...А за акном то снег, то дождж
Тэмпературныя рэкорды беларускай зімы прыпадаюць на студзень
Паводле падлікаў айчынных кліматолагаў, самым халодным месяцам года ў Беларусі з'яўляецца студзень. Яго сярэднямесячная тэмпература звычайна складае ад мінус 4,5 градуса на паўднёвым захадзе, да мінус 8 градусаў на паўночным усходзе краіны.
Як паведаміла рэдакцыі спецыяліст Рэспубліканскага гідраметцэнтра Мінпрыроды Вольга Фядотава, за апошнія 150 гадоў самым халодным быў першы месяц 1987 года, калі сярэднямесячная тэмпература студзеня трымалася ажно на 9—10 градусаў ніжэй за кліматычную норму. Даволі холадна было ў студзені ў 1950, 1963, 1969, 1972, а таксама ў 1995 і 2010 гадах. Тады сярэднемесячная тэмпература была на 5—8 градусаў ніжэй за норму. Анамальна цёплы студзень назіраўся ў 1952, 1975, 1983, 1989, 1990, 1994, 1998, а потым і ў 2005 і 2007 гадах, калі сярэднямесячная тэмпература была ўжо на 5—9 градусаў вышэй за норму. У гэтыя гады ў студзені назіралася сур'ёзная адліга.
А вось анамальна моцныя маразы ў навагоднюю ноч былі зафіксаваны на поўначы Беларусі — на метэастанцыі "Езярышча" Глыбоцкага раёна ў 1978 годзе — мінус 38,6 градуса. Самае цёплае навагодняе свята прыпадае на 1 студзеня 2007 года, калі ў Ваўкавыску было плюс 7,1 градуса.
У Мінску, прыкладна раз у 5 гадоў сярэднясутачная тэмпература 1 студзеня бывае вышэй за 0 градусаў. Недзе аднойчы за 20 гадоў тэмпература паветра ў такую святочную ноч дасягае мінус 20 градусаў. Вельмі холадна ўначы на 1 студзеня было ў 1941 годзе — мінус 30 градусаў. Максімальна цёплым лічыцца першы дзень 1984 года, калі ў сталіцы Беларусі было ажно плюс 6 градусаў.
На першы месяц года прыпадае і абсалютны рэкорд мінімальных тэмператур у Беларусі. У студзені 1940 года на метэастанцыі ў раёне г.Талачын было зафіксавана мінус 42,2 градуса. Абсалютны максімум тэмпературы студзеня склаў ажно плюс 11,9 градуса (1993 год, метэастанцыя "Высокае", што на поўначы пад Брэстам).
На жаль, надвор'е ў апошнія дні гэтага года будзе няўстойлівым, паведамляе Вольга Фядотава.
Калі 29 і 30 снежня ўначы нас падмарозіць (бо чакаецца мінус 2—8, а пры праясненнях — і да мінус 9—12 градусаў), то ў апошні дзень года зіма "падкіне" сюрпрыз.
У гэты дзень атлантычны цыклон накіруе ў глыб кантынента больш вільготнае і цёплае паветра з боку Заходняй Еўропы. Таму 31 снежня сіноптыкі прагназуюць на поўначы і ў цэнтральных раёнах Беларусі снег і мокры снег. Месцамі туман і слабы галалёд, на дарогах галалёдзіца. Тэмпература паветра ўначы на 31 снежня 0—7 марозу, а ўдзень ужо ад мінус 3 да плюс 3 градусаў. Першага студзеня чакаецца мокры снег і дождж пераважна на поўначы Беларусі. Месцамі туман, на дарогах слізка.
Тэмпература паветра ў навагоднюю ноч будзе ад мінус 5 градусаў па ўсходзе да 2 цяпла на захадзе краіны. Удзень у аўторак чакаецца ад мінус 2 да плюс 2 градусаў. У сталіцы ўначы на 1 студзеня будзе 0 — мінус 2 градусы, а ўдзень ужо 0 — плюс 2. На працягу сутак магчымы невялікі мокры снег і нават дождж.
Паводле папярэдніх прагнозаў, захаваецца няўстойлівае надвор'е і 2 студзеня. Уначы на сераду крыху падмарозіць да 0 — мінус 7 градусаў, аднак удзень чакаецца зноў ад мінус 3 да плюс 2 градусаў. На паўночным захадзе кароткачасовыя ападкі — мокры снег і дождж. Вось такое наша "вільготнае" свята...
Сяргей КУРКАЧ.