Самыя спакойныя
Адной з самых спакойных выбарчых кампаній за ўсю гісторыю суверэннай Беларусі былі названы апошнія выбары на прэс-канферэнцыі ў панядзелак у Брэсце. Паводле папярэдніх звестак, на ўчасткі прыйшло 76,3% грамадзян, якія маюць выбарчае права. Ва ўсіх акругах дэпутаты абраны ў першым туры.
Характарызуючы папярэднія вынікі выбарчай кампаніі, начальнік галоўнага ўпраўлення арганізацыйна-кадравай работы Брэсцкага аблвыканкама Аляксандр Каляда заўважыў, што ніводныя выбары ні ў якой краіне не абыходзяцца без парушэнняў. Выбары ж праводзяць не прафесіяналы. І чыста тэхнічныя агрэхі альбо дробныя парушэнні, звязаныя з недасканалым веданнем закона ці няўменнем вырашыць спрэчную сітуацыю, амаль што непазбежныя. Галоўнае, каб указаныя парушэнні не паўплывалі на прынцыповы вынік выбараў. Вось і ў бліжэйшыя тры дні акруговыя камісіі будуць разглядаць скаргі, якія паступілі ад назіральнікаў або грамадзян.
У ходзе гэтай кампаніі паступіла адна скарга ў аблвыканкам, праверка якой выявіла амаль што кур'ёз. Выбаршчыкі аднаго з СВК у тэлефоннай размове паведамілі, што кіраўнік іх гаспадаркі пагражае затрымаць зарплату тым працаўнікам, якія не прагаласуюць датэрмінова. Выехалі на месца. Аказалася, што шантаж быў, толькі з другога боку. Дырэктар СВК патлумачыў, што работніцы патрабавалі выплаціць зарплату загадзя, інакш гразіліся не пайсці на выбары... Аляксандр Каляда заўважыў, што для людзей характэрна выкарыстоўваць любую сітуацыю ў сваіх інтарэсах. І ўрэшце нават гэты інцыдэнт пайшоў на карысць выбарам, бо прыцягнуў да кампаніі дадатковую ўвагу.
Самую высокую яўку грамадзян ужо не першы раз дэманструе Баранавіцкая сельская выбарчая акруга, там прыйшло на выбары амаль 90% грамадзян. Найменш ахвотных выканаць грамадзянскі абавязак таксама традыцыйна аказалася ў абласным цэнтры: крыху больш за 60%. У пяці акругах выбары былі безальтэрнатыўныя. Найбольшая інтрыга склалася ў Столінскай акрузе, дзе на кандыдацкае месца прэтэндавалі чатыры кандыдаты. Набраў больш за палову галасоў і стаў дэпутатам Аляксандр Ярашэвіч, начальнік Столінскай ДСПМК-32. А 29,9% жыхароў горада і раёна прагаласавалі за Валерыя Шпакевіча, нейрахірурга з Мінска, ураджэнца гэтай мясцовасці.
Святлана ЯСКЕВІЧ.