У Чавусах падвялі вынікі барацьбы з брыдкаслоўем

Источник материала:  
15.02.2012 14:33 — Новости Общества

У Чавусах падвялі вынікі барацьбы з брыдкаслоўем


У сельскім раёне на "круглым стале" падвялі вынікі месячніка па барацьбе з нецэнзурнай лаянкай.

Цэлы месяц, ад 9 студзеня да 9 лютага, у Чавускім раёне праходзілі самыя розныя мерапрыемствы, прысвечаныя культуры мовы. З такой ініцыятывай выступілі праваслаўныя вернікі, іх падтрымалі мясцовыя ўлады, ідэолагі, грамадскія актывісты.

— Самы галоўны вынік, паводле агульнага абмеркавання, што акцыя супраць брыдкаслоўя адбылася, — расказаў прыхаджанін і памочнік настаяцеля Свята-Узнясенскай царквы ў Чавусах Валерый Гаўрыш. — Песімістаў не знайшлося: у нас цяпер ёсць досвед, і гэтая праца набудзе свой працяг.

Напрыклад, на моладзевых дыскатэках дзяўчатам і хлопцам прапаноўвалі запоўніць спецыяльныя анкеты. Маладыя людзі не вельмі радаваліся, што перарываюць музыку і танцы, але іх пераконвалі адарвацца ад забаў на некалькі хвілін і адказаць на пытанні пра брыдкаслоўе. Цікава, што яны лічаць грашовыя штрафы лепшым сродкам барацьбы з нецэнзурнай лаянкай, а таксама просяць "перанесці" акцыю і на сваіх бацькоў.

— Вірус брыдкаслоўя жывучы і, відаць, добра замацаваўся ў сем'ях, — зрабілі выснову арганізатары акцыі.

Бібліятэчныя работнікі распрацавалі брашуру, дзе расказалі пра лаянку — ад гісторыі яе ўзнікнення да нашых дзён, уключаючы адміністрацыйныя пакаранні за ўжыванне нецэнзурнай мовы ў грамадскіх месцах.

Падчас спаборніцтваў па міні-футболе арганізацыя БРСМ правяла флэш-моб. З-за халоднага надвор'я давялося перанесці акцыю ў закрытае памяшканне, але і там яна мела рэзананс. На аркушах паперы ўдзельнікі напісалі словы з моладзевага вулічнага жаргону і прапанавалі дапісаць да іх нармальныя, агульнапрынятыя, літаратурныя варыянты.

Настаяцель Свята-Узнясенскай царквы айцец Міхаіл сустрэўся з вучнямі некалькіх школ і пабываў на бацькоўскім сходзе. Святар і вернікі спадзяюцца, што іх будуць часцей запрашаць у навучальныя ўстановы для гутарак пра шкоду брыдкаслоўя. Школьнікі, дарэчы, зрабілі свой уклад у агульную справу і падрыхтавалі выставу малюнкаў на тэму барацьбы са "злой мовай". Аўтараў лепшых малюнкаў улады паабяцалі заахвоціць.

Выніковы "круглы стол" вёў намеснік старшыні Чавускага райвыканкама Анатоль Вінкевіч. Ён лічыць, што тэму культурнай гутаркі, без нецэнзурных слоў, можна абмеркаваць падчас дзён інфармавання ў раёне.

Увогуле месячнік прызнаны паспяховым, таму вырашана працу па выкараненні нецэнзурнай лаянкі са штодзённага жыцця людзей працягваць. А раз на паўгода збірацца на "круглыя сталы" для падвядзення вынікаў. Плануецца, што акцыя далей павінна рушыць у працоўныя калектывы. Аднак гэта азначае не толькі вывешванне адпаведных лозунгаў на прадпрыемствах і ў арганізацыях, але і жывыя гутаркі з работнікамі.

— На наступны "круглы стол" запросім кіраўнікоў прадпрыемстваў, — паабяцала галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай працы Чавускага райвыканкама Святлана Таранава. — Пад ляжачы камень вада не цячэ, таму трэба працаваць. Гэта толькі здаецца, што ў адказ на гутаркі супраць брыдкаслоўя работнікі будуць толькі смяяцца. Не, яны прыслухоўваюцца. І я ведаю, што ў некаторых месцах падхапілі нашу ідэю: нецэнзурнае слова — "грошык" (у нас гэта была 1 тысяча рублёў) у агульную казну на добрую справу. Так што цяжкі толькі пачатак.

Ёсць звесткі, што і ў іншых раёнах хочуць пераняць чавускую ініцыятыву па барацьбе з брыдкаслоўем. У прыватнасці, адна вялікая навучальная ўстанова вывучае магчымасць аб'явіць сваю тэрыторыю вольнай ад нецэнзурнай лаянкі. 
←Фотафакт: невядомыя размалявалі сьцены штаб-кватэры Партыі БНФ

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика