймальнік абавязаны прадаставіць вучэбны водпуск з захаваннем заработнай платы работніку, які навучаецца ў ССНУ або ВНУ на вячэрнім або завочным аддзяленні, пры наяўнасці наступных умоў:

— маецца напраўленне (заяўка) наймальніка, дагавор на падрыхтоўку гэтага спецыяліста;

— у калектыўным або працоўным дагаворы арганізацыі прадугледжаны прадастаўленне і аплата навучальных водпускаў. Пры гэтым работнік павінен атрымліваць першую вышэйшую або сярэднеспецыяльную адукацыю.

Калі названыя ўмовы адсутнічаюць, наймальнік мае права, але не абавязаны прадастаўляць работніку сацыяльны водпуск без захавання заработнай платы працягласцю, прадугледжанай арт. 216 Працоўнага кодэкса Беларусі.

Святлана БУСЬКО

Наша даведка

Водпуск бывае працоўным і сацыяльным. Да працоўнага адносіцца асноўны і дадатковы водпуск. Да сацыяльных — водпуск па цяжарнасці і родах, водпуск па доглядзе дзіцяці да трох гадоў, у сувязі з навучаннем, у сувязі з катастрофай на ЧАЭС, па ўважлівых прычынах асабістага і сямейнага характару.

 

←Этапы эпатажа

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика