Дыферэнцаваная аплата электрычнасці: ці ўкладземся ў нормы?
Як вядома, у Беларусі прапануецца ўвесці дыферэнцаваную аплату насельніцтвам паслуг электразабеспячэння. Прапануецца вызначыць сацыяльныя аб'ёмы спажывання, павышаныя максімальныя, а таксама адпаведныя тарыфы. Ці зможам мы ўкласціся ў льготны тарыф? Давайце падлічым.
Нагадаем, што з 1 красавіка па 30 верасня для сям'і з аднаго чалавека ў кватэры (доме) з электраплітой прапануецца ўстанавіць ільготны аб'ём электраспажывання ў месяц 120 кВт∙г (для сям'і з 2 чалавек — 140, з 3 — 160, з 4 — 180, з 5 — 200, з 6 — 220, з 7 і больш — 240 кВт∙г), з 1 кастрычніка па 31 сакавіка — 135 кВт∙г (155, 175, 195, 215, 235 і 255 кВт∙г адпаведна).
У кватэрах з газавай плітой нарматывы такія: у вяснова-летні перыяд — 70 кВт∙г (калі зарэгістраваны адзін чалавек), 85 кВт∙г (два чалавекі), 100 кВт∙г (тры), 115 кВт∙г (чатыры), 130 кВт∙г (пяць), 145 кВт∙г (шэсць), 160 кВт∙г (сем і больш), у асенне-зімовы — 80, 95, 110, 125, 140, 155, 170 кВт∙г адпаведна.
Як заяўляюць энергетыкі, так званы "Сацыяльны пакет" (аб'ём і тарыф спажывання) плануецца захаваць у межах існуючых аб'ёмаў, якія спажываюць на сённяшні дзень 80% насельніцтва. Па звестках Мінэнерга, менавіта гэтыя 80% насельніцтва спажываюць толькі палову ад агульнага аб'ёму электрычнай энергіі, адпаведна 50% аб'ёму прыпадае на астатніх 20% абанентаў.
Мы вырашылі падлічыць, колькі электраэнергіі спажываюць у месяц бытавыя электрапрыборы ў сярэднестатыстычнай сям'і. Але, на жаль, ніхто з энергетыкаў не захацеў дапамагчы нам у нашых разліках. Не сталі гаварыць на гэтую тэму ні ў Міністэрстве энергетыкі, ні ў Белэнерга, ні ў "Мінскэнерга", ні ў "Энергазбыце", ні ў Дэпартаменце па энергаэфектыўнасці. Практычна ўсе нашы суразмоўцы адсылалі нас да вучоных, хоць пытанні мы задавалі выключна практычныя.
Як патлумачыў карэспандэнту "Звязды" начальнік вытворча-тэхнічнага аддзела Дэпартамента па энергаэфектыўнасці Аляксандр ДАНІЛЕНКА, расход электраэнергіі — гэта вельмі індывідуальны паказчык. Ён залежыць ад колькасці электрапрыбораў у кватэры, часу іх працы, класа энергаэфектыўнасці. Вы і самі можаце ўсё гэта разлічыць, дадаў спецыяліст.
Што ж, так і зробім. Возьмем найбольш распаўсюджаныя электрапрыборы і, ведаючы іх магутнасць, паспрабуем разгледзець усярэднены варыянт іх выкарыстання.
Нагадваем, што тут прыведзены вельмі сярэдні варыянт. Але вы можаце падставіць звесткі, якія больш адпавядаюць вашаму энергаспажыванню, і такім чынам атрымаць дакладныя лічбы, якія адносяцца менавіта да вашай сітуацыі. У любым выпадку, зыходзячы з табліцы, ужо можна меркаваць аб тым, якое месца займае той ці іншы бытавы прыбор у агульнай структуры расходу электраэнергіі. На жаль, відаць і тое, што наўрад ці сярэдняя сям'я зможа ўкласціся ў сацыяльныя нормы.
Святлана БУСЬКО.
ДАРЭЧЫ
Цяпер, калі затраты на электрычнасць павялічацца, многія, напэўна, стануць эканомней ставіцца да спажывання электраэнергіі. У сувязі з гэтым хацелася б параіць большую ўвагу звяртаць на тое, наколькі "пражэрлівы" той ці іншы бытавы прыбор, які вы збіраецеся купіць. Любы бытавы электрапрыбор купляецца ў сярэднім на пяць-сем гадоў, і колькасць электрычнасці, спажытай ім, часам перавышае яго кошт у два-тры разы.
Адзін скрупулёзны пакупнік вырашыў параўнаць два электрачайнікі — адзін кітайскі, другі — маркі Sіеmеns. Sіеmеns меў даволі тоўстую сценку з добрай цеплаізаляцыяй (быў амаль як тэрмас). Акрамя таго, ён на траціну менш (прынамсі, так было заяўлена) спажываў электраэнергіі. У кітайскім чайніку вада астывала амаль імгненна, бо цеплаізаляцыя адсутнічала. Таму рэальнае спажыванне ім электрычнасці аказалася як мінімум на 50-70% вышэй, чым у фірмовага чайніка.
Тое ж самае тычыцца любога бытавога прыбора, які спажывае электрычнасць. Цяпер для зручнасці пакупнікоў вытворцы абавязаны паказваць у спецыяльнай табліцы ўзровень спажывання электраэнергіі (ад лацінскай "А" да "G"). "А" — гэта самы эканомны варыянт па электрычнасці, "G" — самы "пражэрлівы".