Казёл
Пятрусь больш здатны быў на жарты ўсялякія, выдумкі. Што смешнае не пачуе, пераробіць на свой лад, быццам так і трэба. Больш любіў Кнот пажартаваць над адзінокімі, даверлівымі жанчынамі, якія, безумоўна, верылі ў яго хлусню…
Неяк Пятрусь прачуў, што старшыня купіў у калгас «казла». Даўно ведаў Кнот, што Ганька шукае для сваёй казы Монькі казла, хаця б якога-небудзь. Бо ўжо рады ніякай ад гэтай казы: усе платы паламала, скачучы. І тут — на табе, як на бяду, Пятрусь са сваёю навінай! Пачуўшы такое ад Петруся, Ганька, доўга не думаючы, з ранку — за казу і да калгаснай канторы. Прывязала жывёліну да плоту, а сама пашыбавала ў кантору, у кабінет да старшыні. Пастукала. Усхваляваная, з пачырванелым тварам, стала ля дзвярэй кабета.
Скончыўшы «паперныя» справы, старшыня прыўзняў галаву, зірнуў на збянтэжаную Ганьку.
— Заходзь, Ганька, не саромейся. Сядай, калі ласка. З чым добрым? Што цябе прывяло сюды? Кажы хутчэй, бо мне няма калі.
Ганька камячыла рукамі ражок хусткі, не ведаючы з чаго пачаць. Сэрца вельмі білася ад хвалявання і хуткай хадзьбы. Неяк адважылася і спытала:
— Мікалай Іванавіч, я чула, што ты ў калгас казла купіў, вось я і, — Ганька запнулася, не закончыўшы гаворку, — сваю Маньку прывяла... — апусціла недарэчна галаву жанчына і зноў пачала камячыць ражок хусткі.
У кабінеце стаяла цішыня: было толькі чуваць, як рыпіць стул пад старшынёй, які ад нечаканасці і ад пачутага ёрзаў на ім, быццам уюн на патэльні, уціраючы насоўкай выступіўшы на лбе пот. Кашлянуўшы для свядомасці, усміхнуўся гаспадар і спытаў, чухаючы патыліцу:
— Хто табе такое ляпнуў, Ганька?
Кабета здзіўлена маўчала. Зразумеўшы, што не з тым прыйшла, адважылася і ў роспачы прамовіла:
— Бач, Мікалай Іванавіч, як беднай і забітай жанчыне, дык і скаціны шкада. А я думала, што… — Ганька зноў запнулася.
Старшыня быў таксама ў нерашучасці, не ведаў, што і казаць далей. Яго распіраў і смех, і жаль, і нейкая няўпэўненасць ад пачутага. Потым усміхнуўся гаспадар і адказаў:
— Ганька, гэта так калгаснікі ахрысцілі маю новую машыну, якую я прыдбаў у калгас. А ты, мабыць, не разабралася, у чым справа, — хутчэй сюды. Хто табе такое нагаварыў? Не саромейся, кажы.
— Пятрусь, нягоднік, трасца яго ліха, — выдыхнула кабета.
— Хлус твой Пятрусь і дуралей, — спагадліва закончыў старшыня, кіруючы да выхаду з кабінета.
Ля канторы старшыню з шафёрам унутры чакаў новенькі «казёл». Старшыня сеў у машыну і паехаў.
Яшчэ некалькі хвілін гаротная і недарэчная Ганька глядзела ўслед новаму аўто. Цяжка ўздыхнула ў каторы раз, адвязала казу і, праклінаючы ў думках абібока Петруся, хістаючыся, быццам ад цяжкага працоўнага дня, нетаропка патэпала дамоў…
Максім БАЯНАЎ
г. Бяроза