Як вы ставіцеся да сістэмы дыферэнцаванай аплаты электрычнай энергіі?
— Стаўлюся станоўча, але з агаворкай — на пераходны перыяд. Да таго часу, як у насельніцтва будуць дастатковыя даходы, каб аплачваць рэальны кошт электраэнергіі. Нармальны заробак у будучым кампенсуе выдаткі людзей. Даходы павялічваюцца паступова, і для гэтага плаўнага працэсу і павінна быць дыферэнцыяцыя. Гэтая сістэма адназначна дазволіць эканоміць электраэнергію. Будзе норма (можна спрачацца — высокая ці нізкая, але яна будзе падлічана і абгрунтавана), і што вышэй за норму — каштуе даражэй. Я мяркую, што ў многіх будзе вышэй, і за раскошу давядзецца плаціць. Але ў адпаведнасці са сваёй кішэняй раскошу будуць скарачаць, і гэта будзе эканомія. Мне таксама давядзецца эканоміць. У мяне дома не ўсе лямпачкі энергазберагальныя, калі шчыра. Мне падаецца, што тут усыпілі пільнасць людзей нізкімі тарыфамі на электраэнергію. Ну навошта набываць дарагую энергазберагальную лямпу, калі звычайная лямпа — танная і кілаваты танныя таксама? Я планую навучыцца адключаць усе электрапрыборы ад рэжымаў чакання: 10% можна эканоміць. Буду звяртаць увагу на клас энергаспажывання пры набыцці тэхнікі. Рэзервы ёсць. У рэшце рэшт, усе будуць выключаць святло часцей.
Таццяна Сяргейчык, рэдактар аддзела падрыхтоўкі тэлевізійных праграм тэлерадыёкампаніі "Магілёў":— Я адразу думаю, на чым можна сэканоміць? Мы карыстаемся рэчамі, якія дапамагаюць жыць. Новыя тэхналогіі эканомяць час, сілы, здароўе. Як сёння жанчына можа абысціся без аўтаматычнай пральнай машыны? Мыць бялізну рукамі? І пыласос наўрад ці варта мяняць на венік. Як і сядзець пры свечках. Атрымліваецца, што новая сістэма і жорсткая эканомія — нібыта адкат ад цывілізацыі. У маёй кватэры, паверце, не ўсё гарыць і свеціцца — толькі самае неабходнае. Праўда, не ўсе лямпы энергазберагальныя: яны мала што дарагія і часта недаўгавечныя, але яшчэ і не падыходзяць да нашых свяцільняў. Ёсць у нас і іншыя моманты, дзе даводзіцца павялічваць спажыванне электраэнергіі: уключаць абагравальнік, калі трэба тэрмінова прасушыць адзенне сыну-студэнту, бойлер для мужа-будаўніка падчас адключэнняў гарачай вады, а таксама цёплую падлогу ў міжсезонне, калі няма цэнтральнага ацяплення (урэшце, лекі на лячэнне прастуды каштавалі б даражэй!). Ну і я не магу адмовіцца ад утрымання акварыума і рыбак — гэта мая асабістая радасць. Так што новай сістэме я не ўзрадуюся: давядзецца эканоміць альбо плаціць.
Васіль Малачкоў, генеральны дырэктар ЗАТ "Тэхнапарк "Магілёў":— Сэнс у такой сістэме ёсць толькі тады, калі ўсталяваны абгрунтаваны, разумны ўзровень энергаспажывання. Калі не — то гэта, прабачце, проста спосаб павышэння тарыфаў, што падаецца непазбежным. Тарыфы на спажыванне электраэнергіі павінны быць справядлівымі. Я супраць любога перакрыжаванага субсідзіравання. Гэта перашкаджае нармальным эканамічным стасункам. Напрыклад, навошта ўладальніку дома інвеставаць у энергазберажэнне альбо ў набыццё ўстановак па выпрацоўцы альтэрнатыўнай энергіі? Калі тарыфы заніжаныя, то яго праект проста не акупіцца. Але трэба прызнаць, што дыферэнцаваная сістэма дасць вынік у эканоміі энергіі. Яна падштурхне, у першую чаргу малазабяспечаныя сем'і, да таго, каб упісацца ў танную норму. Людзі заможныя наўрад ці будуць эканоміць на лішніх кілаватах. Сам я апантаны збераганнем энергіі вельмі даўно і нават не ведаю, што яшчэ можна прыдумаць, каб эканоміць больш. Ці варта адмаўляцца ад чагосьці ва ўрон камфортнаму жыццю? Трэба думаць.
Запісала Ілона Іванова.