Па вакансіі — на кірмаш
Занятасць
Мінскі Палац культуры чыгуначнікаў ператварыўся ў сераду на тры гадзіны ў гіганцкую біржу працы. У чарговы раз там прайшоў сталічны кірмаш вакансій.
Яго арганізатарам стаў Камітэт па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама. Больш за дзевяноста наймальнікаў шукалі для сябе работнікаў. Працу можна знайсці на прадпрыемствах рознага кшталту — ад заводаў да сетак магазінаў. Завіталі туды і карэспандэнты "Звязды".
— Я шукаю сабе працу, якая не патрабуе спецыяльнай адукацыі, — гаворыць Алеся. — Я вучуся на другім курсе ўніверсітэта.
З-за раскладу заняткаў магу разлічваць на працу выключна ў вячэрні час. Вельмі патрэбны грошы, бо не хачу сядзець на шыі ў бацькоў. Ці хаця б кампенсую частку выдаткаў на адукацыю, таму што вучуся на платным аддзяленні. Добра, што шматлікія працадаўцы сёння знаходзяцца ў адным памяшканні: можна на месцы распытаць пра ўсе асаблівасці і патрабаванні. І, зразумела, ёсць з чаго выбраць!
Прадпрыемства "Мінскдрэў", "Рамаўтадар" Партызанскага раёна, Мінскі завод колавых цягачоў, ЖРЭА Партызанскага раёна, Мінскі маргарынавы завод, філіялы прадпрыемства "Мінсктранс", арганізацыі са сферы гандлю, грамадскага харчавання... Ад колькасці прадпрыемстваў, дзе патрабуюцца супрацоўнікі, разбягаюцца вочы.
— Толькі на гэтым кірмашы прадстаўлена каля пяці тысяч вакансій. Патрабуюцца спецыялісты розных профіляў — слесары, ахоўнікі, прадаўцы, наладчыкі абсталявання, касіры, грузчыкі, трактарысты, токары, вадзіцелі, кандуктары... Але перавага на баку прамысловасці і будаўніцтва, бо там недахоп высокакваліфікаваных работнікаў адчуваецца выразней, — паведаміла галоўны спецыяліст аддзела арганізацыі працы па садзейнічанні занятасці насельніцтва Камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама Вікторыя УСОВІЧ. — Калі наведнік кірмашу ўсур'ёз зацікавіўся прапанаванай магчымасцю ўладкавацца на працу, то ён адразу атрымае ад прадстаўнікоў аддзелаў кадраў усе неабходныя кансультацыі. Яны датычацца і графіка працы, і ўзроўню зарплаты, і сацыяльнага пакета, і культурна-бытавой сферы — словам, усяго, што можа прапанаваць арганізацыя.
Сапраўдны ажыятаж узнік вакол сталоў, дзе знаходзіліся прадстаўнікі дзяржаўных транспартных арганізацый. Напрыклад, філіялы "Мінсктранса" прапаноўвалі шырачэзны спектр вакансій — ад кандуктараў і кіроўцаў да слесараў і наладчыкаў абсталявання.
— Толькі за першыя пяць хвілін працы кірмашу да нас запісаліся ўжо два чалавекі. Мы даём рэальны шанц знайсці працу. Слесар чацвёртага разраду альбо памочнік машыніста матавоза можа разлічваць на зарплату ад 3,5 мільёна рублёў. Прыкладна такія ж расцэнкі для астатніх рабочых спецыяльнасцяў. Для спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй лічбы большыя. Усё будзе залежаць ад аб'ёму выкананай работы, — сказала начальнік аддзела кадраў Мінскага метрапалітэна Валянціна ШАРАМЕТ.
Некаторыя арганізацыі нават гатовы навучыць будучых спецыялістаў асновам прафесіі. У асноўным гэта датычыцца сферы гандлю. Гэта добрая магчымасць лёгка знайсці працу, асабліва калі па розных прычынах не ўдалося ўладкавацца па спецыяльнасці. Цікава, што ў Мінску агульная колькасць вакансій амаль у 10 разоў большая за лічбу зарэгістраваных беспрацоўных і дасягае па стане на 1 кастрычніка амаль 24 тысяч. Таму шукайце сваё — і знойдзеце!
Валяр'ян ШКЛЕННІК.