Беларускі факультэт адкрыўся ў Таджыкскім універсітэце

Источник материала:  

Пра гэта паведаміў на прэс-канферэнцыі Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Рэспублікі Таджыкістан у Рэспубліцы Беларусь Казідаўлат Каімдодаў. Сустрэча з журналістамі была прысвечана Нацыянальнаму святу Таджыкістана — Дню Незалежнасці.

Пасол пачаў з аналізу самых значных падзей за апошні год у адносінах паміж Беларуссю і Таджыкістанам і іх уплыву на развіццё цяперашняга супрацоўніцтва дзяржаў. Галоўнай падзеяй Каімдодаў назваў візіт Прэзідэнта Беларусі ў Таджыкістан у кастрычніку мінулага года. Тады, нагадаў пасол, Аляксандр Лукашэнка і прэзідэнт Эмамалі Рахмон падпісалі ў Душанбэ пагадненне паміж дзвюма краінамі аб доўгатэрміновым гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве, таксама былі падпісаны міждзяржаўная праграма доўгатэрміновага супрацоўніцтва на 2011—2020 г.г., міжурадавае пагадненне аб працоўнай дзейнасці грамадзян Беларусі ў Таджыкістане і грамадзян Таджыкістана ў Беларусі, дагавор аб супрацоўніцтве паміж Мінэканомікі Беларусі і Міністэрствам эканамічнага развіцця і гандлю Таджыкістана, а таксама паміж галіновымі ведамствамі дзвюх краін.

Візіт меў вялікі рэзананс у рэгіёне і станоўчы ўплыў на развіццё гандлёва-эканамічных адносін паміж Беларуссю і Таджыкістанам, адзначыў Казідаўлат Каімдодаў. Ужо, па словах пасла, падрыхтаваны ўсе дакументы па стварэнні на поўдні краіны зборачнай вытворчасці беларускіх трактароў. Пасля яе запуску ў Таджыкістане будзе вырабляцца штогод каля 250 трактароў. Гэту лічбу да 2017 года мяркуецца давесці да паўтары тысячы адзінак і частку тэхнікі пастаўляць у суседнія краіны.

Мае станоўчую тэндэнцыю і міжрэгіянальнае супрацоўніцтва паміж абласцямі, свабоднымі эканамічнымі зонамі дзвюх краін, а таксама ў сферах навукі, аховы здароўя, культуры і адукацыі. Дарэчы, днямі міністр адукацыі Беларусі Сяргей Маскевіч, паведаміў пасол, удзельнічаў у адкрыцці факультэта Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта (БНТУ) у Таджыкскім тэхнічным універсітэце. Гэта вынік выканання даручэння прэзідэнтаў дзвюх краін. У Таджыкістане ўжо працуюць беларускія навукоўцы, якія дапамагаюць арганізаваць вучэбны працэс.

Расце ўзаемны гандаль, сказаў пасол. Аснову экспарту Беларусі ў Таджыкістан складаюць трактары, тэкстыльныя вырабы, электраабсталяванне, прадукцыя дрэваапрацоўкі, мэбля, лекавыя сродкі. Таджыкістан пастаўляе ў Беларусь алюміній, бавоўну, сухафрукты і іншыя тавары. Таджыкістан зацікаўлены ў развіцці ўзаемавыгадных адносін з Беларуссю ў розных сферах, адзначыў пасол. Сярод прыярытэтных напрамкаў супрацоўніцтва і аграпрамысловы комплекс, машынабудаванне, харчовая і лёгкая прамысловасць. Перспектыўнымі з'яўляюцца пастаўкі беларускай кар'ернай, сельскагаспадарчай і дарожна-будаўнічай тэхнікі.

Леанід Тугарын.

←Вылучаць кандыдатаў у дэпутаты будуць і рэспубліканскія грамадскія аб'яднанні?

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика