Акцэнты тыдня з Вадзімам Гігіным

Источник материала:  

У нас. Пачалося з нечаканай для беларускай рэчаіснасці палітычнай інтрыгі. 8 кастрычніка Прэзідэнт сустрэўся з другім сакратаром ЦК Кампартыі Беларусі Ігарам Карпенкам. Улічваючы неардынарнасць такой сустрэчы і тую ўвагу, якую ёй надалі сродкі масавай інфармацыі, адразу сталі ўзнікаць пытанні. Чаму да кіраўніка дзяржавы прыйшоў другі сакратар, а не першы? Чаму не ўзгадвалася, што Ігар Васільевіч з'яўляецца адначасова намеснікам старшыні Мінгарвыканкама? І яшчэ шмат такіх "чаму". Да пары можна было толькі з высокай ступенню верагоднасці прагназаваць хуткую змену кіраўніцтва ў старэйшай і адной з самых уплывовых палітычных партый краіны.

Акцэнты тыдня з Вадзімам ГігінымАднак інтрыга вырашылася амаль гэтак жа нечакана, як і ўзнікла. У чацвер Аляксандр Лукашэнка сустракаўся з дэпутатамі Нацыянальнага сходу чацвёртага склікання, чые паўнамоцтвы заканчваюцца. Падчас выступлення Прэзідэнт падзяліўся сваімі думкамі пра магчымую палітычную мадэрнізацыю краіны. І ў гэтым працэсе, было падкрэслена ў чарговы раз, асаблівую ролю павінны адыграць менавіта партыі. Паводле слоў Прэзідэнта, у цэнтры палітычнага спектра размесціцца "Белая Русь" (калі яе члены нарэшце вырашаць ператварыць сваю арганізацыю ў партыю), па сваёй ідэалогіі блізкая больш да сацыялістаў ці сацыял-дэмакратаў. Злева ад яе будзе знаходзіцца менавіта Кампартыя. Сярод правых Аляксандр Лукашэнка абазначыў толькі БНФ, даўшы гэтай партыі характарыстыку як нацыяналістычнай. Не была выключана і магчымасць павольнага пераходу да прапарцыянальнай ці змешанай выбарчай сістэмы.

Такім чынам, усе часткі малюнка сталі на свае месцы. І сустрэча з Ігарам Карпенкам, і прамова ў парламенце — крокі на шляху ўдасканалення палітычнай сістэмы Беларусі. Якраз новаму складу парламента і наканавана абмеркаваць і прыняць тыя законы, якія рэалізуюць на практыцы прапановы як кіраўніка дзяржавы, так і тых палітыкаў і экпертаў, што выказваюцца за паступовую эвалюцыю дзяржаўнага ладу нашай краіны.

Вакол нас. Часам падаецца, што выбары праходзяць ва ўсім свеце адначасова і бясконца. Толькі яны скончыліся ў Беларусі, а следам — адбыліся ў Грузіі, Украіне, Літве, ЗША. Цікавы палітычны расклад зараз назіраецца менавіта ў нашай паўднёвай суседкі.

Януковіч, Юшчанка, Цімашэнка... Здавалася, што гэта нязменная "вялікая тройка" ўкраінскай палітыкі, хаця адна з пералічаных асоб і знаходзіцца за кратамі. Раптоўна, энергічна, хутка, сапраўды па-спартыўнаму ў першыя шэрагі самых папулярных палітыкаў Украіны ўварваўся баксёр Віталь Клічко. Яго партыя "УДАР" (скарачэнне ад "Украінскі дэмакратычны альянс за рэформы") напярэдадні парламенцкіх выбараў займае другое месца ў рэйтынгах. Яе апераджае толькі кіруючая зараз Партыя рэгіёнаў.

Віталь Клічко ніколі не ўтойваў сваіх палітычных амбіцый. Былы саветнік прэзідэнта і дэпутат Кіеўскай гарадской рады мэтанакіравана ідзе да змагання за вышэйшую пасаду ва Украіне. Не ўтойвае ён і сваёй апазіцыйнасці, рэзка крытыкуе і Віктара Януковіча, і ўрад Мікалая Азарава. Таму некаторыя палітолагі расцанілі рэзкі рывок "УДАРа" як пагрозу для прэзідэнта Януковіча. Насамрэч гэта амаль што падарунак.

