ФАКТЫ, ПАДЗЕІ, НАВІНЫ

Источник материала:  
Новы рэкорд па продажы акцый Мінскага завода пеністых він: 24,5 тысячы за адзін дзень

За адзін дзень 12 чэрвеня прададзена больш за 10% ад прапанаваных да размяшчэння акцый ААТ "Мінскі завод пеністых він", што з'яўляецца новым рэкордам — пра гэта паведамілі ў "Агенцтве дзелавых сувязяў". На двух простых аўкцыёнах была заключана 41 здзелка на суму 4,2 мільярда беларускіх рублёў — такім чынам за 12 чэрвеня было рэалізавана 24 тыс. 497 акцый прадпрыемства. Папярэдні максімум быў зафіксаваны 6 чэрвеня — у той дзень было прададзена 13 тыс. 986 акцый. Усяго ж з пачатку продажу акцый (з 2 мая 2012 года) на біржы было рэалізавана 64 тыс. 377 акцый на суму звыш 11 млрд рублёў. Такім чынам атрымліваецца, што 26,82% ад запланаваных да размяшчэння акцый ужо прададзена. Для тых, хто збіраўся набыць акцыі Мінскага завода пеністых він, але яшчэ не зрабіў гэтага, нагадваем, што апошні дзень заключэння здзелак на Беларускай валютна-фондавай біржы — 15 чэрвеня 2012 года. Аднак арганізатары рэкамендуюць аформіць і аплаціць заяўкі да канца працоўнага дня 14 чэрвеня.

Павел БЕРАСНЕЎ.

Выбух у цэху мінскага прыватнага прадпрыемства

Кастрычніцкім раённым аддзелам Следчага камітэта (г. Мінска) праводзіцца праверка абставін здарэння, якое адбылося 12 чэрвеня каля 17.00 у рамонтна-механічным цэху аднаго з прыватных унітарных прадпрыемстваў. Пра гэта паведаміў афіцыйны прадстаўнік упраўлення Следчага камітэта па Мінску Аляксандр Герасімаў. У выніку выбуху газу, які сабраўся ў рамонтным памяшканні пасля дэмантажу газавага аўтамабільнага абсталявання, двое мінчан атрымалі цялесныя пашкоджанні і былі шпіталізаваны ў апёкавае аддзяленне БХМД. Адзін з іх, 1978 года нараджэння, з апёкамі 45% паверхні цела знаходзіцца ў рэанімацыі, у непрытомнасці, падключаны да апарата штучнай вентыляцыі лёгкіх. Яго малодшы брат пацярпеў менш: тэрмічныя апёкі галавы і кісцей рук — пашкоджана каля 6% паверхні цела. Высветлена, што дырэктар аднаго са сталічных ТАА, які арандаваў некалькі памяшканняў у ПУП на тэрыторыі, дзе адбылося НЗ, папрасіў свайго работніка-кладаўшчыка, які быццам бы меў вопыт такой працы, правесці дэмантаж газавага абсталявання з нядаўна набытага аўтамабіля "Фальксваген Пасат" 2009 года выпуску. Мужчына пагадзіўся, усю працу праводзіў сам, без памочнікаў і сведак, у закрытым рамонтным блоку. Калі яго брат падышоў да памяшкання, каб нагадаць пра хуткае заканчэнне працоўнага часу і неабходнасці адпраўляцца дамоў, то пры адкрыцці дзвярэй бокса адбыўся выбух. Узгарання памяшканняў удалося не дапусціць з дапамогай вогнетушыцеляў, прычым з асноўным ачагом агню справіўся найбольш пацярпелы кладаўшчык, які яшчэ знаходзіўся ў прытомнасці. Выбухам абрушана частка сцяны, якая падзяляла рамонтны цэх і складское памяшканне. Аўтамабіль атрымаў нязначныя пашкоджанні. "Прызначаны адпаведныя экспертызы. Разглядаюцца ўсе магчымыя версіі і прычыны здарэння. У ходзе праверкі будзе дадзена прававая ацэнка дзеянням усіх удзельнікаў здарэння і службовых асоб", — сказаў Аляксандр Герасімаў.

Кар. БЕЛТА.

Асуджаны за незаконнае прадастаўленне ўчастка сыну

Былога намесніка старшыні Смалявіцкага райвыканкама пасадзілі на 4,5 года. Мінскі абласны суд прызнаў яго вінаватым у халатнасці і злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі. Два гады таму Аляксандр Грамыка — намеснік старшыні райвыканкама і старшыня камісіі па жыллёвых пытаннях па сумяшчальніцтве — незаконна напісаў заяву ад імя свайго сына аб выдзяленні зямельнага ўчастка для будаўніцтва дома. "Неўзабаве зямля ў Смалявічах, кадастравым коштам Br31,4 млн, была прадастаўлена сыну Грамыкі, як чалавеку, які мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, у пажыццёвае валоданне, — распавёў пракурор аддзела па барацьбе з карупцыяй і арганізаванай злачыннасцю пракуратуры Мінскай вобласці Уладзімір НЕПАКУПНЫ. — Але насамрэч права на бясплатнае атрыманне ўчастка на той момант малады чалавек ужо не меў, бо напярэдадні набыў кватэру. Акрамя пазбаўлення волі, былы чыноўнік пазбаўлены права займаць пасады, звязаныя з выкананнем функцый прадстаўніка ўлады тэрмінам на 5 гадоў".

Надзея ДРЫЛА.

Піць трэба менш!

Аршанскім гарадскім аддзелам следчага камітэта заведзена крымінальная справа па факце крадзяжу 500 долараў ЗША і 2,7 тысячы расійскіх рублёў у пасажыра цягніка Масква — Гомель. Непрацуючы жыхар Магілёва 1986 года нараджэння ехаў ноччу ў плацкартным вагоне ў названым цягніку. Калі спаў, з кішэні скралі валюту. Як высветлілася, мужчына заснуў у стане моцнага алкагольнага ап'янення. Таму ён нават не ўспомніў, з кім ужываў спіртное і што з ім наогул адбывалася ў вагоне. Іронія лёсу?

Аляксандр ПУКШАНСКІ.

Кляшчы нападаюць

Сёлета ўкусы кляшчоў на Брэстчыне сталі фіксаваць, пачынаючы з ранняй вясны. А ў маі абласны цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя паведаміў пра першыя выпадкі захворвання клешчавым энцэфалітам і лайм-барэліёзам. Ахвярамі інфіцыяваных насякомых сталі жыхары Бярозаўскага раёна. Сёлета колькасць людзей, якія звяртаюцца ў медустановы з укусамі кляшчоў, павялічылася ў 1,3 раза. Спецыялісты выявілі зоны, дзе найбольш верагодна атрымаць хваробу ад укусу кляшча. Гэта Белавежская і Ружанская пушчы, ваколіцы Броннай Гары Бярозаўскага раёна, Косаўская зона Івацэвіцкага раёна, Маларыцкі раён на мяжы з Украінай. У некаторых месцах названых зон колькасць інфіцыяваных насякомых дасягае 50% — знаходзячыся там, абавязкова трэба захоўваць усе меры перасцярогі: адзенне з доўгімі рукавамі, штаны, запраўленыя ў абутак, галаўны ўбор. Медыкі раяць улічваць, што клешч доўга шукае месца ўкусу, паўзе заўсёды ўгору. Таму важна падчас прагулак як мага часцей аглядаць сябе і адно аднаго.

Яна СВЕТАВА.

←В поход за золотым руном

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика