Вылучаць кандыдатаў у дэпутаты будуць і рэспубліканскія грамадскія аб'яднанні?
Трэба пашырыць кола тых, хто можа вылучаць кандыдатаў у дэпутаты. Такое меркаванне выказала старшыня Цэнтрвыбаркама Беларусі Лідзія Ярмошына.
"Час паказвае, што збіраць подпісы становіцца ўсё больш складана. Выбаршчыкі не хочуць удзельнічаць у зборы подпісаў і, што з'яўляецца аб'ектыўнай рэальнасцю, не хочуць нікога пускаць у свае кватэры, — адзначыла кіраўнік ЦВК. — Таму нам трэба разгледзець пытанне аб магчымасці ўдзелу ў выбарах рэспубліканскіх грамадскіх аб'яднанняў, няхай нават вельмі буйных. А то ў нас даходзіць да таго, што з'езд АГП колькасцю 22 чалавекі вылучае 52 кандыдаты, а прафсаюзы, якія налічваюць дзясяткі тысяч, не могуць гэтага зрабіць".
Акрамя таго, старшыня Цэнтрвыбаркама прапанавала зняць пэўныя абмежаванні па фондах, адышоўшы ад нормы, згодна з якой кандыдат можа пералічыць у свой фонд не больш за 20 базавых велічынь. Паводле яе слоў, трэба даць магчымасць чалавеку, у якога ёсць грошы, пералічыць сабе любую суму. Такая мера дапаможа пазбегнуць хітрасцяў, якімі іншым разам карыстаюцца кандыдаты. "Я лічу, што трэба пераходзіць да больш сумленных, строгіх і канкрэтных норм", — рэзюмавала Лідзія Ярмошына.
БЕЛТА.