Без чаго не абыходзіцца мой звычайны дзень?
— Добры дзень не намалюецца без добрай музыкі. А ў такое надвор'е сонечны рэгі — як вітаміны. Таму штодня — сонечная
музыка ў навушніках. І дома, і на працы. Восень для мяне — абавязкова смачны гарачы чай. Сяброўка нядаўна прывезла з Літвы пачак гарбаты з імбірам, лімонам і жэньшэнем. Саграваюся!!! Імкнуся, каб дзень не праходзіў без ёгі. Паўнацэнную практыку сем разоў на тыдні, на жаль, дазволіць сабе не магу. Але імкнуся выконваць хоць бы дыхальныя практыкаванні — пранаямы. З іх выдатна пачынаць раніцу — зусім па-іншаму працуецца!
— Дзень спецыяліста па сувязях з грамадскасцю не абыходзіцца без стасункаў. Зразумела, што гэтыя працоўныя стасункі — добрыя, і абавязкова з усмешкай. Але, разам з тым, ніводзін мой дзень не абыходзіцца без усмешак блізкіх і дарагіх мне людзей!
Студэнтка 6 курса Расійскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя А.І. Герцэна (г. Санкт-Пецярбург) Святлана УЛАСІК:— Любы дзень пачынаецца з працяглага пляскання ў ванным пакоі. Для мяне гэта — неверагоднае задавальненне, а для блізкіх — жах, асабліва калі яны спяшаюцца на працу... Як ні дзіўна гэта прагучыць, але мой класічны сняданак — гэта... суп! Я яшчэ ў школе, калі на нямецкай мове адказвала на пытанне "Што вы ўжываеце на сняданак?", пісала: "Некалькі лыжак супу". Наогул штодня я "лічу калорыі", сачу за тым, што ем. Як правіла, дзень не абыходзіцца без фітнэсу, або саўны, або лазні, або басейна. У мяне абанемент у фітнэс-цэнтр адразу на год! Ну, і абавязковы прагляд навін у інтэрнэце. Асабліва мяне цікавяць навіны спорту.
Святлана БАРЫСЕНКА.