Каляндар ужо ў продажы
Пытальнік
Паведаміце, калі ласка, праз газету "Звязда": ці будзе на наступны год выпушчаны беларускі каляндар? Вы пра яго шмат пісалі.
Лідзія Серафімаўна ХІТРО, г. Мазыр
"Родны край", куды ты схаваўся? І так робіш не першы год. Твае "калегі"-календары з'яўляюцца ў продажы за тры-чатыры месяцы да Новага года. А ты спіш, дрэмлеш...
Міхаіл Трафімавіч ЧАРНЯЎСКІ, курортны пасёлак Нарач Мядзельскага раёна
Такія лісты рэдакцыя атрымлівае штогод, прычым, як правіла, па большасці ад адных і тых жа аўтараў. Неаднойчы мы вельмі падрабязна тлумачылі, што ды як з названым календаром, але чамусьці звароты паўтараюцца... Таму — яшчэ раз па сутнасці пытання, але вельмі коратка.
Як удакладнілі рэдакцыі ў выдавецтве "Беларусь", каляндар "Родны край" — ужо ў продажы. Рэалізуецца ён, як і ў папярэднія гады, са жніўня. Набыць каляндар можна не толькі ў сталіцы, але і па ўсёй краіне: яго браў для продажу каапгандаль. Чаму патрэбнага, магчыма, няма ў нейкім асобным гандлёвым пункце? Летам ахвотным набыць каляндар пажадана было пакінуць замову на яго па месцы жыхарства. З улікам такіх зваротаў крамы і бяруць на рэалізацыю пэўную колькасць календароў.
Увогуле наклад "Роднага краю" на наступны год — 7 тысяч экзэмпляраў. Гэта столькі ж, як і ў папярэднія гады (яшчэ раз нагадваем пра папярэднія замовы: калі б яны былі, магчыма, і наклад быў бы іншым). У выдавецтве адпускная цана календара складае 10 265 рублёў. Рознічная цана фарміруецца з улікам 30-працэнтнай надбаўкі.