Ці верыце вы ў прарочыя сны?
— Наконт таго веру ці не веру ў прарочыя сны, не магу сказаць канкрэтна. Але часам яны бываюць. Так, падчас майго навучання ва ўніверсітэце (здаецца, гэта было на трэцім курсе) да нас мала хто прыходзіў на спектаклі, а тэатральныя выкладчыкі досыць рэўнасна ставіліся да той дзейнасці, якой мы займаліся па-за межамі вучобы, бо нас лічылі яшчэ не падрыхтаванымі спецыялістамі. ...Мне прыснілася, што я на павышаных тонах размаўляю з мастацкім кіраўніком курса. Я кажу яму пра тое, што мы варымся ў сваім саку і ніхто не глядзіць, што з намі будзе далей. А ён мне на гэта адказвае: "Рабі, як хочаш..." Пасля таго, як мне прысніўся той сон, я знайшоў сабе месца працы, і мой выкладчык быў не супраць. Атрымліваецца, што гэта быў штуршок, быццам нейкі дазвол ад выкладчыка, каб рушыць наперад і ўладкавацца. А на ўсё астатнія сны я асабліва не звяртаю ўвагі. Але бываюць часам сны, калі прачынаешся і ходзіш ўвесь дзень пад іх уздзеяннем. Здараецца і наадварот, калі прачынаешся і ведаеш, што хочаш забыцца на гэты сон, тады трэба паглядзець на акно і сказаць: "Куды ноч — туды і сон".
— Мне аднойчы прысніўся сон, што я выйграў у латарэю. Я прачнуўся і пайшоў купляць латарэі, але ніякага выйгрышу не здабыў. І забыўся пра гэты сон, а праз паўгода мне "Беларускія латарэі" прапанавалі працу вядучага ў "Вашым лато". Яшчэ я зараз працую ў самым дарагім атэлі свету "Парус", дзе праводжу "Рускія музычныя вечары". Напярэдадні таго, як мяне запрасілі на працу, мне таксама прыснілася, што я адпачываю на шыкоўным курорце. Прачнуўся і не звярнуў увагі на гэты сон. А потым праз некалькі месяцаў да мяне прыехаў прадзюсар з Дубая і сказаў, што яму мяне рэкамендавалі. Мы сталі супрацоўнічаць. Лічу, што да сноў варта прыслухоўвацца, бо лёс такім чынам падае нам знакі. Я не тое, каб слепа веру ў сны, але калі мне нешта прысніцца, то вазьму на заметку ці буду больш асцярожным.
Алеся Качанава, студэнтка Інстытута бізнэсу і менеджменту Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта:— Прарочыя сны (ці, як я іх называю, "сны ў руку") заўсёды выклікалі ў мяне пачуццё боязі і няўпэўненасці, бо часта хочацца ведаць, што чакае цябе наперадзе. Часцей запамінаюцца тыя сны, якія прадвяшчалі нешта нядобрае. Неяк у школе мне прысніўся сон, дзе былі адлюстраваны ўсе падзеі дня, і ён у рэальнасці паўтарыўся праз нейкі час — я была здзіўлена. Аднойчы прыснілася, што ноўтбук, падараваны мне маёй бабуляй, падае на падлогу і разбіваецца. Я прачнулася і зразумела: гэта толькі сон. Потым гэты ж сон паўтарыўся амаль праз год, і я ўспрыняла яго як папярэджанне. Пасля ўсіх сваіх шматлікіх сноў я зрабіла вынік для сябе, што лепш не ведаць, якія падзеі чакаюць цябе заўтра. Не жывіце толькі будучым, умейце атрымліваць асалоду ад сённяшняга дня.
Падрыхтавала Алена ДРАПКО.