Акадэмічная навука ў палявых умовах
Што ўбачыла група журналістаў рэспубліканскіх выданняў, якая наведала РУП "Шыпяны-АСК"
Там журналісты знаёміліся з практыкай размнажэння сартоў элітнага насення збожжавых культур. Адсюль, са Смалявіцкага раёна, іх суперэліта распаўсюджваецца па ўсёй краіне. Зараз ідзе рэалізацыя насеннага матэрыялу пад будучы ўраджай.
"Шыпяны-АСК" — не зусім звычайная гаспадарка ў многіх адносінах. Тут не спяшаюцца з уборкай ураджаю — у тым сэнсе, што тут не імкнуцца хутчэй адрапартаваць аб убраных гектарах і намалочаных цэнтнерах, а збіраюць збожжавыя ў лепшыя тэрміны і ў спрыяльнае надвор'е. І, між іншым, дасягаюць выдатных вынікаў. Сёлета ўраджайнасць збожжавых склала 62 цэнтнеры з гектара — больш, чым летась, аж на 20 цэнтнераў. Гэта эксперыментальная гаспадарка, якая належыць Нацыянальнай акадэміі навук, а калі быць больш дакладным, то яна, гаспадарка, з'яўляецца даччыным прадпрыемствам Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па земляробстве. На яго палетках вучоныя цэнтра сумяшчаюць навуку з вытворчасцю. І працэс гэты перманентны. Дарэчы, гатунак збожжа звычайна жыве ў сярэднім 4-5 гадоў, далей ён паступова страчвае свае вартасці і яго ўраджайнасць рэзка зніжаецца. Таму навукоўцы цэнтра пастаянна вядуць работу па вывядзенні новых сартоў, апрабуюць іх у "Шыпянах-АСК".
Важным пунктам нашай паездкі было наведванне насеннеачышчальнага завода, які адносна нядаўна быў уведзены ў эксплуатацыю. Падчас уборкі і пэўны час пасля яе завяршэння завод працуе круглыя суткі. У гадзіну апрацоўваецца 20 тон збожжа. Гэта сучаснае інавацыйнае прадпрыемства ў поўным сэнсе слова і пакуль першае такога тыпу ў Беларусі. Ставіцца задача зрабіць яго тыпавым для іншых рэгіёнаў краіны ў тых гаспадарках, якія займаюцца размнажэннем сартоў элітнага насення.
— На заводзе па дацкай тэхналогіі апрацоўваецца пасяўны матэрыял, які паступова даводзіцца да высокага класа. На выхадзе мы атрымліваем кандыцыйнае збожжа: зярняткі аднолькавыя па даўжыні, таўшчыні, удзельнай вазе. Яно інкруставанае спецыяльнай абалонкай з утрыманнем мікраэлементаў, біяпрэпаратаў, рэгулятараў росту, пратручанае супраць шкоднікаў і хвароб, — гаворыць дырэктар "Шыпяны-АСК" Віталь Казлоў.
Па жаданні заказчыка насенне затарваецца ў папяровыя мяхі вагой ад 5 да 50 кілаграмаў, а то і ў спецыяльную тару да адной тоны. Такое насенне гарантуе вялікія намалоты. Дырэктар упэўнены ў тым, што галоўнай умовай эканамічнага росту айчыннага земляробства перш за ўсё будуць новыя высокаўраджайныя сарты.
Трэба адзначыць, што "Шыпяны-АСК", вобразна кажучы, знаходзяцца ў зоне рызыкоўнага земляробства. Рызыкоўнага ў тым сэнсе, што сельгаспрадпрыемства месціцца ўсяго ў 30 кіламетрах ад Мінска. Са сталіцай звязвае выдатная транспартная інфраструктура, рэгулярна ходзяць аўтобусы, маршруткі. У мясцовай моладзі вялікая спакуса падацца на заробкі ў сталіцу. Але, як лічыць дырэктар Віталь Казлоў, пры аднолькавай ці амаль аднолькавай зарплаце з Мінскам мясцовыя хлопцы і дзяўчаты выбіраюць родныя мясціны. Кожны дзень туды-сюды ў сталіцу не наездзішся. Сярэдняя зарплата ў гаспадарцы ўшчыльную наблізілася да трох мільёнаў. Ёсць рэзервы для росту.
Таксама адзін з галоўных стымулаў застацца працаваць у "Шыпяны-АСК" — рэальная магчымасць маладой сям'і прыкладна на працягу пяці гадоў атрымаць жыллё ў новым пасёлку, які ўзводзіцца ў гаспадарцы. Новыя камфартабельныя дамы катэджнага тыпу з газам, ацяпленнем і каналізацыяй выдзяляюцца ў якасці службовага жылля, але пры жаданні дом потым можна выкупіць. Для больш-менш поўнага вырашэння жыллёвага пытання трэба ўзвесці яшчэ 20 дамоў. Цяжкая задача, але яна па сілах гаспадарцы з эфектыўнай эканомікай. Невыпадкова сюды імкнецца ўладкавацца на работу моладзь. Сярэдні ўзрост, напрыклад, галоўных спецыялістаў гаспадаркі — да 35 гадоў.
Фінансавая стабільнасць, наяўнасць маладых кадраў, забяспечанасць травамі стала адной з прычын, па якіх кіраўніцтва "Шыпяны-АСК" узялося за будаўніцтва новай сучаснай малочнатаварнай фермы. Яе першую чаргу здадуць напрыканцы года. Другую — у наступным. Гэта будзе значны жывёлагадоўчы комплекс на дзве тысячы галоў. Абслугоўваць іх будзе невялікі персанал (20-25 чалавек), бо ўсе працэсы догляду і дойкі жывёлы будуць аўтаматызаваныя. Гэта будоўля не танная, але кіраўніцтва прадпрыемства загадзя пралічыла, што шматмільярдныя выдаткі акупяцца прыкладна на працягу пяці гадоў. Толькі сёлета ў гаспадарцы па выніках года чакаецца выручка 55-60 мільярдаў рублёў. Калектыў гаспадаркі параўнальна невялікі — 220 чалавек. Такім чынам, выручка на аднаго работніка складзе прыкладна 270 мільёнаў рублёў.
Задаю дырэктару пытанне: навошта вам, прадпрыемству, так бы мовіць, з навукова-земляробчым профілем суперсучасная малочная ферма? Аказваецца, атрымліваць элітнае насенне, павышаць ураджайнасць збожжавых без арганікі немагчыма. Акрамя гэтага, у гаспадарцы выдатная кармавая база — вырошчваюцца шматгадовыя травы. Бо, згодна з элементарнымі патрабаваннямі аграрнай навукі, сеяць збожжа па збожжу нельга. Пажадана шматгадовыя травы. Таму сёлета насенны фонд заклалі выключна якасным насеннем канюшыны і люцэрны, якія і пойдуць на корм жывёле новай фермы.
Леанід Лахманенка.
Фота Андрэя Максімава.
Смалявіцкі раён