Мінск турыстычны ў мабільнай версіі

Источник материала:  

Карта сталіцы з усёй неабходнай для турыстаў інфармацыяй у выглядзе праграмы для мабільных прыстасаванняў можа быць створана ў хуткім часе.

Пра гэта паведаміла дырэктар дзяржаўнай установы "Інфармацыйна-турыстычны цэнтр "Мінск" Алена Пліс падчас прэс-канферэнцыі ў Мінгарвыканкаме.

— Зараз на сайце нашай установы размешчана карта горада, на якую будзе накладзена інфармацыя з папяровага кішэннага турыстычнага даведніка, што ўжо выпушчаны тыражом у 2 тысячы асобнікаў і вельмі папулярны сярод турыстаў, якія наведваюць сталіцу. У выглядзе мабільнай версіі — пакуль толькі звесткі пра 10 выдатнасцяў Мінска. Але калі гэта будзе цікава і запатрабавана, магчыма, мы будзем працаваць над стварэннем больш поўнай праграмы для мабільных прыстасаванняў, якая будзе змяшчаць турыстычную інфармацыю пра горад, — зазначыла выступоўца.

Таксама для прыцягнення ўвагі да сталіцы інвестараў і турыстаў вядзецца праца па стварэнні брэнда Мінска. Першыя вынікі ў гэтым кірунку — даследаванні аб тым, як мінчане ўспрымаюць свой горад і што думаюць пра Мінск замежнікі — плануецца атрымаць ужо ў канцы верасня. Гарадскія ўлады выдзелілі на стварэнне брэнда сталіцы 300 мільёнаў рублёў. Да таго ж шматлікія камерцыйныя кампаніі пажадалі выступіць спонсарамі праекта.

Як адзначыла Алена Пліс, 85% гасцей, што наведваюць сталіцу, з'яўляюцца рускамоўнымі, а самыя запатрабаваныя віды турызму ў Мінску на сённяшні дзень — дзелавы і падзейны.

Ганна ГАРУСТОВІЧ.

←Вылучаць кандыдатаў у дэпутаты будуць і рэспубліканскія грамадскія аб'яднанні?

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика