Стаў студэнтам — падпішы дагавор!
Сёлета дагаворы на навучанне будуць заключацца са студэнтамі ВНУ як платнай, так і бюджэтнай формы навучання. Адпаведная норма занатавана ў Кодэксе "Аб адукацыі".
У дагаворах будуць прапісаны правы і абавязкі як установы адукацыі, што прадастаўляе адукацыйныя паслугі, так і студэнта, які іх атрымлівае, а таксама прадпрыемства, на якім будзе працаваць студэнт пасля заканчэння ВНУ. Такія дагаворы будуць устанаўліваць усе ўзаемаадносіны паміж суб'ектамі адукацыйнага працэсу.
Адзінае адрозненне — у дагаворах студэнтаў платнай формы навучання будуць прапісаны таксама фінансавыя нюансы атрымання адукацыі. У Міністэрстве адукацыі абяцаюць, што "цэннікі" на навучанне на наступны навучальны год стануць вядомыя яшчэ да заключэння дагавораў з першакурснікамі, каб кожны мог узважыць свае эканамічныя магчымасці.
Як вядома, згодна з заканадаўствам, ВНУ і сярэднім спецыяльным навучальным установам дадзена права самастойна павялічваць аплату па ўсіх формах навучання з улікам эканамічна абгрунтаваных выдаткаў. Трэба дадаць, што ўзровень аплаты ў канкрэтнай ВНУ можа залежаць ад спецыяльнасці, якую атрымлівае студэнт, кваліфікацыі, стажу работы прафесарска-выкладчыцкага складу і іншых педработнікаў, а таксама стану матэрыяльна-тэхнічнай базы. Варта нагадаць, што яшчэ ў пачатку года прагучала прапанова павышаць кошт навучання на звышзапатрабаваных моладдзю спецыяльнасцях, дзе назіраецца перавытворчасць кадраў, да такога ўзроўню, каб зрабіць платную падрыхтоўку спецыялістаў рэнтабельнай.
Надзея НІКАЛАЕВА.