Чыгунка пашырае "электронныя" кірункі
З 26 верасня Беларуская чыгунка адкрывае продаж праязных дакументаў з электроннай рэгістрацыяй на ЦЯГНІКІ па новых кірунках.
Як паведамілі ў прэс-службе магістралі, з названай даты выкарыстанне паслугі электроннай рэгістрацыі ў рэжыме доследнай эксплуатацыі будзе пашырана для праезду ў цягніках №095/096 (097/098) Гомель — Мінск, №138/137 Гродна — Мінск, №143/144 Магілёў — Мінск, №108/107 Мінск — Гомель — Калінкавічы. У выніку пасажыры змогуць набыць праязныя дакументы з электроннай рэгістрацыяй на цягнікі, што курсіруюць паміж Мінскам і ўсімі абласнымі цэнтрамі. Нагадаем, што праезд пасажыраў па электронных праязных дакументах з электроннай рэгістрацыяй каля двух тыдняў вядзецца ў цягніках №106/105 Брэст — Мінск і №117/118 Віцебск — Мінск.
Колькасць цягнікоў, пры праездзе ў якіх будзе дзейнічаць новая паслуга, будзе ўвесь час павялічвацца, дадаюць у прэс-службе Беларускай чыгункі. З 1 кастрычніка плануецца адкрыць продаж электронных праязных білетаў з электроннай рэгістрацыяй на цягніках №112/111 Брэст — Мінск, №109/110 Магілёў — Брэст, №142/141 Брэст — Віцебск, №805/806 Гомель — Мінск.
Варта нагадаць, што аплата праезду праз інтэрнэт з электроннай рэгістрацыяй дазваляе значна эканоміць час, не афармляючы праязны дакумент у білетнай касе. Электронная рэгістрацыя выконваецца не пазней, чым за адну гадзіну да адпраўлення цягніка з пачатковай станцыі маршруту яго руху. Пасадка пасажыраў вядзецца пры прад'яўленні дакумента, які сведчыць асобу, на падставе якога быў аформлены электронны праязны дакумент.
Сяргей РАСОЛЬКА