Артылерыя. Ды не ўся
Прыжыццёвае выданне першай часткі кнігі навукоўца родам з Прыдзвіння Казіміра Семяновіча "Вялікае мастацтва артылерыі" цяпер маюць і беларусы
Надзвычайна багатая на помнікі кніжнай культуры Беларусь мае толькі каля 10% усёй сваёй кніжнай культурнай спадчыны, запэўнівае дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Матульскі. На жаль, наша кніжная артылерыя сёння выступае не ў поўным складзе. Але "БПС-Сбербанк" у Год кнігі вырашыў дапамагчы трошкі выправіць гэтую невясёлую сітуацыю. Набыўшы ў адной з антыкварных букіністычных кнігарняў Германіі два прыжыццёвыя выданні першай часткі "Вялікага мастацтва артылерыі" Казіміра Семяновіча на латыні, выдадзеную ў Амстэрдаме ў 1650 годзе, і па-французску, выдадзеную там жа ў 1651 годзе. Дзве вялікія кнігі (кардон, скура), упрыгожаныя гравюрамі Якава Ван Меерса па эскізах самога Семяновіча, даволі добра захаваліся, калі ўлічыць, што ім больш за 360 гадоў.
— Казіміра Семяновіча можна назваць адным з тых беларусаў, якія змянілі свет. Таму што яго твор — кніга, якая не страціла свайго значэння і зараз. Сёння мы ўспрымаем яе, вядома, як помнік навукова-тэхнічнай думкі, але яна паслужыла асновай для вельмі многіх вынаходніцтваў у галіне ракетабудавання, — лічыць Таццяна РОШЧЫНА, эксперт па кніжных помніках Беларусі, бібліёграф навукова-даследчага аддзела кнігазнаўства НББ. — Да апошняга часу імя Семяновіча было вядома вельмі вузкаму колу спецыялістаў. Хоць і пры жыцці, і сёння Семяновіч быў і застаецца для ракетчыкаў і феерверкераў усяго свету сапраўды адным з самых аўтарытэтных вынаходнікаў. Казімір Семяновіч дакладна прадказаў лёс сваіх адкрыццяў. Ён пісаў, што яго творы праз шмат гадоў будуць забытыя, а яго вынаходніцтвы прысвояць больш познія аўтары.
Дык што з такога ашаламляльна наватарскага напісаў у сваёй кнізе вучоны ліцвін?
Кніга Семяновіча для многіх стала адкрыццём у галіне артылерыі і піратэхнікі. У сваім творы наш зямляк, акрамя ўсяго іншага, апісаў уладкаванне шматступенчатай ракеты за 250 гадоў да Цыялкоўскага. Што ў далейшым вызначыла шляхі развіцця артылерыі ў Еўропе. Твор беларуса лёг у аснову будучага касмічнага ракетабудавання. Семяновічу належыць яшчэ і першынство ў распрацоўцы так званай "разумнай зброі". У асобным раздзеле кнігі апісана ўніверсальная оптыка-механічная сістэма прыцэльвання і навядзення для зброі і ракет. У сістэме былі элементы памяці і аўтаматызацыі, што гучала зусім рэвалюцыйна па тых часах. Беларус прыдумаў яшчэ і своеасаблівую ракетную сістэму залпавага агню — правобраз усім вядомай "кацюшы". Шляхціц з Віцебскага ваяводства Казімір Семяновіч зрабіў выснову аб выкарыстанні кінетычнай энергіі за 35 гадоў да таго, як Лейбніц увёў само паняцце... І гэта далёка не ўсё, што вынайшаў наш з вамі зямляк. Цяпер мы маем арыгінал выдатнай кнігі, напісанай ім на латыні. Засталося толькі дачакацца перакладчыка, які здолее класічную мову 350-гадовай даўніны перакласці на сакавітую беларускую. І трэба спяшацца. Бо сваім Семяновіча лічаць і палякі, і літоўцы... Зрэшты, такое часта бывае са славутымі беларусамі.
Што тычыцца палітыкі вяртання культурнай спадчыны ў Беларусь, то для спонсараў куплі кнігі "Вялікае мастацтва артылерыі" "БПС-Сбербанка" гэта, напэўна, стане справай звыклай. Прынамсі, так абяцае Васіль МАЦЮШЭЎСКІ, старшыня Праўлення ААТ "БПС-Сбербанк":
— Гэта абсалютна ўсвядомлены акт. Нам двойчы прыемна, што ён прымеркаваны да 90-годдзя нашай Нацыянальнай бібліятэкі. Падобныя акты прадпрымае не толькі наш лакальны банк, але і ўся наша група ў дачыненні краін прысутнасці. Мы лічым, што гэта наша неаспрэчная карпаратыўная палітыка. Таму што бізнэс мусіць несці маральную адказнасць за тэрыторыю, на якой дзейнічае. Я сам тутэйшы — і мне вельмі важна, каб Беларусь вяртала, а не страчвала — ва ўсіх сэнсах. Спадзяюся, што гэта не апошняе такое мерапрыемства. Што не толькі мы, але і прадстаўнікі іншых бізнэс-структур будуць прыходзіць у нацыянальную бібліятэку і абавязкова нешта з сабой прыносіць. Таму што жыццё — рэч хуткаплынная, а кніга — вечная.
Гаварыць пра гучныя пакупкі загадзя — справа рызыкоўная. А таму Раман МАТУЛЬСКІ, дырэктар НББ, толькі заінтрыгаваў кнігаманаў і аматараў беларускай даўніны:
— Амаль уся культурная кніжная спадчына Беларусі — за межамі Беларусі. Але яна практычна ўся знаходзіцца ў дзяржаўных сховішчах. А гэта значыць, што няважна, як яна туды трапіла — праўдамі ці няпраўдамі. У пасляваеннай Еўропе сфарміравалі заканадаўчае поле, сутнасць якога прыблізна ў наступным: на чыёй тэрыторыі культурны аб'ект знаходзіцца, той краіне ён і належыць. І ніводная з дзяржаў зараз не знаходзіцца ў такім стане, каб распрадаваць сваю культурную спадчыну. Таму нам застаецца вельмі вузкі спектр прыватных калекцый. Адтуль на рынак часам трапляе нешта вельмі рэдка. Але ў нас ёсць напрацоўкі, і магу вас запэўніць, што ў наступным месяцы мы прэзентуем яшчэ адзін неверагодна важны для беларускай культуры набытак.
Вольга ЧАЙКОЎСКАЯ.