Віталь Клічко хоць і з'яўляецца апазіцыянерам, але на самой справе адцягвае электарат у "Бацькаўшчыны" Юліі Цімашэнкі — самага ўплывовага і небяспечнага канкурэнта для каманды Віктара Януковіча. Ужо зараз сенсацыя, зробленая высокім рэйтынгам Віталя Клічко, адхіліла на другі план бясконцы серыял аб знаходжанні Цімашэнкі ў турме і ўсе скандалы, звязаныя з гэтым. Калі б Віталя Клічко не было, то паліттэхнолагам Партыі рэгіёнаў трэба было яго прыдумаць. А амбіцыі... Ну дык што ж, сёння яны ёсць — заўтра сыходзяць, як і высокія рэйтынгі. Палітыка — цынічная справа, у якой выйграная хвіліна ці імгненне можа вырашыць і ўсю гульню. Гэта такая сумесь бокса і шахмат. І як паспяхова тут праявіць сабе выдатны майстар рынга Клічко, пакажа толькі час.

З гісторыі. 8 кастрычніка па новым стылі (26 верасня па старым) 1857 года, гэта значыць, якраз 155 гадоў таму, у Пружанах нарадзіўся Платон Мікалаевіч Жуковіч. Гэта быў адзін з самых выдатных беларускіх гісторыкаў ХІХ стагоддзя, на вялікі жаль, амаль забыты зараз.

Як і многія вучоныя-гуманітарыі таго часу, Жуковіч паходзіў са святарскай сям'і. І адукацыю ён атрымаў таксама царкоўную — у Кобрынскім духоўным вучылішчы, Літоўскай семінарыі і Санкт-Пецярбургскай духоўнай акадэміі. Падчас вучобы пазнаёміўся з Міхаілам Каяловічам, бадай што самым выдатным і знакамітым беларускім гісторыкам ХІХ стагоддзя. Жуковіч стаў яго вучнем.

І Жуковіч, і Каяловіч належалі да ідэйнай плыні, якая атрымала назву заходнерусізму. Ужо пры Савецкай уладзе гэтаму кірунку надалі чорныя рысы цемрашальства і рэакцыянізму. Аднак такое ўяўленне, як і любыя штампы, далёкае ад рэчаіснасці. Заходнерусісты — а сярод іх былі і Карскі, і Раманаў, і Сапуноў — імкнуліся спасцігнуць, хто такія беларусы, якога яны роду-племені, разабрацца ў гістарычных скрыжаваннях. І зрабіць гэта пасля амаль двух стагоддзяў культурнага спусташэння паланізацыі было вельмі цяжка. Фактычна заходнерусісты былі першапраходцамі. Яны вярнулі з небыцця беларускую мову, яны заклалі фундамент навуковага беларусазнаўства. І забывацца пра гэта, часта паўтараючы завучаныя штампы савецкіх часоў, нельга.

Жуковіч вывучаў адну з самых складаных навуковых тэм — гісторыю царкоўнай уніі, барацьбы супраць яе праваслаўных. Але гэта толькі адзін, хоць і магістральны, кірунак яго дзейнасці. Вучоны займаўся і гісторыяй школьнай справы, судоў, кіравання на тэрыторыі Беларусі ў часы сярэднявечча. Пракладзеныя ім сцежкі ў бясконцым лесе гістарычных дакументаў і сведчанняў запатрабаваныя даследчыкамі і ў наш час. А распрацаваныя Жуковічам лекцыі па гісторыі Беларусі — адзін з лепшых узораў сістэматызацыі поглядаў на айчынную мінуўшчыну. Пры жыцці ён быў прызнаны калегамі і выбраны ганаровым членам шматлікіх гістарычных і археалагічных таварыстваў.

І яшчэ адзін уклад у развіццё беларускай культуры зрабіў Платон Мікалаевіч ужо пасля сваёй смерці, якая напаткала яго ў 1919 годзе. Праз два гады Дзяржаўная бібліятэка БССР набыла яго асабістую бібліятэку, надзвычай багатую. Яна склала падмурак для калекцыі гістарычных кніг нацыянальнага кнігасховішча.

←Пограничники своих не забывают

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика