Старшыня дапамог правесці ваду
Ужо некалькі гадоў па вуліцы Садовай у вёсцы Абадоўцы не было вады. Колькі жыхары ні прасілі сельскі Савет дапамагчы, справа з месца не зрушвалася. Гэта цягнулася да тае пары, пакуль год назад старшынёй Ільянскага сельскага Савета не стаў Мікалай Русак.
Мікалай Русак сустракае кожнага з ветлівай прыемнай усмешкай і заўсёды ўважліва ставіцца да любога праблемнага пытання. У яго няма дробязяў у працы, няма пытання, якое б ён не паспрабаваў вырашыць. Дэвіз гэтага чалавека: “Няма пытанняў, якія б не вырашаліся. Галоўнае – захацець вырашыць”.
Вось так здарылася, калі мы ў жніўні звярнуліся да Мікалая Вацлававіча з пісьмом-просьбай. Справа ў тым, што па вуліцы Садовай у вёсцы Абадоўцы ўжо некалькі гадоў не было вады. Трубы былі падведзеныя яшчэ ў пачатку 90-х гадоў. І напачатку вада была. Меркавалася нават у калгасным садзе, на ўзгорку, паставіць вежу, каб лягчэй было падаваць ваду. Вежу паставілі. А далей... распаўся Савецкі Саюз, з цягам часу месцамі перагнілі трубы, пакрылася іржой вежа.
Колькі разоў мы звярталіся да кіраўніцтва Ільянскага сельскага Савета і колькі разоў чулі адмоўны адказ ад былога яго кіраўніцтва! Маўляў, на гэту справу патрэбныя велізарныя грошы. Тым часам пенсіянеры і дзеці на тачках цягалі ваду з суседняй вуліцы (а гэта не менш за паўкіламетра!). Жанчыны, не маючы магчымасці ўстанавіць пральную машыну, мылі бялізну самі. А патрэбы для сям’і ў вадзе на вёсцы немалыя. Гэта і ежу згатаваць, і бялізну памыць, і скаціну напаіць, і ў хаце прыбраць. А летнія нарыхтоўкі? Ды што тут і казаць, любая гаспадыня марыць, каб у хаце была вада. А на вуліцы між тым XXI стагоддзе!
Год назад старшынёй Ільянскага сельскага Савета стаў Мікалай Русак. Вось і вырашылі жыхары нашай вуліцы сабраць подпісы і звярнуцца да старшыні. Пераконваць у тым, наколькі важна мець на вуліцы ваду, Мікалая Вацлававіча не прыйшлося. Ён адразу ж цвёрда сказаў:” Гэта пытанне трэба вырашаць, і яно будзе вырашана ў самым хуткім часе”.
Мікалай Вацлававіч падключыў да вырашэння пытання кіраўніцтва філіяла аграфірмы “Ілья” ЗАТ ”РОСТЭМ” і кіраўніцта РКУП ”Вілейскі водаканал”. Зразумела, што праблем хапіла. Трэба было вырашаць і фінансавыя пытанні, і тэхнічныя, і многія іншыя.
Выкананне асноўных работ было даручана брыгадзе РКУП ”Вілейскі водаканал” на чале з майстрам Яўгенам Амельяновічам. Мікалай Вацлававіч і сам не раз выязджаў на месца, каб паглядзець, як рухаецца справа, што трэба, чым дапамагчы.
Праца пачалася. Вялікую ролю тут адыграла жаданне дапамагчы і велізарная адказнасць за даручаную справу Яўгена Канстанцінавіча. Ён не шкадаваў ні свайго часу, ні сіл, каб давесці пачатае да канца. Яўген Амельяновіч па некалькі разоў на дзень заходзіў да жыхароў, цікавіўся, ці з’явілася вада. Цяжка было знайсці, дзе ж тыя самыя прарывы ў трубах. Прыйшлося перакапаць сотні метраў зямлі. І ўсё-такі знайшлі. Замянілі большасць трасы, і доўгачаканая вада з’явілася!
Хочацца шчыра падзякаваць ад імя ўсіх жыхароў вуліцы Садовай Мікалаю Русаку і Яўгену Амельяновічу, якія зрабілі ўсё магчымае і немагчымае, каб аблегчыць жыццё людзей цэлай вуліцы.
З павагай жыхары вуліцы Садовай вёскі Абадоўцы, сем’і ШАБУНЯЎ, ЗАБАРОНКАЎ, КАЖУРАЎ, ШАЛУХАЎ, СВЕТАГОРАЎ, ЕЛЬЯШЭВІЧ, ЯНОЎСКІХ.
Калодзежы абмялелі
Тым часам тая самая праблема з вадой турбуе жыхароў вёскі Альковічы суседняга Альковіцкага сельсавета. Жыхары скардзяцца, што цяпер на ўсю вёску вада ёсць толькі ў адным калодзежы.
Сітуацыю каментуе старшыня Альковіцкага сельсавета Юры Сухі:
– Сёлета ўпаў узровень вады. У вёсцы жыве 28 чалавек, 11 дамоў, а аб’ектаў сацыяльнай сферы няма. Водаправод, мабыць, не пабудуем, бо каб правесці яго, трэба мільёнаў 800. А тут і артэзіянскай свідравіны няма. У вёсцы ёсць шэсць ці пяць калодзежаў, і да мяне са скаргай пакуль ніхто не звяртаўся.
Фота Зоі ХРУЦКАЙ.