Прадстаўнікі партый, якія знялі кандыдатаў, пазбаўлены мандатаў ЦВК
Учора на пасяджэнні ЦВК пытанне аб страце Ігарам Ляльковым (БНФ) і Віктарам Карнеенкам (АГП) паўнамоцтваў члена Цэнтральнай выбарчай камісіі з правам дарадчага голасу пры правядзенні выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пятага склікання было адным з першых на парадку дня. Аднак да галасавання па ім усе прысутныя паспелі пачуць некалькі палітычных заяў і спрэчак. І нават сталі сведкамі аднаго дэмаршу.
Ігар Лялькоў адразу ж прапанаваў змяніць парадак дня, выключыўшы з яго разгляд свайго звароту ад 5 верасня аб уключэнні ў Савет па СМІ незалежных журналістаў, паколькі заява страціла сваю актуальнасць — перыяд агітацыі скончаны і распачата папярэдняе галасаванне.
"Мы, калі прымалі гэту заяву, казалі, што разглядзім яе на пасяджэнні назіральнага савета і вынесем на бліжэйшае пасяджэнне ЦВК, — патлумачыла сітуацыю з надта познім разглядам заявы Лялькова старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына. — Што і выканалі. Сённяшняе пасяджэнне ЦВК — бліжэйшае. Так склаўся графік працы ЦВК: мы не можам дзеля адной заявы збірацца, бо 4 члены з 12 прыязджаюць з розных рэгіёнаў. Калі б мы былі прафесійным органам, а не грамадскім, тады магчыма было б разгледзець яе і раней".
Адразу ж пасля змены парадку дня сябар партыі БНФ зачытаў заяву аб спыненні сваіх паўнамоцтваў у Цэнтральнай камісіі з правам дарадчага голасу, патлумачыўшы гэта тым, што "ў краіне існуюць вязні сумлення, а ў працэдуры выбараў няма дастатковых захадаў для выключэння фальсіфікацый". На гэта Лідзія Ярмошына заўважыла, што пазбаўленне мандату ў выпадку, калі партыя здымае ўсіх сваіх кандыдатаў, прадугледжана заканадаўствам. Пазней яна заяву спадара Лялькова назвала палітычным дэмаршам, у якім не было неабходнасці: "У дачыненні дваіх гэта называецца: "я кіну цябе, пакуль ты мяне не кінуў".
Аднак вакол фігуры Віктара Карнеенкі, прадстаўніка Аб'яднанай грамадзянскай партыі, якая таксама зняла ўсіх сваіх кандыдатаў, разгарнулася спрэчка. Член ЦВК з правам дарадчага голасу ад партыі левых "Справядлівы свет" Сяргей Калякін запярэчыў старшыні, указваючы, што адпаведны артыкул закона не забараняе Віктару Карнеенку заставацца членам ЦВК. Тым не менш большасць прагаласавала за пазбаўленне Карнеенкі мандата.
"Калі звярнуцца да першакрыніц, то членства ў Цэнтральнай выбарчай камісіі з правам дарадчага голасу даецца прадстаўніку палітычнай партыі, якая вылучыла сваіх кандыдатаў і ўдзельнічае ў выбарах. Сёння мы маем афіцыйныя дакументы АГП пра зняцце ўсіх сваіх кандыдатаў з выбараў, адпаведна і падставы для працягвання паўнамоцтваў Карнеенкі вычарпаныя", — запэўніў удзельнікаў пасяджэння сакратар ЦВК Мікалай Лазавік.
Другім спрэчным пытаннем на пасяджэнні стала скарга кандыдата ў дэпутаты Андрэя Юркова ад Горацкай выбарчай акругі №82, якому Акруговая выбарчая камісія вынесла папярэджанне з-за парушэння правіл агітацыі: яго друкаваная прадукцыя не мела усіх, прадугледжаных законам, выхадных звестак. Справа ў тым, што Андрэй Юркоў вырабіў лістоўкі з дапамогай лічбавага друку, які не мае патрэбы ў ліцэнзаванні, аднак кодэксам прапісана абавязковая спасылка на ліцэнзію вытворцы такой прадукцыі. Сяргей Калякін палічыў, што грубага парушэння кандыдат не здзейсніў, аднак з ім не пагадзіліся ні юрысты, ні іншыя члены ЦВК.
Апошняе пытанне было разгледжана без дыскусій, яно тычылася магчымасці прагаласаваць грамадзянам Беларусі, якія пастаянна пражываюць за мяжой, на радзіме. Катэгорыя такіх людзей вельмі нешматлікая, гэта часцей за ўсё прадстаўнікі дыпламатычных місій, якія ў дзень выбараў аказаліся ў Беларусі. Яны змогуць прагаласаваць на выбарчых участках па месцы сваёй часовай рэгістрацыі.
У размове з журналістамі Лідзія Ярмошына была засмучана фактам зняцца з выбараў кандыдатаў ад дзвюх партый:
— Бюлетэні з паметкамі "выбыў", заклееныя інфармацыйныя плакаты, занадта позняе інфармаванне выбарчых камісій — усё гэта не на карысць выбарам, — сказала яна. — Але ўсё гэта не пытанне тэхнікі, пытанне палітыкі. Кепска, калі няма альтэрнатывы, калі акругу прадстаўляе адзін кандыдат. Калі кандыдаты, якія засталіся, не змогуць набраць 50% галасоў выбаршчыкаў, то выбары ў гэтай акрузе не адбудуцца, як не адбыліся б яны, калі б ніхто з 2 кандыдатаў не набраў абсалютнай большасці галасоў.
Па папярэдніх звестках ЦВК, толькі ў Мінску і Віцебскай вобласці няма безальтэрнатыўных акруг.
Разам з тым, старшыня ЦВК выказала надзею, што выбары пройдуць ў добразычлівай абстаноўцы, а выбаршчыкі будуць актыўнымі. Ужо ўвечары 18 верасня з'явяцца першыя звесткі па датэрміновым галасаванні.
Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА.